Дамбавецкі запрашае на баль!

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

У сядзібе Аляксандра Дамбавецкага (аграгарадок Бердаўка Лідскага раёна) адбыўся шляхецкі баль. Для вытанчаных дам і галантных кавалераў ладзіліся танцы, гульні ў шарады і фанты, дэкламаваліся лірычныя вершы. Прыняць удзел у забавах мог любы ахвотны.

/i/content/pi/cult/864/18333/13.jpgПары кружыліся ў вальсе, танцавалі паланэз, завіхаліся ў кадрылі. Пад класічную музыку ў жывым выкананні калектыву скрыпачоў “Славяначка” ўдзельнікі балю вялі свецкія гутаркі, адпачывалі ў гульнёвым і чайным салонах. Сапраўдным упрыгожаннем балю стаў калектыў “Эпатажны блюз” Наваельненскага Дома культуры, удзельнікі якога правялі майстар-клас, дзе ўсе танцавалі пад рытмы полькі, кацільена і нават сіртакі.

Працавала выстава жаночых аксэсуараў “Вытанчаная мода”, дзе можна было ўбачыць вінтажныя завушніцы, каралі, пярсцёнкі; а таксама — сумачкі, заколкі, шкатулкі, вееры…

На працягу свята працавала фотаэкспазіцыя “Замкі і палацы Беларусі”, былі арганізаваны фотазоны.

Адным з цікавых момантаў балю стала дэфіле ў шляпках. Якіх толькі не было: з меху, воўны, тканіны, аздобленыя кветкамі і стужкамі, пер’ем і бліскучымі камянямі. Дамы вельмі артыстычна прадэманстравалі ў дэфіле галаўныя ўборы і атрымалі бурныя апладысменты ад гледачоў.

Алена ГАБІС, метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.