Песні і фарбы змагання

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

У адным са сваіх “давераснёўскіх” вершаў будучы народны паэт Беларусі Максім Танк зазначаў, што “скрыпачоў і паэтаў” у ягонай краіне больш, чым каласоў. Заходняя Беларусь, нягледзячы на ўвесь уціск, які чынілі тагачасныя польскія ўлады супраць беларусаў і іх культуры, была месцам сапраўднага росквіту нацыянальнага мастацтва, дзе жылі і тварылі, насуперак усім неспрыяльным абставінам, дзясяткі выдатных літаратараў, мастакоў, кампазітараў і музыкаў. Якімі былі іх лёсы, і як сёння ўшаноўваецца памяць творцаў у мясцінах, звязаных з іх жыццёвымі шляхамі?

/i/content/pi/cult/864/18340/24.jpgБадай, найбольш вядомым з заходнебеларускіх літаратараў можна назваць Максіма Танка. Яўген Скурко, які абраў сабе такі літаратурны псеўданім, нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына, што ў нарачанскім краі, і з маленства паспеў зведаць усе беды і нястачы, якія выпалі на долю ягонага пакалення ў Заходняй Беларусі. Ужо праз два гады пасля нараджэння малога Жэні, з пачаткам Першай сусветнай вайны, ягоная сям’я была вымушаная эвакуіравацца з родных краёў напярэдадні наступу нямецкіх войск, апынуўшыся ў Маскве, дзе хлопец атрымаў першую навуку на рускай мове. Пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе сям’я вярнулася ў родныя мясціны, якія акурат адышлі пад уладу Польшчы, і будучы паэт быў вымушаны працягваць навучанне ўжо на польскай мове.

Цікаўнасць, якую юнак выяўляў да літаратуры і роднага слова, далей прывяла яго ў шэрагі вучняў Радашковіцкай і Віленскай беларускіх гімназій — з абодвух, зрэшты, ён, у выніку, быў выключаны за ўдзел у вучнёўскіх забастоўках, з дапамогай якіх моладзь змагалася за сваё права навучацца на роднай мове. На пачатку 1930-ых гадоў Яўген Скурко далучаецца да камсамола Заходняй Беларусі, і неўзабаве за сваю падпольную дзейнасць прысуджаецца да зняволення — у польскіх турмах ён агулам правядзе каля двух гадоў. Тым не менш, усё гэта не замінала юнаку актыўна займацца самаадукацыяй і развіць у сабе надзвычайны паэтычны талент. Літаратурныя крытыкі міжваеннай Польшчы надзвычай высока цанілі творчасць Максіма Танка, вершы з яго першых зборнікаў ужо актыўна перакладаліся на польскую і літоўскую мовы.

/i/content/pi/cult/864/18340/25.jpgДалучэнне Заходняй Беларусі да СССР адкрыла перад маладым творцам нязвыклыя перспектывы — у пасляваенныя гады ён доўгі час узначальваў беларускі Саюз пісьменнікаў, а з 1965 па 1971 год з’яўляўся старшынёю Вярхоўнага Савета БССР, атрымаў званне народнага паэта. Тым не менш, да самай сваёй смерці ў 1995 годзе Максім Танк заставаўся чалавекам надзвычай сціплым, і пры жыцці падкрэсліваў, што не хацеў бы, каб ягоную памяць ушаноўвалі гучным і пампезным чынам. Нават пахаваны паэт быў не на прэстыжных могілках у цэнтры сталіцы, а на сваёй малой радзіме. Тут, у Пількаўшчыне, дарэчы, захавалася і родная хата паэта — ёй ужо больш за сто гадоў, сёння яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і адпаведную мемарыяльную шыльду. А ў суседніх Сватках, дзе паэт вучыўся, пры мясцовай школе існуе прысвечаная яму невялічкая музейная экспазіцыя.

Жыццё ў падполлі

Памяць яшчэ аднаго выдатнага паэта Заходняй Беларусі захоўваюць у Лідзе. Валянцін Таўлай нарадзіўся ў 1914 годзе, і яго жыццёвы шлях надзіва нагадвае лёс Максіма Танка — яго паслядоўна выключалі з польскай настаўніцкай семінарыі за адмову запісаць сваю нацыянальнасць як польскую, а пасля, за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы — і з Віленскай беларускай гімназіі. Ён таксама правёў два гады ў турмах за сваю актыўнасць у камсамольскім падполлі, потым нелегальна перайшоў мяжу, працаваў у савецкай Беларусі, зноў вярнуўся ў родныя мясціны для падпольнай работы і ў выніку быў паўторна арыштаваны і асуджаны ўжо на восем гадоў турмы, адкуль вызваліўся ў 1939 годзе з прыходам Чырвонай арміі.

Паэт заставаўся на радзіме і ў гады нацысцкай акупацыі, удзельнічаў у падполлі ў Навагрудку, быў арыштаваны і толькі цудам уратаваўся ад смерці. Зрэшты, здароўе Валянціна Таўлая было ўжо моцна падарванае доўгімі гадамі зняволення — у 1946 годзе ў Мінску ён памірае. У Лідзе ж памяць аб паэце захоўваюць у доме, дзе ён жыў з 1939 па 1941 год, калі працаваў у мясцовай газеце. Гэты прывабны асабнячок стаіць у самым цэнтры горада, ля сцен знакамітага замка, сёння ён з’яўляецца філіялам Лідскага гісторыка-мастацкага музея, з 2010 года тут размяшчаецца мемарыяльны пакой паэта.

Сведка трагічных падзей

Дзе вершы — там і музыка, нездарма ж згадваў класік менавіта “скрыпачоў і паэтаў”, на якіх так багатая была Заходняя Беларусь. Таленты паэта-песенніка і кампазітара арганічна спалучаліся ў асобе Сяргея Новіка-Пеюна, лёс якога, тым не менш, быў трагічным нават на агульным тле сярод творцаў Заходняй Беларусі. Народжаны ў 1906 годзе на Нясвіжчыне, пасля сканчэння Нясвіжскай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні, ён актыўна далучыўся да дзейнасці Таварыства беларускай школы, і ў 1926 годзе за стварэнне на сваёй малой радзіме тайных беларускіх школ некалькі разоў падвяргаўся польскімі ўладамі высылцы і арыштам.

Вызвалены з турмы ў 1939 годзе з прыходам Чырвонай арміі, паэт працаваў дырэктарам Слонімскага краязнаўчага музея, на гэтай пасадзе яго і заспеў напад нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз. За сувязь з партызанскім рухам у 1943 годзе ён быў арыштаваны і зняволены ў лагеры смерці ў Калдычаве ля Баранавічаў, і перад вызваленнем цудам ацалеў, прыкінуўшыся параненым падчас расстрэлу. Але нават тут яго нягоды не скончыліся — па несправядлівым падазрэнні ў супрацоўніцтве з ворагам, паэт правёў яшчэ некалькі гадоў у сталінскіх лагерах, пакуль, урэшце, не быў рэабілітаваны і вызвалены ў 1958 годзе. Сёння памяць аб Сяргею Новіку-Пеюну захоўваецца не толькі ў Слонімскім краязнаўчым музеі, які яму давялося ўзначальваць — ягоныя ўнікальныя рукапісныя сведчанні аб знаходжанні ў Калдычаўскім лагеры смерці можна пабачыць у экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Колеры роднай зямлі

Заходняя Беларусь дала нашаму народу і шэраг выдатных мастакоў, сярод якіх адным з самых адметных можна назваць Міхаіла Сеўрука. Народжаны ў 1905 годзе ў Варшаве, падчас ліхалецця Першай сусветнай вайны ён з бацькамі апынуўся ў Маскве, дзе атрымаў першае ўражанне ад шэдэўраў жывапісу, трапіўшы ў славутую Траццякоўскую галерэю. Вярнуўшыся на радзіму, скончыўшы школу ды адслужыўшы ў войску, у 1927 годзе Сеўрук паступіў на мастацкі факультэт Віленскага ўніверсітэта, і неўзабаве па яго сканчэнні зрабіўся прызнаным майстрам.

Нягледзячы на някепскія замовы і ганарары, мастак не губляў сувязі з беларускай культурай. Між іншым, менавіта Міхаіл Сеўрук быў аўтарам вокладкі першага зборніка Максіма Танка — “На этапах”. У 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, мастак перабраўся ў Нясвіж, дзе і пражыў рэшту жыцця да 1979 года. Тут у 1996 годзе і з’явілася, як філіял Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея, кватэра-музей Міхаіла Сеўрука, дзе можна пабачыць яго жывапісныя работы, графічныя творы, гравюры на дрэве, медзі, лінолеуме, а таксама асабістыя рэчы мастака — эцюднік, альбомы для замалёвак, пастэльныя алоўкі, пэндзлі, разцы.

Бясконцая вандроўка творцы

Сапраўды легендарным сярод мастакоў Заходняй Беларусі па праве лічыцца Язэп Драздовіч, які быў сапраўды народным майстрам, што давёў усім сваім жыццёвым шляхам. Нарадзіўся ён у 1888 годзе ў Пуньках на Глыбоччыне, і пасля сканчэння гімназіі ў Дзісне паступіў у Вільні ў мастацкую школу, якой кіраваў вядомы жывапісец Іван Трутнеў. З першых жа творчых спробаў Драздовіч аддаваў перавагу сюжэтам, звязаным з прыгажосцю роднага краю і яго мінуўшчынай, што ў выніку зрабіла яго адным з заснавальнікам нацыянальнага гістарычнага жывапісу. Узлёт маладога таленту быў прыпынены ўдзелам у Першай сусветнай вайне — у якасці фельчара.

Пасля рэвалюцыйнай віхуры 1917 года, вярнуўшыся ў родныя мясціны, Язэп Драздовіч з імпэтам далучаецца да новай хвалі нацыянальнага адраджэння. Пасля абвяшчэння ў 1919 годзе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі творца перабраўся ў Мінск, быў мастаком-дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры. Але пасля падпісання ў 1921 годзе Рыжскай мірнай дамовы мастак вымушаны быў вярнуцца на малую радзіму, якая апынулася ў складзе польскай дзяржавы, і цягам 1920-ых гадоў ахапіў сваімі вандроўкамі ўсю Заходнюю Беларусь, замалёўваючы яе помнікі гісторыі і культуры. Разам з тым Драздовіч выкладаў маляванне ў Радашковіцкай, Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназіях. Адметна, што прытым мастак не губляў сувязі і з беларускай савецкай дзяржавай, плённа супрацоўнічаючы з Інстытутам беларускай культуры (папярэднікам Акадэміі навук БССР), дасылаючы ў Мінск свае замалёўкі і этнаграфічныя матэрыялы.

У 1930-ых беларускае школьніцтва зведвае ўсё большы ўціск з боку польскіх уладаў. Язэп Драздовіч зноў вяртаецца ў свае родныя мясціны, і ўсе апошнія гады зарабляе сабе на жыццё пераважна тым, што, вандруючы па вёсках, стварае на замову маляваныя дываны, якія сёння лічацца неацэннымі ўзорамі беларускага інсітнага мастацтва. Мастак і “вечны вандроўнік” памёр у 1954 годзе, знойдзены непрытомным на шляху ў сваёй апошняй вандроўцы.

Сёння на радзіме Язэпа Драздовіча аб мастаку нагадваюць яго пахаванне на могілках у вёсцы Ліпляні, памятны знак на месцы яго роднага хутара Пунькі, а таксама экспазіцыя Германавіцкага музея культуры і побыту, што ў Шаркаўшчынскім раёне — ён, дарэчы, размяшчаецца ў гістарычным будынку колішняга палаца шляхецкага роду Шырынаў, збудаваным у XVIII стагоддзі. Створаны на грамадскіх пачатках настаўніцай мясцовай школы Адай Райчонак, у 1991 годзе музей атрымаў статус дзяржаўнага. Акрамя багатай этнаграфічнай калекцыі, тут можна пабачыць мноства матэрыялаў, звязаных з біяграфіяй мастака, яго асабістыя рэчы, а таксама тры дзясяткі яго твораў.

Творчасць паэтаў і мастакоў Заходняй Беларусі заўжды была прасякнутая любоўю да роднай зямлі, агульнай мінуўшчыны народа, у сваіх уяве і творчасці яны бачылі Беларусь адзінай і непадзельнай, без штучна праведзеных межаў. Тым больш важна сёння захоўваць памяць аб іх жыццёвых і творчых шляхах, поўных нягод ды перашкод, якія, тым не менш, упэўнена вялі іх да здзяйснення агульнай мары ўсіх беларусаў аб уласнай адзінай дзяржаве.