Вяртае і “вяртаецца”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Пагаварыўшы з Надзеяй МІКУЛІЧ усяго трошкі, становіцца зразумелым, чаму яна, па яе ўласным выразе, такая шчаслівая. Праз 37 гадоў у яе рэпертуар вярнулася песня “Тополиный пух”, з якой пачыналася спеўная кар’ера. “Верасы” аб’яднаюцца ў “залатым” складзе толькі дзеля ейнага заўтрашняга творчага вечара ў Белдзяржфілармоніі. Ды і 10 песень (цэлы альбом!) за год — уласны рэкорд спявачкі. “Я люблю працаваць, спяваць”, — кажа Надзея Анатольеўна і тут жа напявае “Госці мае”.

 /i/content/pi/cult/181/1831/Vyartaje.jpg

— А вось у мяне асабіста Надзея Мікуліч найперш асацыіруецца з песняй “Авэ, Марыя” на верш Максіма Танка…
— У 1983 годзе рыхтавалася да Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады, і не мела рэпертуару, каб ехаць у Маскву. Якраз у той час Эдуард Зарыцкі напісаў гэтую песню. Напачатку мне не зусім падабалася, што тэкст — мужчынскі, і мне спяваць гэты твор было нават няёмка. Тым не менш, праспявала па-беларуску. І мастацкі савет яе не прыняў. Праз некаторы час перазапісала па-руску — ухвалілі. Выступіўшы з гэтым творам у Маскве і вярнуўшыся ў Мінск, запісала песню з аркестрам Беларускага радыё пад кіраўніцтвам Барыса Райскага. Была надзвычай уражана сумеснай працай, а гэты запіс, між іншым, застаўся ў фондзе Беларускага радыё.
— У вашым рэпертуары наогул багата песень, напісаных на вершы вядомых паэтаў.
— А ведаеце, чаму? Пэўны час я працавала разам з артысткай размоўнага жанру Ганнай Рыжковай, якая вельмі добра ведала беларускую паэзію. Яна мне знаходзіла вершы, і літаральна “не злазіла” з мяне, пакуль я не пачынала пісаць штосьці. І адмовы кшталту “Я ж не кампазітар!” не праходзілі. Ганна Паўлаўна казала: “Любачка, ты ўсё можаш!” І сапраўды — стала атрымлівацца! Нават калі я пішу музыку, а пасля на яе пішуць словы, то абавязкова робяць сюжэтныя тэксты.
— А сюжэт у песні — гэта што?
— Жыццё. І ўсё з яго. Напрыклад, у мяне была напісана музыка, і я ўяўляла, што гэты твор — пра маё першае каханне. З гэтым чалавекам мы не сышліся, у кожнага — свой лёс. І словы Аляксандра Стрыгалёва паклаліся на музыку так, што гледачы сапраўды вераць: пра сябе спяваю. А ў дуэце з Рыгорам Палішчуком выконваю песню, дзе каханне — моцнае і сапраўднае. Нават дачка, калі была меншай, спыталася:“Чаму спяваеш з дзядзем Грышам пра тату?”
— Да сваёй “круглай” даты на сцэне, напэўна ж, падрыхтавалі падарункі…
— Пазнаёмілася з незвычайнай групай-студыяй “Пяты сезон”, якая будзе ўдзельнічаць у маім канцэрце. Думаю, што выканаем нешта разам. Для мяне сталася адкрыццём сустрэча з аўтарам і выканаўцам Аляксеем Скрыпнікам. Ён мне паказаў свой раманс, і спачатку падумалася: гэта твор для мяне. Але пасля вырашыла: будзе выдатны дуэт! А яшчэ адным падарункам стане прысутнасць на канцэрце “Верасоў” тых часоў, калі я там працавала.
— З якімі пачуццямі трапляеце ў “машыну часу” на адзін вечар?
— Заўжды, калі мы збіраемся разам, нават на рэпетыцыі, настрой узнімаецца і маладосць у душы адчуваецца неверагодная! На жаль, адбываецца гэта даволі рэдка. А ведаеце, як прыемна сустрэцца? Мне нават учора ў філармоніі прапанавалі: ці не зрабіць традыцыяй мае канцэрты раз на год? Разумею, маецца на ўвазе найперш выступленне легендарных “Верасоў”, але тут усё залежыць ад магчымасцей колішніх удзельнікаў ансамбля.
— Канцэртам у Белдзяржфілармоніі завяршаеце свой юбілейны год. Які яго даробак?
— Дзесяць новых песень! Гэта вельмі шмат. Прыгадваю толькі адзін год, калі выдала адзінаццаць песень за год. Звычайна ж адна-дзве пішуцца. Так што ёсць нагода выдаваць альбом! Папраўдзе, я нават не ведаю, адкуль сілы…
— За 35 гадоў творчага шляху, напэўна, вызначыліся песні, якія стала прапісаліся ў рэпертуары Надзеі Мікуліч?
— Каб вы ведалі, як я люблю ўсе свае песні і як мне заўжды шкада “выкідваць” нешта з канцэрта! Дакладна не знікне заключная песня маіх канцэртаў — “Госці мае”. Бо яна пра нас, беларусаў. А ў апошні час і наогул занялася аднаўленнем свайго “верасоўскага” рэпертуару. Знайшла адну з першых маіх песень у ансамблі “Я вам совсем не нравлюсь”, вяртаю да слухача шэраг маіх першых выкананых твораў пад гітару — “Я вернусь” Эдуарда Зарыцкага, “Ксенія” Уладзіміра Будніка. А з першага праслухоўвання ў сталічнай філармоніі засталася песня “Тополиный пух” Юрыя Саульскага. І вось я цяпер дужа шчаслівая, што ў мяне нанова вярнуліся ў рэпертуар такія прыгожыя песні!
— Такое аднаўленне старых твораў — спроба ўвайсці ў заўтра на старых хітах ці папросту настальгія?
— На маю думку, усё ж настальгія. Цяпер і мода на яе з’явілася. Але калі большасць адраджае чужыя рэчы, то я вяртаю слухачу і сабе выключна ўласныя. Штоноч сніцца, нібы выступаю на сцэне... 

Сяргей ТРАФІЛАЎ