Непадуладная “Інфляцыі...”, або Зрабіць характар

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

3-га лістапада сваё 70-годдзе адзначыць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Зінаіда Зубкова, якая ўсё сваё творчае жыццё звязала з першай сцэнай краіны.

 /i/content/pi/cult/181/1838/Nepaduladnaya1.jpg

Сцэна са спектакля “Вечар”.
Ганна — Зінаіда Зубкова.

Ёсць акцёры адной ролі, ёсць тыя, чый творчы лёс лёгка і гладка сцелецца ад адной яркай работы да другой, ёсць і такія, якія “выстрэльваюць” бліскучым сцэнічным існаваннем у час, калі ад іх ужо нічога і не чакаюць... А ёсць акцёры, якія, выходзячы штораз на сцэну, вымушаюць нас, гледачоў у зале, задаваць сабе пытанне: “Дзе ж ён быў раней?” Акурат гэткія словы даводзіцца не аднойчы чуць ад гледачоў, якія суперажывалі гераіням Зінаіды Зубковай. Яна ж увесь гэты час —- працавала, аддана служыла роднаму Купалаўскаму тэатру. Зінаіда Зубкова пацвердзіла знакаміты тэзіс Станіслаўскага пра тое, што не бывае маленькіх роляў — бываюць “маленькія” артысты.
Так склалася, што рэжысёры “не бачылі” яе ў ролях галоўных гераінь, аддаючы перавагу актрысам з, так бы мовіць, ярка выражанай харызмай. Зінаіда Зубкова ў згаданую кагорту не ўваходзіла, а яе прыродныя сціпласць і далікатнасць не дазвалялі падобных роляў патрабаваць. Актрысе даставаліся ролі сябровак ды суседак, якія нібыта не “рабілі надвор’я” ў спектаклях, але вельмі часта аказваліся ці не больш запамінальнымі за галоўных гераінь. Для кожнай з іх актрысе ўдавалася знайсці свой падыход, асаблівыя інтанацыі, знешнія характарыстыкі, так што галерэя іх не ператваралася ў бязлікую чараду. Можна доўга згадваць яе ролі ў пастаноўках паводле сучаснай беларускай драматургіі: Зіну Зёлкіну ў “Хто смяецца апошнім” Кандрата Крапівы, Соню ў “Лявонісе на арбіце”, Наташу ў “Выбачайце, калі ласка!”, Зіну ў “Трыбунале” Андрэя Макаёнка, Кацю ў “Начным дзяжурстве” і Свету ў “Выкліку багам” Анатоля Дзялендзіка, Мануэлу ў “Напісанае застаецца” Алеся Петрашкевіча, Варвару ў “Страсцях па Аўдзею” Уладзіміра Бутрамеева...
Не атрымліваючы “поўнай загрузкі” ў тэатры, Зінаіда Зубкова шмат працавала на радыё, дзе яе голасам размаўлялі героі мноства папулярных радыёпастановак. І ў 1984 годзе за ролю Марысі ў радыёспектаклі “Хамуціус” паводле твора Аркадзя Куляшова яна атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.
3 лістапада — у дзень свайго бенефісу — актрыса выйдзе ў ролі Ганны ў спектаклі “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава. Твор гэты зазнаў шэраг яркіх сцэнічных увасабленняў, і для саміх акцёраў, занятых у ім, штораз становіцца своеасаблівым выпрабаваннем не толькі прафесійнага майстэрства, але і асабістых чалавечых якасцей. Найперш таму, што ў гэтай пранізлівай гісторыі будзённага жыцця трох старых, што засталіся “на водшыбе цывілізацыі”, нельга, не атрымліваецца проста “майстраваць”, — толькі

 /i/content/pi/cult/181/1838/Nepaduladnaya2.jpg

Сцэна са спектакля “Плач перапёлкі”.
Дуня — Зінаіда Зубкова (на другім плане).

прапусціўшы праз уласную душу, праз свой унутраны свет пачуцці і перажыванні персанажаў, можна проста і адначасова шчымліва распавесці амаль прытчавую гісторыю пра ўзаемаадносіны Чалавека і Жыцця.
А між тым, на парозе восьмага дзесятка так не хочацца гаварыць пра творчы “вечар” актрысы, бо азартнасці і прагі да працы, якія маюцца ў Зінаіды Пятроўны, маглі б пазайздросціць многія. Памятаю, як гадоў пяць таму Купалаўскі тэатр спрабаваў ладзіць на Малой сцэне чыткі п’ес маладых сучасных аўтараў. З якім імпэтам уключылася ў гэтую працу Зубкова! Хаця, як вядома, акцёрам больш даспадобы выходзіць на сцэну ў “зробленых” ролях, чым у азнаямленчых чытках, якія наўрад ці вырастуць у паўнавартасныя спектаклі, — маўляў, навошта марнаваць уласныя сілы і час? А яна — “марнавала”, і яе Маці-ігумення з п’есы “П’емонцкі звер” Андрэя Курэйчыка звярнула на сябе ўвагу глыбінёй пранікнення ў псіхалогію персанажа. І нават без знешняга выбудаванага відовішчнага антуражу, адно “на крэсле”, яна здолела пераадолець умоўнасць і схематычнасць сітуацыі, закінуўшы гледачам у зале “кручок”, на які яны потым ужо самі “нажыўлялі” ўражанні ад увасобленага вобраза.

Адным з самых яркіх уражанняў леташняга праекта “Оn-line” у межах Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Панарама” сталася зноў жа яе акцёрская работа ў пастаноўцы “Інфляцыя пачуццяў” па п’есе Мікалая Рудкоўскага ў пастаноўцы Ігара Пятрова. Яе гераіня — сталага веку жанчына — вучыла маладую пару... каханню. Вучыла, як неабходна ставіцца не толькі адно да аднаго, але і да таго шчасця, што дадзена ім і называецца Жыццём. І пры гэтым не павучала, а — уласным прыкладам, шчырасцю пачуццяў і жывым бляскам у вачах даводзіла, што сапраўдныя пачуцці не паддаюцца аніякім “мадыфікацыям” або інфляцыі.

Таццяна КОМАНАВА