Тут вызначаўся лёс Еўропы

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Вызваленне Мінска ад нацысцкай акупацыі 3 ліпеня 1944 года, да даты якога прымеркаваны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, было, безумоўна, адным з найбольш важных вынікаў наступальнай аперацыі “Баграціён”. Але, як вядома, поўнае вызваленне ўсёй тэрыторыі краіны было яшчэ наперадзе, і баі на яе заходніх рубяжах працягваліся ажно да жніўня 1944 года. Адметнасць гэтых баявых дзеянняў палягала яшчэ і ў тым, што, у выніку выхаду Чырвонай Арміі на рубяжы СССР, напярэдадні вызвалення Еўропы ад нацызму, тэрыторыі на захад ад старой мяжы, усталяванай Рыжскай дамовай 1921 года, зноў вярталіся ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Якія страты зведала гісторыка-архітэктурная спадчына заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак падчас нацысцкай акупацыі, і як адбывалася вызваленне гэтых абшараў ад гітлераўцаў?

/i/content/pi/cult/864/18326/1.jpgАхвяры першага ўдару

Гродна зведаў нягоды і разбурэнні, выкліканыя ваенным ліхалеццем, ужо ў першы ж дзень Другой сусветнай вайны, 1 верасня 1939 года. Горад тады знаходзіўся ў складзе польскай дзяржавы, і акурат у тыя дні ён упершыню зазнаў бамбаванні нямецкай авіяцыі, адной з галоўных мэтаў якой было знішчэнне маста праз Нёман, які меў вялікае стратэгічнае значэнне. Наступным разам гітлераўцы бамбілі Гродна ўжо адразу ж пасля нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз, 22 чэрвеня 1941 года. Тым разам ад нямецкіх бомб істотна пацярпелі гарадскія кварталы — былі знішчаныя такія помнікі архітэктуры і гісторыі, як палац Радзівілаў і будынкі на Сянным рынку. Агулам страты забудовы горада ў чэрвені 1941 года складалі каля трыццаці працэнтаў, а да канца акупацыі гэты паказчык дасягнуў сарака.

Моцна пацярпелі тады і многія мястэчкі Гродзеншчыны — асабліва Ліда, дзе цэнтральная частка горада да 25 чэрвеня была зруйнаваная бомбамі і пажарам амаль цалкам. У Навагрудку, які бамбілі амаль тыдзень — да 28 чэрвеня — былі знішчаныя гандлёвыя рады на цэнтральнай плошчы, палац Радзівілаў і дом-музей Адама Міцкевіча, які ў выніку страціў усе свае даваенныя зборы, якія складалі бясцэнную частку мемарыяльнай спадчыны паэта.

На тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці падчас гітлераўскай акупацыі дзейнічалі шматлікія савецкія партызанскія злучэнні і падпольныя арганізацыі. У тагачаснай Беластоцкай вобласці, да якой, паводле адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу 1939 года, адносіўся Гродна, дзейнічалі каля сямнаццаці тысяч народных мсціўцаў, якія ўваходзілі ў склад дваццаці шасці партызанскіх брыгад. Разам з тым, у рэгіёне дзейнічалі таксама буйныя злучэнні Арміі Краёвай, якія падпарадкоўваліся польскаму эміграцыйнаму ўраду. На розных этапах вайны, у залежнасці ад палітычнай сітуацыі і адносін паміж савецкай уладай і польскім урадам у выгнанні, яны альбо супрацоўнічалі з савецкімі партызанамі, ладзячы сумесныя баявыя аперацыі, альбо адкрыта супрацьстаялі ім, прытым часта дапускаючы тэрор у дачыненні да беларускага насельніцтва.

/i/content/pi/cult/864/18326/2.jpgЗабыты штурм

Немалаважна, што падчас нацысцкай акупацыі тэрыторыя сучасных Гродзенскага і Ваўкавыскага раёнаў, у адрозненне ад астатняй часткі Беларусі, была нахабна далучаная гітлераўцамі да Усходняй Прусіі і ўключаная непасрэдна ў склад Трэцяга рэйха, таму акупацыйны рэжым тут меў, у параўнанні з рэштай раёнаў, пэўныя асаблівасці. Так, напрыклад, у гэтых мясцовасцях дзейнічалі карныя органы гестапа — у той час як на астатняй тэрыторыі Беларусі яго функцыі выконвала СД — эсэсаўская служба бяспекі. Немцы настолькі былі ўпэўненыя ва ўсталяванні свайго вечнага гаспадарання ў Гродна, што нават афіцыйна перайменавалі горад, надаўшы яму назву Гартэн.

Тым не менш, панаванне іх ледзь абмежавалася трыма гадамі: ужо 16 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія ўступіла ў правабярэжную частку Гродна — гэтая дата цяпер адзначаецца як дзень вызвалення горада. Аднак вялікая частка гарадскіх кварталаў размяшчалася і на левым беразе Нёмана — і яе ўдалося вызваліць ад немцаў толькі праз тыдзень зацятых баёў, 24 ліпеня, прычым былі панесеныя значныя страты.

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацый і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Горны зазначае, што гэтая трагічная адметнасць у гісторыі вызвалення Гродна, на жаль, дагэтуль ніяк не ўшанаваная ў гарадской прасторы, тым часам як такая сітуацыя з’яўляецца ўнікальнай для Беларусі — ніводзін з гарадоў краіны не давялося вызваляць ад акупацыі ў выніку настолькі доўгіх баявых дзеянняў. Безумоўна, подзвіг чырвонаармейцаў, палеглых пры вызваленні гродзенскага левабярэжжа, варты асобнага ўшанавання.

/i/content/pi/cult/864/18326/30.jpgДзве абароны крэпасці над Бугам

Брэст таксама зазнаў першыя нямецкія бамбаванні яшчэ ў верасні 1939 года — як і Кобрын, Пінск, Ганцавічы і Баранавічы. Але гораду над Бугам дасталося наймацней — ён выклікаў такую ўвагу нямецкай авіяцыі перадусім таму, што гітлераўская разведка атрымала інфармацыю аб знаходжанні ў Брэсце членаў польскага ўраду на чале з галоўнакамандуючым Эдвардам Рыдз-Сміглым. Бамбілі немцы і тэрыторыю Брэсцкай крэпасці, дзе зацята бараніліся салдаты польскага войска. Нямецкія авіяналёты працягваліся аж да сярэдзіны верасня, пакуль у Заходнюю Беларусь не ўступіла Чырвоная Армія.

У чэрвені ж 1941 года Брэсцкая крэпасць зноў зазнала страшныя разбурэнні падчас сваёй гераічнай абароны, якая доўжылася цэлы месяц — цяпер ужо як ад бомб, так і ад артабстрэлаў. Моцна пацярпеў Мікалаеўскі гарнізонны сабор, былі разбураныя касцёл ды кляштар бернардынаў і іншыя будынкі. Перабудаваны з уніяцкай царквы “Белы палац”, дзе ў 1918 годзе быў падпісаны Брэсцкі мір, быў пашкоджаны і разабраны ўжо ў пасляваенныя гады — але ў 1972 годзе яго руіны былі закансерваваныя, як помнік абаронцам крэпасці.

Сцены з бетону і людзі са сталі

Акупацыйныя лёсы Брэстчыны таксама склаліся не зусім звычайным чынам — захопнікі далучылі частку раёнаў Брэсцкай і Пінскай абласцей да Рэйхскамісарыята Украіна, што таксама мела свае наступствы ў правядзенні імі нацыянальнай палітыкі на гэтай тэрыторыі. Дарэчы менавіта заходнебеларуская Піншчына была месцам стварэння аднаго з першых партызанскіх атрадаў, які ўзначаліў Васіль Корж — колішні ўдзельнік партызанскага руху ў Заходняй Беларусі яшчэ ў 1920-ыя гады. Ужо 28 чэрвеня 1941 года яго атрад даў першы бой нацысцкім акупантам, зрабіўшы засаду на групу варожых танкаў. Агулам Васіль Корж правёў на акупаванай тэрыторыі 1119 дзён, кіруючы партызанскім рухам на Піншчыне і ў сумежных раёнах.

/i/content/pi/cult/864/18326/31.jpgКалі надышоў час вызвалення, акупанты не адразу змірыліся са сваёй паразай — у заходнебеларускіх гарадах яны стваралі ўмацаваныя раёны, рыхтуючыся да іх зацятай абароны. Так, напрыклад, у Пінску на беразе ракі Піны зберагліся да нашых дзён тры нямецкія доты, якія мусілі, паводле задумы гітлераўцаў, бараніць горад ад штурму з боку ракі. Тым не менш, 14 ліпеня савецкія войскі пры ўдзеле Дняпроўскай ваеннай флаціліі вызвалілі горад. Адным з першых адбітых у ворага ўчасткаў акурат і былі ваколіцы аднаго з дотаў на ўзбярэжжы, дзе размясціўся савецкі камандны пункт. Сёння гэты бетонны бункер музеефікаваны, побач размешчаная выстава вайсковай тэхнікі.

Член навуковага таварыства Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Дубаневіч адзначае, што Брэст у 1944 годзе немцы таксама не здалі без бою — яны спрабавалі стабілізаваць фронт у раёне горада, выкарыстоўваючы, у тым ліку, і ўмацаванні Брэсцкай крэпасці, якую, у выніку, давялося штурмаваць цяпер ужо савецкім войскам. Вайна на беларускай зямлі завяршылася 28 ліпеня 1944 года ў тым самым месцы, дзе пачыналася тры гады таму — з першымі разрывамі бомб і снарадаў на досвітку 22 чэрвеня 1941-га.

Ахвяры і героі

У розныя перыяды акупацыі гітлераўцы імкнуліся выкарыстоўваць любыя міжнацыянальныя альбо міжканфесійныя супярэчнасці паміж народамі Заходняй Беларусі, спрабуючы нацкоўваць адно на аднаго беларускае і польскае насельніцтва гэтых абшараў. Немцы з дапамогай сваіх мясцовых памагатых вынішчалі як беларусаў, якіх лёгка было абвінаваціць у сімпатыях да савецкай улады, так і палякаў, якіх таксама лічылі спрадвечнымі ворагамі Германіі, лаяльнымі ў дачыненні да даваеннага польскага ўраду.

Адным з найбольш жахлівых месцаў масавага знішчэння быў лагер смерці ў Калдычаве ля Баранавічаў, у якім былі расстраляныя, спаленыя жыўцом альбо па-зверску закатаваныя каля дваццаці двух тысяч чалавек — як беларусаў, так і палякаў, і яўрэяў. Лагер быў створаны на тэрыторыі колішняга шляхецкага маёнтка, людзей тут утрымлівалі ў гаспадарчых пабудовах, а часткова і пад адкрытым небам, прытым вязні зазнавалі пастаянныя здзекі з боку аховы. Перад наступам Чырвонай Арміі карнікі, каб схаваць сляды сваіх злачынстваў, расстралялі апошніх вязняў, зраўнялі з зямлёй месцы іх пахавання і зруйнавалі ўсе будынкі на тэрыторыі лагера. Да нашых дзён дайшлі толькі руіны лагернай турмы, якія былі закансерваваныя і ператвораныя ў мемарыял памяці ахвяр.

Вызваленне заходніх рубяжоў Беларусі прыспешыла актывізацыю баявых дзеянняў войск саюзнікаў на другім фронце ў Нармандыі, а таксама супала ў часе з адной з найбольш рэзанансных акцый нямецкага руху супраціву — замахам на Гітлера 20 ліпеня 1944 года, які, хоць і быў няўдалым, але паказаў усяму свету волю да барацьбы супраць чалавеканенавісніцкага рэжыму, якая не згасала нават сярод саміх немцаў, у самым сэрцы нацысцкай Германіі. Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1944 года былі адным з вызначальных фінальных акордаў, якія прывялі неўзабаве да поўнага разгрому гітлераўскай Германіі і ўсталявання міру не толькі на беларускай зямлі, але і ва ўсёй Еўропе. Тым больш важна сёння захоўваць памяць аб героях і ахвярах тых векапомных дзён, тых непапраўных стратах і незабыўных подзвігах, якія здарыліся на нашай зямлі ў апошнія дні перад вызваленнем.