Хто ўшануе Іх памяць?

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Ёсць гарады, дзе бег жыцця нібы спыніўся. Старыя камяніцы, помнікі сакральнай архітэктуры, брук, пакручастая планіроўка вуліц, вузкая палоска неба над галавой, нібы заціснутая жорнамі старых муроў, ні на хвіліну не даюць разняволіцца. Ты “цалкам там”, у гісторыі. Разам з ценямі далёкай мінуўшчыны. Спрыяе паўнаце гэтага пачуцця яшчэ і наяўнасць памятных дошак вядомым гістарычным дзеячам, якія тут жылі, працавалі, і, вядома ж, кахалі. Прычым некаторыя памятныя дошкі самі ўжо даўно сталі адметнасцямі, бо ім пад сотню год. Напрыклад, у Вільні (па-літоўску Вільнюс), аднаму толькі ліцьвіну-беларусу Адаму Міцкевічу, ураджэнцу Наваградчыны, іх некалькі. А ёсць яшчэ і іншым, не менш вядомым нашым землякам — Францішку Скарыну, Ігнату Дамейку, Станіславу Манюшку, Францішку Багушэвічу, Кастусю Каліноўскаму і інш.

/i/content/pi/cult/863/18313/012.jpgМінск, багатая гісторыя

Так гістарычна адбылося, што яшчэ не так даўно Менск, а сёння Мінск, сталіца Беларусі, за апошнія дзвесце год зведаў вельмі значныя “перабудовы”. Драўляны горад не раз гарэў. Была знішчана ратуша і яе суседка, касцельная гадзіннікавая вежа, пайшлі пад злом старыя камяніцы, закапалі і менскае гарадзішча, якія падаваліся не вартымі ўвагі “чалавеку будучыні”. Натуральна, дасталося і храмам, з якімі было звязана столькі важных і цікавых падзей.

Ачомаўшыся, штосьці з “цяжкай спадчыны” нашых продкаў аднавілі. Дзе-нідзе нават з’явіліся памятныя дошкі (у метале ці шкле), на якіх ёсць імёны дзеячаў ХІХ стагоддзя. Але да прыкладу на доме Збігнева Свяціцкага (гл. “К” № 17, 2021) няма згадкі пра былога гаспадара, які быў не толькі таленавітым інжынерам, але і гаспадаром першага менскага таксаматорнага парка, які размяшчаўся ва ўнутраным двары дома. Цікавы ж факт для экскурсійнага маршрута! То бок, гораду нашаму хутка 1000 год, а помнікаў, памятных дошак вядомым мінчукам мінулых стагоддзяў (ці “гасцям” горада) зусім мала. Літаральна, адзінкі.

Днямі, шыбуючы па вуліцы Леніна, я ўзгадаў размову з вядомым оперным спеваком, кіраўніком “Беларускай капэлы” спадаром Віктарам Скарабагатавым. Падчас гэтай размовы было закранута пытанне праектаў ушанавання памяці вядомых беларускіх музычных дзеячаў ХІХ стагоддзя. Хоць, падавалася, гэтыя праекты мелі ўсе шанцы на поспех і павінны былі ажыццявіцца шмат год (дзесяцігоддзяў) таму. Тая размова стала падставай для “праблемнага” інтэрв’ю, якое адбылося пад мурамі Вялікага опернага тэатра. Некаторыя месцы з якога мы і публікуем.

/i/content/pi/cult/863/18313/013.jpgГарадскі тэатр на месцы гатэля “Еўропа”

Віктар Скарабагатаў: — На мой погляд было б няблага музычным дзеячам, якія добра і сур’ёзна адзначыліся ў нашай гісторыі, сям-там нейкія знакі паставіць. Сярод іх, напрыклад, браты Стэфановічы — Дамінік і Вікенцій. Усё ж такі яны кіравалі мінскім сімфанічным аркестрам, база якога доўгі час была ў канцэртнай зале на другім паверсе Ратушы. А яшчэ Дамінік Стэфановіч вядомы тым, што навучаў музыцы такіх вядомых беларускіх кампазітараў, як Станіслаў Манюшка і Фларыян Міладоўскі, а яшчэ Камілу, дачку класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тут, як бачыце, сама сабой напрошваецца думка пра памятную дошку на ратушных мурах.

А ў доме, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 21, дзе на другім паверсе жылі некаторыя Манюшкі, на першым паверсе была нотная крама выдавецтва Аляксандра Валіцкага  — аднаго з найбліжэйшых сябраў Станіслава Манюшкі і яго першага біёграфа (!). Гэта ж таксама чалавек вельмі годны таго, каб яго ўшанаваць ў Мінску праз нейкую пямятную дошку. А згаданы ўжо Міладоўскі? Ён жа другая па значнасці фігура пасля Манюшкі. Вучыліся яны ў адным класе мінскай гімназіі. Музыцы ж спярша вучыліся ў Дамініка Стэфановіча, а працягвалі прафесійную адукацыю ў Германіі, спярша Манюшка, потым Міладоўскі. Дарэчы, прэм’ера славутай аперэты “Канкурэнты” (музыка Міладоўскага, лібрэта Міхала Лапіцкага і Уладыслава Сыракомлі) адбылася тут, у Мінску, у Міладоўскага. А Валіцкі выдаў усё, што было нотнага з “Канкурэнтаў”, 7 нумароў. І не толькі. Зборнік вакальных твораў, прысвечаны Ахілесу Банольдзі (спявак, танцмайстар, фатограф), таксама ж выдаў менавіта Валіцкі.

І вось. Міладоўскаму ніякіх адзнакаў няма ў Мінску. Стэфановічам, братам, ніякіх знакаў няма, а яны вартыя таго, каб быць адзначанымі недзе тут. Так што, на мой погляд, ёсць пытанні.

Тое самае тычыцца і тых будынкаў, дзе яны жылі, працавалі, бывалі. Напрыклад, у касцёле на Залатой горцы Дунін-Марцінкевіч сваіх дзяцей хрысціў, бо жыў побач. А славуты дзядзька Станіслава Манюшкі, Дамінік, на могілках пры касцёле быў пахаваны. Чым не нагода для таго, каб ім прысвяціць памятныя камяні або дошкі?

Што датычыцца праектаў, то на месцы сённяшняга гатэля “Еўропа” да збудавання ў 1890 годзе тэатра, які цяпер мае назву Тэатр імя Янкі Купалы, месціўся гарадскі тэатр. Прапіску ў колішнім палацы Радзівілаў ён займеў пасля рэканструкцыі 1825 года. Гэты будынак прастаяў да 1984 года (!), пакуль яго не зруйнавалі. І мала хто, акрамя гісторыкаў, ведаў, што гэты будынак у сярэдзіне ХІХ стагоддзя быў гарадскім тэатрам. І што менавіта на гэтай сцэне ставіў свае спектаклі Манюшка, ставіў спектаклі Дунін-Марцінкевіч, разам яны паставілі ў 1852 годзе “Сялянку”. І што менавіта тады, у 1852 годзе, упершыню з акадэмічнай опернай сцэны ў сценах тэатра загучала беларуская мова! І таму, на мой погляд, на будынку гатэля “Еўропа” трэба павесіць мемарыяльную дошку, што менавіта тут у сярэдзіне ХІХ стагоддзя стаяў мінскі гарадскі тэатр, на сцэне якога адбылася прэм’ера оперы “Сялянка”, яна ж “Ідылія”, на лібрэта Дуніна-Марцінкевіча, з музыкай Манюшкі і Канстанціна Крыжаноўскага. Дарэчы, оперы “Сялянка” ў наступным годзе споўніцца 170 год. Будзе і юбілей у самога Манюшкі. У 2022 годзе споўніцца 150 год з дня смерці. Такая падвойная нагода выдатная падстава для актывізацыі праекта!

— Спадар Віктар, Вы казалі, што праект усталявання гэтай дошкі з нейкай прычыны не дайшоў да рэалізацыі.

— Дырэктар гатэля, з якім я сустракаўся, быў зусім не супраць. Было гэта два гады таму, на гадавіну Манюшкі. Была дамова і з загадчыкам кафедры скульптуры Акадэміі мастацтваў Уладзімірам Слабодчыкавым, каб выпускны курс зрабіў такую работу, адну з дыпломных прац гэтага курса. Узгоднена гэта было і на рэктараце ў Акадэміі мастацтваў. То бок, усё было ўзгоднена. Адзіная праблема, не было грошай, каб набыць адпаведныя матэрыялы. Мы нават з Уладзімірам Мішчунчуком, дэканам тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў прыходзілі і глядзелі, з якога боку будынка і дзе можна было б усталяваць гэту мемарыяльную табліцу. Прыйшлі да высновы, што лепей было б, каб табліца глядзела не на плошчу Свабоды, а на вуліцу Леніна.

— Сапраўды, з боку вуліцы будзе лепей. Там амаль на кожным з дамоў, пачынаючы ад дома Свяціцкага, маюцца такія памятныя дошкі, якія прысвечаны асобам або падзеям. А што наконт праекта ўшанавання памяці такой знакавай для Беларусі постаці як паэт Тамаш Зан?

— Што ж тычыцца Зана, то, безумоўна, і ён варты такой згадкі. Пэўны час сям’я Станіслава Манюшкі жыла ў іншым доме, шырока вядомым як “Дом масонаў”. Аднойчы, пішучы ліст сваёй жонцы, апісваючы ёй краявіды тагачаснага Мінска, ён вымушаны быў перарваць апавяданне, бо да яго зайшоў сусед. Якім быў... Тамаш Зан. Прыязджаючы ў Мінск па справах, ён здымаў у гэтым доме кватэру. І таму нарадзілася думка пра тое, што няблага было б усталяваць памятную дошку, напрыклад такую, як на будынку школы, што на плошчы Свабоды (дзе вучыліся філаматы і іншыя знакамітыя ў будучыні асобы). На ёй, сярод іншых вядомых жыхароў, мусіць быць узгаданы паэт Тамаш Зан. У якога сёлета, як вядома, 225-я гадавіна нараджэння!

Паступова наша размова перайшла на іншыя, не менш важныя тэмы. Пра што мы плануем распавесці ў адным з бліжэйшых нумароў нашай газеты.

Што ж датычыцца ўшанавання памяці згаданых у гэтым тэксце выдатных музычных дзеячаў, то цяжка паверыць, што справа “ляжыць аблогам” толькі з-за таго, што няма сродкаў на матэрыялы. Няўжо ў нашай краіне няма сродкаў, каб вырабіць тры-чатыры памятныя табліцы славутым сынам Беларусі? Ці мы яшчэ проста недаспелі да разумення, што справа гэта годная і, галоўнае, неабходная?!

Што ж, будзем трымаць праблему навідавоку. І абавязкова паведамім пра любыя пазітыўныя зрухі. А калі ў вас, шаноўныя чытачы, з’явяцца прапановы і думкі на гэты конт, просім неадкладна звязацца з намі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар