З вялікай цікавасцю прачытаў артыкул Марыны Петрашкевіч “Электронная рэальнасць ці рэальная віртуальнасць” (“Культура”, №35, 28.08.2021). Вырашыў падзяліцца сваімі меркаваннямі па акрэсленай праблеме. Прычым праблема бачыцца значна шырэй: не так важна, у якім выглядзе чалавек спажывае духоўную ежу. Горка, што сучаснікі, асабліва моладзь, не чытаюць многія лепшыя ўзоры айчыннай і сусветнай літаратуры. Ёсць людзі, якія абыходзяць кіёскі са свежай прэсай, не наведваюць бібліятэк, не заходзяць у кнігарні… Францішак Скарына казаў: “Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.
Балюча, што шпаркімі тэмпамі падае інтэлектуальная напоўненасць людзей… Чалавек жа з пустымі вачыма, глухім сэрцам і ватнымі мазгамі — усё ж нейкая пародыя на Чалавека.
Добра, што папера і электроніка ў наш час не толькі пасябравалі, але і пачалі актыўна дапаўняць адна адно. Канешне, у транспарце бачым часцей людзей са смартфонамі, аднак ёсць пасажыры і з традыцыйнымі кнігамі, газетамі ў руках. Моладзі ж больш зручна з электроннай чыталкай. Аднак, хто яго ведае, можа, гэта стралялкі, гульні, а не інфармацыйныя парталы з актуальнай палітычнай, эканамічнай, духоўнай інфармацыяй?
Скажу больш: мы амаль што развучыліся хадзіць у тэатры, оперу, філармонію, на выставы, у музеі, затое крочым з дзецьмі ў камп’ютарныя салоны, каб набыць нешта больш мудронае і кручонае — сабе на карысць і іншым на зайздрасць. Аднак ні ў якім разе не трэба забываць, што яшчэ ва ўлонні маці немаўляты слухаюць казкі, якія чытаюць ім таты ды матулі, бабулі ды дзядулі, затым дзеткі праглядаюць малюнкі казачных герояў самі, пазней дзеці ўжо самі чытаюць.
Мы чамусьці забылі, што беларусы атрымалі кнігу з рук Францішка Скарыны 6 жніўня 1517 года першымі сярод усходніх славян. І для нашага народа Кніга — гэта сапраўды нешта асаблівае і святое.
У мяне ёсць любімыя кнігі: яны стаяць асобна на кніжных паліцах. Нават сына назвалі Максімам у гонар майго любімага Аўтара з вялікай літары — Максіма Багдановіча. Традыцыйная кніга валодае і такім феноменам: яна здольная звязаць у адно непарыўнае цэлае аўтара, чытача і таленавіта ўпісаць іх у свае чароўныя старонкі. Гэта неабсяжны ДУХОЎНЫ МОСТ.
Бясспрэчна, разумныя, высокаінтэлектуальныя настаўнікі сёння паспяхова сумяшчаюць у сваёй высакароднай дзейнасці інтэрнэт і традыцыйную кнігу. Яны заўсёды знойдуць магчымасць эфектыўна ўраўнаважыць выкарыстанне гэтых двух рэсурсаў. Добра, што і многія бібліятэкі Беларусі стварылі электронныя кнігасховішчы — так чытачы могуць выбраць зручны для іх варыянт. Больш за тое, ва ўстановах культуры і адукацыі, на прадпрыемствах праводзяцца сустрэчы чытачоў і пісьменнікаў. Такія жывыя творчыя сустрэчы і заклікаюць чытачоў яшчэ больш актыўна падарожнічаць па старонках твораў нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.
Віцебск.