Рэнесанс праз сучаснасць “на поўны голас”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

12 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры адбылася прэм’ера новай харэаграфічнай праграмы “Класіка і сучаснасць” — ужо трэцяй, падрыхтаванай Наталляй Фурман акурат за год, як яна была прызначана галоўным балетмайстрам тэатра.

 /i/content/pi/cult/181/1841/Renesans.jpg

Гэта не значыць, што абсалютна ўсе нумары былі пастаўлены выключна да гэтага вечара. Але з’яўленне падобных канцэртных праграм нельга не вітаць, бо яны даюць цудоўную магчымасць для творчага самавыяўлення танцоўшчыкаў, а публіцы— шанц адкрыцця новых імёнаў ці прыемна-нечаканых акцёрскіх метамарфоз улюбёных салістаў. Да таго ж, “сінтэз” класікі і навізны — гарант падтрымкі прафесійнай формы, а таксама пашырэння выканальніцкага пазакласiчнага “тэзаўруса” артыстаў.
У першым аддзяленні быў паказаны балет-фантазія Н.Фурман “Баль
кветак” (пра гэты спектакль і яго пастаноўчую перадгісторыю гл. “К” № 4 за 2005 г. і № 15 за 2008 г.). Другое аддзяленне ўяўляла сабой “парад” харэаграфічных нумароў, стылёва-пластычны дыяпазон якіх ахопліваў прастору ад класікі да сучаснасці. Гледачы маглі ўбачыць і характарны “Цыганскі танец” з балета “Дон Кіхот” у тэмпераментным выкананні Антаніны Максімовіч, і класічнае Адажыо з “Лебядзінага возера” (Кацярына Фадзеева і Сяргей Глух), і мініяцюру самой Н.Фурман “Афелія” — экспрэсіўны маналог шэкспіраўскай гераіні (Рына Івакіры).
А якім артыстычна бліскучым стаўся дуэт Маі Янсан і Дзяніса Дадзішкіліяні ў “Хабанеры”! Выканаўцы з віртуознай лёгкасцю балансавалі на тонкай
мяжы паміж жарсцю і “гульнёй у жарсць”, сапраўдным пачуццём і ягонай жартаўлівай імітацыяй. Упэўненасцю танцавальнай манеры, высокімі скокамі і мяккім прызямленнем запомніўся абаяльны Рыгор Крукоўскі (Базыль) у Гран-па з “Дон-Кіхота” (згаданая партыя, між іншым, — дэбют у рэпертуары танцоўшчыка).
Ды ўсё ж асаблівую ўвагу прыцягвалі сучасныя нумары. Напрыканцы кожнага з іх так і хацелася ўсхапіцца са
свайго месца ды апантана пляскаць у далоні — хаця б ужо факту з’яўлення падобных твораў у рэпертуары! Дакладней, не з’яўлення, а — вяртання, бо балетная трупа Музычнага тэатра колькі гадоў была адметнай не толькі з акадэмічнага, але і з эксперыментальна-мадэрновага боку. Прэм’ерныя паказы пастановак Раду Паклітару, Вольгі Рэпінай і самой Фурман, тагачасных выпускнікоў балетмайстарскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што рэгулярна практыкаваліся ў тэатры, — таму яскравае сведчанне. Чаму б не ўзнавіць гэткую плённую традыцыю і не папоўніць рэпертуарную афішу Вечарам сучаснай харэаграфіі? Тым больш, што Н.Фурман ёсць што паказаць — як з уласных задум (згадаю “нерэалізаваныя” балетныя партытуры Вячаслава Кузняцова “Суламіф” і “Дон Жуан”, створаныя на лібрэта Фурман), так і з работ іншых балетмайстраў (таго ж Паклітару, нумары якога добра памятаюць артысты, бо яны ствараліся менавіта на іх). Сярод аўтарскіх кампазіцый Наталлі, прадэманстраваных на канцэрце, адзначу “Рамэа і Джульету” — паэтычна-драматычную замалёўку, дуэт-фантазію паводле архетыпнай гісторыі кахання ў выкананні А.Максімовіч і С.Глуха. Здольнасць ператвараць літаратурна-мастацкія асацыяцыі ў пластычныя, імкненне раскрыць вобраз чалавека ў “спазматычных сітуацыях” на мяжы жыцця і смерці заўсёды былі ўласцівы творчаму мысленню Н.Фурман. Дастаткова назваць такія мініяцюры, як “Марыя Сцюарт”, “Афелія”, “Інфанта”, спектакль “Макбет”, што ўжо не адзін сезон у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета.
Апошнія харэаграфічныя прэм’еры ў Музычным тэатры засведчылі, што ягоная балетная трупа, на шчасце, выйшла з крытычнай сітуацыі “паветранай ямы”, у якой апынулася пасля сыходу Ніны Дзячэнка з пасады галоўнага балетмайстра. Але якім усё ж такі будзе працэс далейшай “самаідэнтыфікацыі” калектыву? Ці знойдуць у ім падтрымку крэатыўныя памкненні Н.Фурман? Хочацца быць аптымістам і верыць у рэнесанс, у якім побач з класікай паўнату “голасу” здабудзе і сучасны танец. Мінулае балетнай трупы тэатра, яе цяперашні артыстычны склад і мастацкая палітыка галоўнага балетмайстра даюць для гэтага добрыя падставы.

 

Святлана УЛАНОЎСКАЯ
На здымку: Наталля Фурман.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА