— Некалькі слоў пра вашу супольнасць, яе гісторыю, колькасць удзельнікаў, самыя цікавыя праекты, рэалізаваныя вамі.
— Таму ў нацыянальнай супольнасці Даўгаўпілса беларусы здаўна складалі 7-8%, з’яўляючыся чацвёртай этнічнай групай пасля рускіх, латышоў і палякаў.
У 1990-я гады, пасля развалу СССР, перасяленцы з Беларусі апынуліся за мяжой, сталі беларусамі замежжа. Гэта быў цяжкі час разгубленасці, неўладкаванасці, крызісу этнічнай і нацыянальнай ідэнтычнасці… Таму, калі латвійскае заканадаўства стала спрыяць стварэнню нацыянальна-культурных грамадскіх арганізацый, беларуская інтэлігенцыя зарэгістравала культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”.
Тады ж, у 1990-я гады, кіраўніцтва Даўгаўпілса прыняло дальнабачнае этнапалітычнае рашэнне — адкрыла муніцыпальныя культурныя цэнтры найбуйнейшых нацыянальных груп горада. Так, у Даўгаўпілсе пачалі працаваць Цэнтр рускай культуры, Цэнтр латышскай культуры, Цэнтр польскай культуры і Цэнтр беларускай культуры. Гэта бюджэтныя ўстановы самакіравання, якое фінансуе іх офісы і дзейнасць. Я не ведаю больш такіх прыкладаў у свеце.
Таварыства “Уздым” — грамадская арганізацыя, Цэнтр беларускай культуры — дзяржаўная ўстанова; гэта дзве асобныя юрыдычныя структуры, але з самага пачатку яны цесна звязаныя, працуюць разам, і пабочныя людзі нават не бачаць розніцы.
Таварыства “Уздым” знаходзіцца ў Цэнтры беларускай культуры (далей — ЦБК). Суполка з’яўляецца самай вялікай у Латвіі — 178 членаў (без уліку дзяцей нядзельнай школы). У асноўным гэта людзі старэйшага ўзросту, якія ў савецкі час перасяліліся ў Латвію. Далучаюцца да таварыства і маладыя жанчыны, якія выйшлі замуж у Латвію. А вось аўтахтонныя беларусы (мясцовыя, грамадзяне Латвіі па нараджэнні) у суполкі не прыходзяць, але нашы канцэрты наведваюць. Таксама чамусьці не далучаюцца і сучасныя гастарбайтары з Беларусі. Членамі таварыства з’яўляюцца не толькі беларусы па нацыянальнасці, але ўсе выхадцы з Беларусі — рускія, палякі, іншыя.
Творчыя людзі “Уздыму” займаюцца ў калектывах ЦБК — гурт беларускай народнай песні “Купалінка”, тэатральная студыя “Паўлінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі”, а іх дзеці і ўнукі — у дзіцячай студыі “Скарбніца”. Але калектывы адкрытыя для ўсіх жыхароў Даўгаўпілса, каму цікавая беларуская культура.
Творчыя беларускія калектывы часта выступаюць на святах Даўгаўпілса, навакольных пасёлкаў і гарадоў, на канцэртах іншых нацыянальна-культурных таварыстваў, на святах беларускіх суполак Прыбалтыкі, на фестывалях у Беларусі. Абавязкова ўдзельнічаюць у Латвійскім свяце песні і танца (гэта культурная алімпіяда латышоў), у Фестывалі нацыянальных культур, што з’яўляецца гонарам.
Штогадовымі культурнымі праектамі беларусаў у Даўгаўпілсе можна назваць наступныя: вясновыя і восеньскія Дні беларускай культуры, Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, народнае свята “Беларускае Купалле”, Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні”, Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні, святы першага і апошняга званка ў нядзельнай школе, Свята беларускай кухні. Акрамя гэтых мерапрыемстваў, якія ладзяцца на гарадскім узроўні, ёсць цэлы шэраг выстаў, імпрэз, літаратурных вечароў, сустрэч, прэзентацый, урокаў, дабрачынных акцый, супольных вячорак і шмат усяго цікавага, што адбываецца кожны тыдзень. Беларусы Даўгаўпілса не існуюць адасоблена, а адкрытыя для іншых народаў і культур, таму з задавальненнем праводзяць экскурсіі па Беларускім цэнтры на мове госця — беларускай, рускай, латышскай, значна радзей англійскай.
Мы шмат увагі надаём камунікацыям, каб пра нашу дзейнасць і справы людзі ведалі, маглі прыйсці на мерапрыемства, далучыцца да таварыства. Так, таварыства “Уздым” выдае друкаваную газету “Уздым” на беларускай мове, вядзе сайт на беларускай і рускай мовах, старонкі ў Фэйсбуку і Інстаграме. У ЦБК таксама ёсць свой сайт — на латышскай, беларускай і рускай мовах, акаўнты ў Фэйсбуку і Інстаграме.
— Якую падтрымку ваша суполка на сёння атрымлівае з Беларусі?
— Шмат гадоў таварыства “Уздым” і ЦБК працуюць з разлікам толькі на свае сілы, на дапамогу членаў-сяброў і асноўную падтрымку ад мясцовага самакіравання. Мы шчыра захоўваем сваю этнічную ідэнтычнасць і беларускую культуру ў краіне пражывання, знаёмім з ёй латвійцаў. Гэта ідзе ад чыстага сэрца, з удзячнасцю Радзіме за тое, што на беларускай зямлі мы нарадзіліся, атрымалі адукацыю і выхаванне, сталі годнымі людзьмі і жадаем нешта добрае зрабіць для Беларусі. Таму, калі ў Беларусі была магчымасць аказаць падтрымку, мы заўсёды яе прымалі і шчыра дзякавалі. Напрыклад, на адкрыццё Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе ў 1999 годзе Міністэрства культуры Беларусі падарыла ансамблю 12 народных строяў, якія мы беражом і працягваем выкарыстоўваць, бо якасць выдатная. Да 2014 года дапамога была перыядычнай, а пасля прыняцця Закона аб суайчынніках замежжа набыла сістэмны характар.
Па дзяржаўнай праграме “Беларусы ў свеце” атрымалі шмат разнастайных кніг мастацкай літаратуры, энцыклапедый, дзіцячых выданняў, метадычных матэрыялаў выдатнай якасці. Для падрыхтоўкі мерапрыемстваў і пашырэння далягляду гэта важны ўнёсак у жыццё беларускай дыяспары.
Другі напрамак — канцэртныя касцюмы. У Беларусі іх вырабляе мастацкая фабрыка “Скарбніца”, таму строі па-сапраўднаму нацыянальныя, а не нейкі кіч “а-ля беларус”. Да 25-годдзя ансамбля “Купалінка” мы атрымалі ў падарунак вялікія хусткі, якімі жанчыны павязваліся ў халодны час.
Па лініі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі штогод атрымліваем дапамогу ў арганізацыі вялікіх мерапрыемстваў: банеры, афішы, календары. Нядзельная школа “Вясёлка” ніколі не застаецца без падарункаў: падручнікі, сшыткі, дзённікі, магнітныя дошкі, салодкія наборы на Каляды. Дарэчы, у 2018 і 2019 гадах выхаванцы школы “Вясёлка” прымалі ўдзел у Прэзідэнцкай ёлцы ў Мінску — гэта быў сапраўды ўражлівы і незабыўны падарунак Беларусі.
На мой погляд, найбольш карысная падтрымка, з перспектывай на развіццё беларускай дыяспары, — гэта творчыя стажыроўкі для кіраўнікоў ансамбляў і суполак, якія штогод выдатна арганізуе Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур на базе Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Мы шмат гадоў жывём не ў беларускім моўным і культурным асяроддзі, таму такое паглыбленне ў культуру — як глыток свежага паветра, дае новыя сілы, ідэі, кантакты, сувязі.
Якая дапамога падаецца найбольш істотнай? Запрашэнне на святы і фестывалі ў Беларусь. Бо без пастаяннай сувязі з этнічнай радзімай, з носьбітамі мовы працэс хутка сыдзе на “не”. А з латышскай культурай мы слухачоў на канцэртах абавязкова знаёмім, спяваем некалькі песень, нават з перакладам на беларускую мову. Ведаеце, па вопыце: больш гасцінна, чым у беларускай вёсцы, нідзе не прымаюць! Мы з вялікай адказнасцю і задавальненнем выступаем і ў аграгарадках, дзе вышэйшая пашана гледачоў — абарваныя палісаднікі, калі ўсе кветкі яны прынеслі ў Дом культуры для нас.
— Ці часта да вас трапляюць цікавыя госці з Беларусі?
— Апошнія амаль два гады мы не былі ў Беларусі, а беларусы не былі ў Даўгаўпілсе. Каранавірусныя абмежаванні зачынілі межы, але нашы стасункі не спынены і не разгублены, яны перамясціліся ў віртуальнае асяроддзе. Раней штогод мы прымалі шмат розных гасцей з Беларусі: навукоўцаў і даследчыкаў на канферэнцыі “Беларускія чытанні ў Даўгаўпілсе”, аматарскія ансамблі на Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе і свята Купалля; ансамблі, спевакоў, рамеснікаў, афіцыйных прадстаўнікоў з аддзелаў культуры райвыканкамаў на фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”; бардаў на Фестывалі беларускай аўтарскай песні ў Даўгаўпілсе, а таксама мастакоў, тэлевядучых, журналістаў, выкладчыкаў універсітэтаў са студэнтамі, дэлегацыі беларускіх урачоў і проста турыстаў з Беларусі. Спадзяюся, паступова ўсё адновіцца.
— Адно з самых важных пытанняў — забеспячэнне пераемнасці пакаленняў. Ці ёсць з гэтым праблемы ў вашай супольнасці — і калі так, дык як вы іх вырашаеце?
— Ва ўмовах глабалізацыі, інфарматызацыі, змешаных сем’яў і пражывання за межамі этнічнай радзімы вытокі творчага ноў-хаў знаходзяцца ў бацькоў і ў нацыянальнай школе, каб моладзь зацікавілася сваімі каранямі. Няма школы — застаюцца бацькі, канешне, калі ў іх саміх ёсць цікавасць да сваіх каранёў. На жаль, у Даўгаўпілсе беларускую школу ў час адраджэння 1990-х гадоў не аднавілі (у міжваенны час ў горадзе існавалі Беларуская дзяржаўная гімназія, пачатковая беларуская школа, дзіцячы садочак).
У Даўгаўпілсе матулі і бабулі прыводзяць сваіх дзяцей у беларускую нядзельную школу “Вясёлка”. У дзіцячай студыі “Скарбніцаў у маладой настаўніцы спяваюць школьнікі з беларускімі каранямі. Гэта арганізаваныя калектывы, удзел у якіх не каштуе ні цэнта, было б толькі жаданне. У сваю чаргу, ініцыятывы ад моладзі амаль што няма, бо ў такім узросце ім не да этнічнай альбо нацыянальнай ідэнтычнасці, да гэтага прыходзяць значна пазней, з жыццёвым вопытам. Мы паказваем сваю беларускасць, не саромімся яе, і калі хтосьці з моладзі прыйшоў да нас сам, то застаецца назусім.
— Нацыянальныя суполкі здатныя не толькі захоўваць гістарычную памяць, але і папулярызаваць беларускую культуру ў іншых краях. Ці ёсць зацікаўленасць беларускім мастацтвам там, дзе вы жывяце?
— Сам факт існавання ў Даўгаўпілсе самай вялікай беларускай суполкі Латвіі і адзінага муніцыпальнага Цэнтра беларускай культуры сведчыць аб тым, што беларуская культура выклікае зацікаўленасць насельніцтва горада, запатрабаваная. Усе публічныя мерапрыемствы беларусаў збіраюць поўныя залы. Пра дзейнасць нашых арганізацый часта пішуць СМІ, нас паважаюць, да нашага погляду прыслухоўваюцца.
Ёсць Беларускі дом з ветлівымі гаспадарамі, куды можна прыйсці, дзе можна сабрацца, зрабіць добрую справу — будзе сапраўдная, разнастайная дзейнасць суполкі. У Даўгаўпілсе дзверы Беларускага цэнтра не зачыняюцца штодзень з ранку да вечара. У 8:30 прыходзяць на працу метадысты, у 20:00 адыходзяць дадому з рэпетыцый удзельнікі ансамбляў.
— Сёння час шмат у чым унікальны. Тэхналогіі, інтэрнэт, новыя формы працы дазваляюць беларусам замежжа жыць у самых розных кутках зямнога шара, але пры гэтым адчуваць сваю непасрэдную датычнасць да культурных традыцый сваёй краіны.
— Мы, дзякуючы розным анлайн-пляцоўкам, маем сувязі з партнёрамі ў Беларусі, а таксама з беларускімі суполкамі ў розных краінах свету: Літва, Эстонія, Расія, Украіна, Іарданія. 2020-ы і 2021-ы гады прайшлі пад знакам мерапрыемстваў у Zoom. Мы чыталі разам Янку Купалу і вершы пра вайну, прэзентавалі новыя кнігі, праводзілі імпрэзы да Масленіцы альбо юбілейных дат беларускіх літаратараў. Напрыклад, міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні” прайшла ў лютым, да Міжнароднага дня роднай мовы — анлайн з удзелам навукоўцаў і беларусаў замежжа з Латвіі, Беларусі, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі. І дыктоўку па беларускай мове таксама пісалі інтэрнацыянальна анлайн. Другі прыклад: з ініцыятывы філалагічнай кафедры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава разам анлайн адзначылі юбілей латышскага паэта і грамадскага дзеяча, абаронцу беларусаў — Райніса. У Даўгаўпілсе мы ўсклалі кветкі на магілу яго бацькі, у Віцебску — да помніка яго маці. А потым віцебскія навукоўцы чыталі свае даклады, а студэнты слухалі; мы паказалі свой спецыяльна зняты відэафільм пра Райніса і Даўгаўпілс, чыталі яго вершы на латышскай, беларускай і рускай мовах. Такія праекты можна назваць “мяккімі”, яны не патрабуюць грашовых выдаткаў, а эфект маюць добры.
— Беларусы, якія жывуць за мяжой, могуць спрыяць будаўніцтву краіны, мэтай якой стануць сур’ёзныя вышыні па многіх паказчыках у шэрагу сектараў эканомікі. Якія культурныя праекты, на ваш погляд, маглі б гэтаму садзейнічаць?
— Гэта пытанне дзяржаўнага ўзроўню, нават міждзяржаўнага. На жаль, у сённяшніх геапалітычных абставінах, калі пашыраюцца эканамічныя санкцыі калектыўнага Захаду супраць Беларусі, а ў Мінску і Рызе зачынены пасольствы Латвіі і Беларусі, абмежавана перасячэнне мяжы, у гэтыя віры вольна або мімаволі ўцягваецца культура... Сёння я з цяжкасцю магу сабе ўявіць культурна-эканамічны праект “Дні Латвіі ў Беларусі” ці “Дні Беларусі ў Латвіі”, што цікава і эфектыўна працуе.
Але будзем аптымістамі, будзем верыць у разважны сэнс і спрыяць таму, каб пабудаваны культурны мост выстаяў, не разбурыўся.
Якая ідэя наконт культурна-эканамічнай звязкі, напрыклад, у Латвіі. Вышэй было сказана, у Даўгаўпілсе паспяхова штогод восенню праходзіць Міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Гала-канцэрт адбываецца ў гарадскім Палацы культуры, дзе ў вялікай зале 1200 месцаў, ёсць малая зала, вялікія фае на першым і другім паверхах, а перад палацам — плошча. Само слова “кірмаш” мяркуе гандаль, прэзентацыю, выставу. Таму на ўзроўні гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Латвіі можна спрабаваць прымеркаваць да фестывалю і арганізаваць выставу беларускіх тавараў, з кантактнай біржай, бізнес-форумам.
Што з боку Беларусі, то таксама на ўзроўні ідэі: штогадовая дзяржаўная цырымонія адзнакі беларусаў замежжа — найлепшы рэалізаваны культурны праект, найбуйнейшы фундатар беларускіх суполак, культурнае адкрыццё года і г.д. Гэта было б вельмі дарэчы.