«Крамлёўскія піраты»
А ўся гэтая гісторыя пачыналася так. У 1948 годзе палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло рашэнне “Аб выпуску на экран замежных кінафільмаў з трафейнага фонду”. Частку стужак прадпісвалася паказваць “на закрытым экране” — гэта значыць, не ў кінатэатрах, а ў клубах. Чаму? Бо савецкаму кінапракату было што хаваць: нямала тых карцін было знята ў краінах, якія былі нашымі саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны. Як жа яны маглі быць трафеямі Чырвонай арміі?
То-бок на амерыканскія, англійскія, французскія карціны ніякіх правоў у нас не было. З любога пункту гледжання гэтыя паказы былі зусім незаконнымі. Груба кажучы — адкрыты крадзеж. Нават у самой пастанове Аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б) — знакамітага агітпропа — недвухсэнсоўна было сказана, што ўся гэтая «аперацыя» робіцца дзеля павелічэння збораў ад пракату.
Сталін, як вядома, з асаблівай пільнасцю праглядаў усе карціны, якія выходзілі на экран. Перад паказам “айцу народаў” фільмы шмат разоў працэджвалі, дрыготкімі ад страху рукамі прыбіраючы ўсё, што магло выклікаць яго раздражненне. Падчас сеанса галоўны глядач мог устаць і сысці, не кажучы ні слова. Для стваральнікаў фільма знак не вельмі прыемны. Або спыніць паказ і пачаць абмяркоўваць убачанае з прысутнымі.
Сталіну, да прыкладу, не спадабалася “Маладая гвардыя” Сяргея Герасімава, і рэжысёр атрымаў ад правадыра ладны наганяй. Фільм тэрмінова і сур’ёзна перарабілі. Тыя, хто бачыў першапачатковы варыянт — які, на жаль, не захаваўся, — казалі, што ён быў значна лепшым. Дасталося і Сяргею Эйзенштэйну за яго другую серыю «Івана Жахлівага» — што, на мой погляд, стала адной з прычын заўчаснага сыходу з жыцця знакамітага кінарэжысёра. За “ідэалагічныя і мастацкія пралікі” Сталін даваў дыхту і Пудоўкіну, і Козінцаву, і Траўбергу, і Цісэ, і Даўжэнку — вядучым на той час майстрам савецкай кінематаграфіі.
Што да замежных фільмаў… У Міністэрстве кінематаграфіі існаваў адмысловы аддзел, які забяспечваў кінапраграму для правадыра. Рыхтаваліся самі фільмы, рыхтаваліся перакладчыкі. З фільмаў прыбіралі рознага кшталту чарнуху і ўсякія там непрыстойнасці, глыбока чужародныя савецкаму чалавеку. Сталін не любіў зацягнутых стужак, і таму карціны скарачаліся. Часам адмыслова для галоўнага гледача нават рабілі субцітры.
Міністр кінематаграфіі Іван Бальшакоў прывозіў у Крэмль некалькі фільмаў розных жанраў і чакаў ночы, калі Сталін звычайна глядзеў кіно. Потым спрабаваў адгадаць настрой першага цэнзара краіны і ў адпаведнасці з гэтым прапанаваць тую ці іншую карціну — гістарычную драму, вестэрн, камедыю або музычны фільм. Затым сядаў побач з правадыром, рабіў глыбокі ўдых і пачынаў выразна, без запінак, дубляваць стужку. Дыялогі кінагерояў загадзя перакладаліся для Івана Рыгоравіча на рускую мову, і ён іх запамінаў дзякуючы сваім унікальным здольнасцям.
Асабліва Сталін любіў галівудскую прадукцыю. Зрэшты, як Гітлер і Мусаліні. Можа быць, гэта асаблівасць усіх дыктатараў? Дагнаць і перагнаць Галівуд было пастаяннай ідэяй фікс Іосіфа Вісарыёнавіча. Ён марыў, каб у Саюзе рабілася тое самае і нават лепш, але — з адпаведных ідэалагічных пазіцый. Тэрытарыяльна ў якасці савецкага Галівуду разглядаўся Крым, але перашкодзіла вайна...
І вось у сярэдзіне саракавых Сталіну здалося, што грошы на кіно трацяцца дарэмна: большасць савецкіх карцін не надта цікавыя. Акрамя таго, ён убачыў у многіх стужках неадпаведнасць сваім ідэалагічным устаноўкам. І ў выніку ў верасні 1946 года з’явілася жорсткая пастанова ЦК ВКП(б) аб фільмах “Вялікае жыццё” (2-я серыя), “Іван Жахлівы” (2-я серыя), “Адмірал Нахімаў” і “Простыя людзі”. Пасля гэтага кантроль за кінавытворчасцю быў узмоцнены максімальна. Дбайна выбіралі рэжысёраў і сцэнарыстаў. Маладых у прафесіі амаль не засталося — ім баяліся давяраць.
“Дзяўчына” ратуе зборы
Галоўная ідэя Сталіна была ў тым, што карцін павінна быць мала, але кожная мае стаць шэдэўрам, здатным сабраць вялізную аўдыторыю. На некаторыя стужкі — такія як «Маладая гвардыя», “Падзенне Берліна”, “Слова пра зямлю Сібірскую» — народ сапраўды ішоў натоўпамі. Але іх было няшмат. А бясконцыя паўторы нават лепшых савецкіх фільмаў 1930-х гадоў ды стужак з чародамі ўдарнікаў працы і барацьбітамі з класавым ворагам усім надакучылі. Зборы пракату ўпалі, і гэта цяжка ўдарыла па дзяржаўным і мясцовым бюджэтах. А тавараў у нашых крамах — з камароў нос.
Вось на такім фоне і ўзнікла памкненне запоўніць прарэхі ў пракаце трафейным кіно. Рэакцыю публікі вырашылі праверыць на ўжо згаданай вышэй нямецкай музычнай меладраме Георга Якабі «Дзяўчына маёй мары», галоўную ролю ў якой сыграла жонка рэжысёра Марыка Рок.
Пракатнае пасведчанне гэты фільм атрымлівае 8 красавіка 1946 года. Вядома, стужку падкарацілі: прыбралі доўгі пралог і нібыта непрыстойную сцэну купання гераіні ў бочцы. Дарэчы, нажніцы цэнзуры спазнала і трафейная «Мадам Бавары». Пазней я даведаўся, што з яе выразалі сцэну падглядвання старога за распрананнем гераіні. А “Мяцежны карабель” пазбавіўся ажно 50 хвілін сцэн з напаўголымі таіцянкамі.
Да здзіўлення кінаначальнікаў, карціна «Дзяўчына маёй мары» ў пракаце мела неймаверны поспех. У наступным годзе былі запушчаныя яшчэ два пробныя шары: у савецкім пракаце з’явіліся амерыканскія стужкі “Я беглы катаржнік” (у нас ён называўся “Уцёкі з катаргі”) і “Містар Сміт адпраўляецца ў Вашынгтон” (адпаведна — “Сенатар”). І зноў з вялікім поспехам. Апошнюю карціну, праўда, я не бачыў: яе назва зусім мяне не вабіла.
У 1948 годзе на нашы экраны выйшла не менш за паўсотні замежных фільмаў: амаль у пяць разоў больш, чым годам раней. Вядома, кіраўнікі кіно разумелі, што пускаць іх у пракат незаконна. Але адносіны з ЗША былі ўжо і без гэтага замарожаныя, таму крадзеж фільмаў ніяк не мог іх істотна пагоршыць.
Тым не менш узнікае заканамернае пытанне: як амерыканцы рэагавалі на такія факты пірацтва? Вядома, пратэставалі, пісалі ў замежнай прэсе пра абуральную беззаконнасць рускіх. Ды на іх пратэсты ніхто ўвагі не звяртаў.
Зрэшты, «рускія» імкнуліся асабліва і не злаваць. Амерыканскія фільмы рэдка паказвалі ў буйных кінатэатрах — у асноўным на ўскраінах, у клубах, дамах культуры, на сельскіх перасоўках. Аднак народ нейкімі невядомымі шляхамі адразу даведваўся, дзе і што ідзе, — ды валіў валам.
Здаецца, без настальгіі...
У 12-гадовым узросце я пачаў выключна для сябе весці дзённічак (апошнія яго старонкі пазначаныя 1957-м — годам заканчэння мною сярэдняй школы №7 г. Гродна), куды занатоўваў назвы ўсіх убачаных мною фільмаў ды кароценькія ўражанні ад іх. Большасць трафейных кінастужак я паспеў паглядзець (некаторыя — па некалькі разоў) на сваёй “малой радзіме” — у прыдонскім горадзе Росаш Варонежскай вобласці, дзе нарадзіўся і жыў да 15 гадоў. Быў заўсёднікам адзінага гарадскога кінатэатра «Маяк» на вуліцы Леніна, стараўся не прапускаць і фільмы, якія дэманстраваліся ў двух калгасных клубах і доме культуры на хутары Падгорным.
Як правіла, мы, падлеткі, усімі магчымымі і немагчымымі спосабамі імкнуліся пранікнуць у кіназалу без квітка — пагатоў, на большасць карцін дзяцей да 14 гадоў строгія білецёркі не дапускалі. З клубамі было лягчэй, нягледзячы на фармальныя ўзроставыя абмежаванні: плаці рубель за квіток — і наперад. А вось у кіно…
Мы прыдумлялі розныя хітрыкі. То непрыкметна, сагнуўшыся ў тры пагібелі, “прасочваліся” ў залу міма кантралёра ў натоўпе дарослых. То траплялі туды задоўга да чарговага сеансу і, скурчыўшыся пад крэсламі недзе ў заднім шэрагу, ляжалі ў чаканні наплыву гледачоў. І толькі калі на белым экране з’яўляліся доўгачаканыя цітры “Гэты фільм узяты ў якасці трафея...”, можна было расслабіцца і акунуцца ў незнаёмы, таямнічы і чароўны свет “іншага жыцця”.
І ўжо зусім не думалася пра тое, што неўзабаве мяне чакае суровы дзедаўскі суд за самавольную адлучку ў кіно. Ажно да рэменя даходзіла. Праўда, калі дзядуля лагаднеў, ён прасіў пераказаць змест убачанага фільма. І я, захлынаючыся ад захаплення, прыдумляючы на хаду новыя крутыя эпізоды і жэстыкулюючы ўсімі часткамі цела, распавядаў яму і бабулі пра прыгоды каўбояў, каралеўскага пірата Піцера Блада, хітрамудрага Джорджа з Дзінкі-джаза, няўлоўнага Зора або каўбоя Рынга Кіда. Дзядуля звычайна слухаў моўчкі, пачухваючы за вухам, толькі зрэдку ківаў галавой. Затое бабуля пры нечаканых паваротах сюжэта ўздыхала і войкала, а калі сканчалася ўсё добра — хрысцілася, супакойвалася ды зноў прымалася за адсунутае на час рукадзелле.
А яшчэ дзядуля мяне хваліў, калі я прыносіў у кішэні памятыя рублі, заробленыя падчас кінасеансаў. Гэтыя свае першыя ў жыцці “ганарары” я атрымаў у тым самым кінатэатры “Маяк”. Трафейныя фільмы не мелі дубляжу і суправаджаліся субцітрамі. Далёка не ўсе гледачы, асабліва людзі сталага веку, у якіх не надта добра са зрокам, маглі іх хутка прачытаць. Уявіце сабе, што даўжыня субцітраў складала прыкладна 12-15 літар на тры-чатыры секунды паказу! І тады місію чытальніка я браў на сябе. Атрымаўшы згоду бабулі, якая сядзела побач, я ціхенька, стараючыся не перашкаджаць іншым, пераказваў ёй на вуха дыялогі і рэплікі акцёраў. За што і атрымліваў у канцы сеанса заслужанае ўзнагароджанне. Пэўнай таксы, зразумела, у мяне не было, колькі дадуць — столькі і добра. А паколькі адзін і той жа фільм я мог глядзець тры-чатыры разы запар, то сума па маіх тагачасных мерках набягала цалкам прыстойная.
А яшчэ ў нас на вёскі дастаўлялі — на машынах, на падводах, а падчас разліву Дона нават на лодках — так званыя кінаперасоўкі: невялікая электрастанцыя, кінапраектар, гукавая апаратура, цэлулоідныя стужкі ў жалезных скрынках... У зале ставілі дапатопныя венскія крэслы, многія стаялі ўздоўж сцен. Дзеці сядзелі проста на глінянай падлозе перад самым экранам, у ролі якога была нацягнутая белая прасціна…
***
Праз чатыры дзясяткі гадоў я займеў магчымасць перагледзець некаторыя з тых даўніх трафейных кінастужак. І тут раптам выявіў дзіўную рэч: гэтыя некалі шалёна любімыя фільмы ўжо не глядзеліся! Не таму, што стужкі, створаныя ў 1930-я — пачатку 1940-х, па сваіх тэхнічных магчымасцях ды праз пэўную наіўнасць сюжэтаў ужо не адпавядалі цяперашняму майму, скажам так, эстэтычнаму густу. Расчараванне мела іншую прычыну. Гэтыя фільмы належалі іншаму часу — таго даўняга дзяцінства. Там яны і засталіся назаўжды — у завулках памяці. І я зразумеў, што туды, у дзяцінства, “візуальнага” вяртання быць не павінна. Нельга трывожыць цені напаўзабытых мараў. А калі ўжо і вяртацца, дык толькі на дыбачках, вельмі далікатна і асцярожна...
Барыс КРЭПАК.