“Белая Вежа” вяртаецца

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

10 — 18 верасня ў Брэсце адбудзецца юбілейны ХХV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”. Яго праграма складаецца з 23-х спектакляў, што пройдуць на чатырох сцэнічных пляцоўках.

/i/content/pi/cult/864/18346/29.jpg— Нягледзячы на ўсе складанасці, — расказаў мастацкі кіраўнік фестывалю, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксандр Козак, — “Белая Вежа” сёлета адзначыць юбілей. Летась з-за эпідэміялагічнай сітуацыі фестываль не праводзіўся. Але калі ўзнікае надта доўгі перапынак, любы самы лепшы праект можа сысці ў небыццё. Дый артысты вельмі хочуць іграць, чакаюць публіку. Вядома, у колішнюю задуму сабраць на свята калектывы, што былі пераможцамі мінулых гадоў, давялося ўнесці некаторыя карэктывы. Бо ў цяперашніх умовах, зразумела, прыехаць змогуць не ўсе. Сёлета ў нашага фестывалю будзе своеасаблівы “ўсходні” кірунак: прыедуць тэатры з Расіі (у тым ліку, з Іркуцка), з Арменіі, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Таджыкістана. Мы з самага пачатку арыентаваліся найперш на краіны СНД, таму сёлета працягваем гэтыя традыцыі.

Яшчэ адной асаблівасцю юбілейнай праграмы стане дастаткова шырокае прадстаўніцтва айчынных тэатраў. Прызнацца, нас часцяком крытыкавалі, што на фестывалі малавата беларускіх спектакляў. Сёлета іх будзе дзевяць, прычым мы імкнуліся запрасіць не толькі сталічныя калектывы. Так, будуць прадстаўлены тэатры з Магілёва і Пінска. Дый сярод сталічных ёсць тэатры, што прыедуць на наш фестываль упершыню. Так, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр прывязе “Вяселле ў стылі рэтра” з удзелам народнай артысткі Беларусі Наталлі Гайды. Упершыню возьме ўдзел Новы драматычны тэатр — са спектаклем “Нобелеўскі тыдзень”. Дзякуючы гэтаму, брэсцкія гледачы адкрыюць для сябе не толькі новую для іх трупу, але і новага айчыннага драматурга — Валянціна Пепяляева, якога ведаюць найперш як журналіста і тэатральнага крытыка.

Вялікую ўвагу мы заўсёды надаем адкрыццю і закрыццю фестываля. Сёлета “Белую Вежу” ўрачыста адкрые “Пане Каханку” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Гэты спектакль далёка не прэм’ерны, ён прайшоў апрабацыю не толькі часам, але і іншымі фестывалямі, гастрольнымі паказамі — і паўсюль публіка вітала яго вельмі горача. Бо гэта, да ўсяго, яшчэ і дакрананне да нашай гісторыі, да жыцця аднаго з прадстаўнікоў славутага роду Радзівілаў. Беларускую тэму працягнуць і “Шлюб з ветрам” РТБД, і “Новая зямля” нашага Брэсцкага тэатра лялек паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа, і згаданы “Нобелеўскі тыдзень”. Ну а мы, як гаспадары фестывалю, пакажам спектакль, прэм’ерай якога Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы закрыў сезон — “Дзень Б”. Фіналам сёлетняй “Белай Вежы” стане “Дон Кіхот” Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра класічнага балета пад кіраўніцтвам Наталлі Касаткінай і Уладзіміра Васілёва.

Як заўсёды, цягам усяго фестывалю будуць працаваць крытыкі і тэатразнаўцы, штодзень будуць праводзіцца абмеркаванні ўбачанага. А ў фінале, паводле традыцыі, журы вызначыць лепшыя тэатральныя працы. Але ўжо сёння можна сказаць, што прайграўшых не будзе: пераможцамі стануць усе — і ўдзельнікі, і публіка. Бо гэта будзе сапраўднае свята!