Грунтоўная прэзентацыя беларускіх традыцый ва ўсім свеце немагчымая без плённай дзейнасці, якая мусіць пачынацца ўнутры краіны яшчэ на рэгіянальным узроўні. Каб данесці да супрацоўнікаў на месцах усе асаблівасці працы з традыцыямі і іх носьбітамі, рэгулярна ладзяцца сустрэчы, на якіх спецыялісты з усёй краіны могуць падзяліцца досведам сваёй работы ў гэтай галіне і атрымаць каштоўныя парады. 26 жніўня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбыўся штогадовы рэспубліканскі навукова-практычны семінар, прысвечаны аналізу эфектыўнасці выканання канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў межах падрыхтоўкі чарговай перыядычнай нацыянальнай справаздачы.
Як адзначыла начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір, колькасць нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, унесеных у Дзяржаўны спіс, імкліва павялічваецца, сёння іх налічваецца ўжо сто пяцьдзясят пяць. Расце прадстаўніцтва Беларусі і ў спісах UNESCO — у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ўключаныя такія элементы, як Будслаўскі фэст і культура ляснога бортніцтва, а ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы, — абрады “Калядныя цары” і “Юраўскі карагод”. Асаблівая адказнасць за захаванне нематэрыяльных культурных каштоўнасцей кладзецца на рэгіёны, у якіх існуюць гэтыя праявы нацыянальнай культуры.
ДВА СПІСЫ, ДВА ЛЁСЫ
Дырэктар фонду «Культурная спадчына і сучаснасць», член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях UNESCO Ала Сташкевіч распавяла аб ажыццяўленні праграмы падтрымкі супольнасці носьбітаў вясновага абраду “Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэты элемент у 2019 годзе ўвайшоў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якой патрабуецца тэрміновая ахова.
Як падкрэсліла дакладчыца, менавіта гэты спіс з’яўляецца галоўным інструментам аховы нематэрыяльнай спадчыны, бо ў яго ўваходзяць, як правіла, элементы, якія маюць вельмі канкрэтныя лакацыі, распаўсюджаныя ў невялікіх супольнасцях. Ахова такіх праяў нематэрыяльнай спадчыны забяспечваецца шэрагам дакументаў — акрамя Усеагульнай дэкларацыі аб культурнай разнастайнасці, гэта таксама і Нагойскі пратакол аб абароне правоў носьбітаў генетычных рэсурсаў і традыцыйных ведаў і практык, і Канвенцыя аб біяразнастайнасці, у якой згадваецца аб існаванні традыцыйных ведаў і практык, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, пад якімі разумеецца сукупнасць усіх жывых арганізмаў. Такім чынам, з генетычнымі рэсурсамі звязаныя такія традыцыйныя практыкі, як бортніцтва, траўніцтва, рыбалоўства і г.д.
Другі па важнасці інструмент — Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. У яго ўваходзяць, як правіла, тыя элементы, якім знікненне пагражае не ў гэткай ступені і якія маюць больш шырокае распаўсюджанне, нават на ўзроўні ўсёй краіны. Такія элементы часта робяцца нацыянальнымі брэндамі — як прыклады ў нашых умовах можна згадаць традыцыі саломапляцення альбо выцінанкі. Тым не менш такое маштабнае брэндзіраванне часам пагражае захаванню лакальных адметнасцей — калі ўніфікаваная традыцыя зберагаецца на агульнанацыянальным узроўні, але разам з тым губляюцца яе мясцовыя асаблівасці.
ЮРАЎСКАМУ ФЕСТЫВАЛЮ БЫЦЬ?
Абрад “Юраўскі карагод” з’яўляецца адной з першых праяў нематэрыяльнай спадчыны, што былі ўключаныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Цікава, што аналагічныя абрады ёсць у Македоніі, Славакіі, Сербіі і нават у лужыцкіх сербаў — славян, якія жывуць у Германіі ў ваколіцах Дрэздэна. Тым не менш з усіх славянскіх краін менавіта ў Беларусі захаваўся найбольш архаічны варыянт гэтага абраду.
Для распрацоўкі эфектыўнай стратэгіі захавання элементу быў даследаваны рэгіён, у якім распаўсюджаны абрад, вывучаны патэнцыял развіцця, з мэтай вырашэння цэлага шэрага праблем, з якімі сутыкаецца супольнасць носьбітаў традыцыі, — экалагічных, дэмаграфічных, працаўладкавання моладзі. З мэтай інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны ужо адбылася сумесная экспедыцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Нацыянальнай акадэміі навук, вынікі якой цяпер апрацоўваюцца і ўжо сведчаць аб выдатным патэнцыяле даследаванага рэгіёна.
На наступны год тут запланаваная дзейнасць Летняй студэнцкай школы, што дазволіць актыўна ўключыць моладзь у дзейнасць па захаванні мясцовых традыцый. Для папулярызацыі “Юраўскага карагода” на 2022 год таксама плануецца правядзенне ў вёсцы Пагост фестывалю нематэрыяльнай культурнай спадчыны, мяркуецца, што туды будуць запрошаныя для ўдзелу прадстаўнікі іншых славянскіх народаў, якія таксама маюць свае адметныя традыцыі святкавання дня святога Юрыя.
ВІРТУАЛЬНАЯ СПАДЧЫНА
Галоўны бібліятэкар навукова-метадычнага аддзела Брэсцкай абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Кацярына Барысюк распавяла аб папулярызацыі творчасці народных мастакоў на прыкладзе стварэння электроннага рэсурсу «Іван Супрунчык. Ад слова да дрэва». У 2020 годзе ў рамках адзначэння Года малой радзімы Брэсцкая абласная бібліятэка і ўпраўленне культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ініцыявалі правядзенне конкурсу па стварэнні віртуальных праектаў краязнаўчага напрамку, на якім Столінская цэнтральная раённая бібліятэка прадставіла згаданы электронны інфармацыйна-краязнаўчы рэсурс, прысвечаны спадчыне народнага майстра і славутага разьбяра, бібліятэкара і этнографа.
Майстар працуе ў такіх відах выяўленчага мастацтва, як станковая ды манументальна-дэкаратыўная скульптура і графіка. Электронны рэсурс, прысвечаны творчасці Івана Супрунчыка, змяшчае яго біяграфічныя звесткі, этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя ім, бібліяграфію, фотаздымкі, аўдыя- і відэаматэрыялы, а таксама гісторыю Цэнтра драўлянай скульптуры ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна, які ўзначальвае разьбяр. Азнаёміцца з рэсурсам можна на сайце Брэсцкай абласной бібліятэкі. Сёння аддзелам культуры Столінскага раённага выканаўчага камітэта вядзецца работа па ўключэнні ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны элемента “Творчасць Івана Піліпавіча Супрунчыка”. Пэўнай праблемай, аднак, застаецца адсутнасць забеспячэння ў гэтым выпадку пераемнасці, бо майстар не мае паслядоўнікаў, якія перанялі б яго ўменні.
ЗНАЙСЦІ БАЛАНС
У сферы захавання нематэрыяльнай спадчыны яшчэ застаецца багата актуальных пытанняў, вырашэнне якія патрабуе грунтоўнай працы. Неабходнае павышэнне дасведчанасці ўдзельнікаў мясцовых супольнасцей аб традыцыях, якія існуюць у месцы іх жыхарства, забеспячэнне пераемнасці традыцыйных уменняў і навыкаў, заахвочванне моладзі да ўключэння ў справу зберажэння жывой спадчыны.
Устойліваму развіццю і захаванню нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у мясцінах іх бытавання можа істотна спрыяць выкарыстанне турыстычнага патэнцыялу — але пры ўмове, што сродкамі, накіраванымі на падтрыманне той ці іншай традыцыі, мусяць карыстацца менавіта іх носьбіты і захавальнікі, удзельнікі мясцовых супольнасцей. Разам з тым варта памятаць і аб рызыках, якія можа несці папулярызацыя жывой спадчыны, і пазбягаць яе фалькларызацыі, камерцыялізацыі ды брэндзіравання. Нематэрыяльная спадчына патрабуе далікатнага стаўлення, і захаваць яе магчыма адно супольнымі намаганнямі не толькі носьбітаў альбо работнікаў сферы культуры, адукацыі ці сродкаў масавай інфармацыі, але высілкамі ўсяго грамадства.