Віктар Шылко: Партрэт і нацюрморт у сонечнай гаме

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Віктар Шылко з усмешкай кажа: “Я заўсёды раблю тое, што не ўмею. Так я магу навучыцца гэтаму”.

/i/content/pi/cult/864/18336/17.jpgЖнівеньскае цяпло ласкавае, не спякотнае. Сонца лагодна пазірае на разбаўленую яблычнай чырванню і жытнім золатам тытунёвую зелень. Яно задаволена сваёй працай і з лёгкім задавальненнем дадае колераў і яркасці наваколлю.

Гэта колеры прыроды. І колеры сонечнай выстаўкі “Нацюрморт. Партрэт” Віктара Шылко, якая адкрылася на другім паверсе Віцебскага мастацкага музея.

Усяго ў экспазіцыі 33 работы. Гэта праца мастака на працягу 2020 —2021 гадоў.

Як казаў Пабла Пікасо, “жывапіс — удзел сляпых. Мастак малюе не тое, што бачыць, а тое, што адчувае”.

Прэзентацыя выстаўкі, якой аўтар не імкнуўся даць нейкую асаблівую назву, стала своеасаблівым бенефісам дасціпнага, вясёлага чалавека. На адкрыцці экспазіцыі Віктар Шылко працытаваў знакамітага сюррэаліста і між іншым сказаў наступнае:

“Мастацтвазнаўцы шукаюць і прыпісваюць мастакам стыль — гэта толькі ім і трэба. Мне здаецца, Бог даў мастаку своеасаблівую ролю ў жыцці — бачыць прыгажосць лепей, чым большасць. Наша роля паказаць гэта гледачам.

Мы ўсё жыццё вучымся адлюстраванню вытанчанага вобраза звычайных і незвычайных рэчаў.

Прыгажосць кожнай з’явы, чалавека ці прыроды, яе гармонія — гэта ўсё трэба візуалізаваць і данесці да гледача. Гэта адлюстраванне малюнка душы. Я ведаю толькі адзінага мастака, які не меў адукацыі і ўзяў пэндзаль і стварыў сапраўдны шэдэўр — гэта Пірасмані. Ён — выключэнне.

А я проста працую. З юнацтва гэтаму вучуся. Мне патрэбны: адзінота майстэрні, фарбы, мальберт і пэндзаль. Бяру свае прыстасаванні і не чакаю нейкага асаблівага натхнення ці музы, бо можна і ўсё жыццё пражыць не дачакаўшыся яе зычлівасці.

Проста станаўлюся і раблю: слухаю сваё сэрца, адчуваю музыку ў галаве і пускаюся ў вольны шлях. Праца, калі яна ад душы, струменіцца павольна і лёгка , як усё сапраўднае. А вынік…

Бывае і так, што сам здзіўлены тым, што выйшла з пад маіх рук. Бывае, удала, бывае і не, але ж заўсёды чыстасардэчна. Бывае, твор — адразу ў доўгае жыццё, а бывае, нешта перарабляю. Люблю свае няскончаныя творы: а такія яны ўсе, пакуль знаходзяцца ў маёй майстэрні.

На гэтай выставе адна канцэптуальная нота — я дэманструю тое, што добра ўмею рабіць”.

Мастак Алег Скавародка адзначыў, што эфект лёгкасці прадстаўленнях работ ствараецца тады, калі да народжанага таленту дадаць адукацыю і вялікую штодзённую працу. Віктар Шылко няспынна працуе і рушыць у будучыню:

“Гэта экспазіцыя — вынік двухгадовай працы Віктара Аляксандравіча, здзіўляе знатакоў і прыхільнікаў таленту мастака. У такі дэпрэсіўны час перадаць такую лёгкасць і пазітывізм можа толькі па-сапраўднаму гарманічны і добразычлівы чалавек. Такім і з’яўляецца наш сябра”.

Дырэктар мастацкага музея Аляксандр Багацёнак адзначыў шматграннасць таленту Віктара Шылко. На яго погляд, мастаку даступны любыя жанры творчасці. На мінулую выстаўку “Нюансы вобраза” мастак прадставіў адметны вобраз жанчыны ў стылі ню, раней былі эцюды, зараз партрэты і нацюрморты — заўсёды нечакана і арыгінальна.

У 2021-м годзе спаўняецца 45 гадоў пачатку выставачнай кар’еры Віктара Шылко і 35 з часу ганаровага прыняцця ў Саюз мастакоў СССР. На прэзентацыі прадэманстравалі ролік, у якім малады мастак дэманструе сваю працу ў сацрэалістычным стылі.

Сёння мастак вядомы і ў роднай краіне, і далёка за межамі Беларусі як прыхільнік абстрактнага мастацтва.

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, Музей сучаснага мастацтва ў Мінску, Еўрапейскія галерэі, Музеі Еўрапейскага сучаснага мастацтва ў Карэі, Балтыйскія краіны і Расія — змяшчаюць творы Шылко. Знакамітыя праекты “Квадрат”, ”Абстракт” і іншыя ствараліся з яго актыўным удзелам.

Валянціна Кірылава — стваральнік Цэнтра Сучаснага Мастацтва ў Віцебску, адзначыла значны ўнёсак Віктара Аляксандравіча ў своеасаблівую выставачную культуру горада Віцебска.

“Вядома, што арганізацыя выставачных праектаў справа мастацтвазнаўцаў і навуковых супрацоўнікаў выставачнай залы. Але ж глядач бачыць экспазіцыю з іх боку гледжання. Мастак лепей за ўсіх ведае, як размясціць карціны, каб высвеціць тое, што хацеў данесці творца. Віктар здольны добразычліва параіць, як з экспазіцыі зрабіць апавяданне. Ён здольны стварыць радасны мікраклімат на любой выставе”.

Сам мастак сціпла называе сябе жывапісцам і пачынаючым мастаком, які стане сапраўдным.

З цеплынёй і падзякай Віктар Шылко ўспамінае сваіх настаўнікаў. Выбраў шлях на ўсё жыццё юнак выпадкова, а можна сказаць, і па волі Божай.

Не паступіў у Мінск, але прайшоў у Віцебскі педагагічны інстытут на Мастацкі факультэт да Рыгора Клікушына. Горад вучобы пазней стаў родным горадам мастака.

— Віктар Аляксандравіч, неяк жа нараджаецца тэма для вашай працы? Чаму менавіта зараз нацюрморты і партрэты?

— Як я ўжо казаў, мне хацелася адпачыць за працай. Нешта ўсе вельмі сур’ёзна стала ў гэтым свеце. Чалавеку трэба вяртацца да сябе і да прыроды. Адсюль мае нацюрморты. Напрыклад, дразды. Гэтыя птушкі ўсю рабіну здзяўбалі на лецішчы, і вось іх вобраз. А ў вёсцы нейкі дэпрэсняк мянеахінуў: вылілася гэта ў партрэты.

— Хто з’яўляецца першымі гледачамі вашай творчасці?

— У мяне ёсць асаблівасць: калі маю працу блізкія ці сябры ўбачаць у майстэрні, то я потым хварэю некалькі дзён. Мне гэтага нельга. А вось выстаўка — іншае. Гэта ўжо не мае дзеці, гэта ўжо не асабістае, не мае творы — яны ўжо належаць гледачам.

Віктар Аляксандравіч заінтрыгаваў прыхільнікаў. Ён абяцаў да свайго 60-годдзя зладзіць паказ: “таго, што я не ўмею рабіць”.

Чакаць засталося меней года.

Выстаўка Віктара Шылко запрашае наведвальнікаў да канца жніўня. На другім паверсе Мастацкага Музея Віцебска дзве ўтульныя залы ў сонечных бліках чакаюць Вас!

Жана Іванова