“Лістапад”, “Анімаёўка”, прэм’еры і юбілеі

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Пра кінапрэм’еры восені, пра юбілеі славутых дзеячаў кіно і прысвечаныя ім рэтраспектывы і выстаўкі, пра новыя ўмовы правядзення Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” і пра многае іншае расказалі на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Як адзначаецца, пасля даволі працяглага перапынку кінастудыя ўвайшла ў больш актыўную фазу дзейнасці.

/i/content/pi/cult/863/18308/04.jpgАбвешчана, што сёлета Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе з новым арганізатарам, і гэта будзе Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Як паведаміў вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра “Беларусьфільма” Юрый Ігруша, зараз рэгламент удакладняецца, але і канцэпцыя, і конкурсы — ігравога кіно, дакументальнага, маладога, фестываль “Лістападзік” для дзіцячага кіно — захаваюцца. Гэтак жа будзе працаваць індустрыяльная платформа. У кожнага напрамку з’явяцца свае новыя дырэктары і адборшчыкі, і ўсё будзе адпавядаць патрабаванням FIAPF — Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў, якой “Лістапад” акрэдытаваны як конкурсны фестываль для фільмаў, створаных у краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе.

— Мы з павагай ставімся да папярэдняй каманды, — зазначыў Юрый Ігруша, — і не хочам страціць дасягнутае. Тым не менш, будуць і дадатковыя крэатыўныя рашэнні. Мы глядзім з аптымізмам, хоць і ідуць нейкія размовы, быццам фестываль прападае — наадварот, ён атрымаў новую хвалю свайго развіцця.

XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе з 20 па 26 лістапада.

Сёлета ў беларускага кінематографа многа юбілейных дат, і кожная з іх адзначаецца па-свойму. На першым плане — 50-годдзе беларускай анімацыі, чаму ўжо было прысвечана нямала адметных падзей. На заканчэнне юбілейнага года на Дзень беларускага кіно, што традыцыйна святкуецца 17 снежня, будзе зладжаны шырокі паказ “Залатой калекцыі беларускай анімацыі”. 25 кастрычніка споўніцца 85 гадоў з дня нараджэння славутага кінарэжысёра Віктара Турава, аўтара вялікай колькасці фільмаў, што сталі класікай беларускага кінематографа, — “Я родам з дзяцінства”, “Вайна пад дахамі”, “Людзі на балоце” і многіх іншых: гледачоў чакае рэтраспектыва знакамітых стужак гэтага творцы. Гэтаксама не будуць забытыя стогадовыя юбілеі пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна, паводле твораў якіх былі знятыя значныя для беларускага кіно фільмы.

10 жніўня ў Музеі гісторыі беларускага кіно адкрылася выстава “50 гадоў у кіно. Дэкарацыі ў кадры”, прысвечаная 75-годдзю мастака-пастаноўшчыка і мастака-дэкаратара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Івана Рагаценя. Ад імя кінастудыі з юбілеем Івана Аляксандравіча павіншаваў Юрый Ігруша і ўручыў яму памятны медаль. А старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў ад імя сваёй арганізацыі ўзнагародзіў Івана Рагаценя залатым медалём імя Юрыя Тарыча і ўручыў ганаровы членскі білет Саюза кінематаграфістаў.

/i/content/pi/cult/863/18308/05.jpgІван Рагацень — адзін з самых заслужаных і знакамітых мастакоў кіно, які працаваў практычна ва ўсіх фільмах, што ўваходзяць у залаты фонд беларускага кінамастацтва. Увогуле, у спісе яго работ каля сарака самых разнастайных фільмаў і серыялаў. Разам з уласным 75-годдзем Іван Рагацень адзначае і 50-годдзе сваёй працы ў кіно, таму можна згадаць і самыя даўнія яго славутыя работы — “Я, Францыск Скарына” рэжысёра Барыса Сцяпанава, “Вянок санэтаў” Валерыя Рубінчыка, “Час яе сыноў” Віктара Турава… З больш новага часу — дагэтуль папулярны ў гледачоў беларускі кінафільм рэжысёра Міхаіла Пташука “У жніўні 44-га…”. Сам мастак з цеплынёй згадвае і фільм “Франц + Паліна” рэжысёра Міхаіла Сегала паводле твора Алеся Адамовіча, называе яго “сваёй любоўю”. І ў сучаснай серыяльнай індустрыі майстар вельмі запатрабаваны — за працу над серыялам “Вольф Мессинг. Видевший сквозь время…”, што здымаўся ў Беларусі, Іван Рагацень намінаваўся на прэстыжную расійскую прэмію “Тэфі”: увогуле, з расійскім рэжысёрам Уладзімірам Краснапольскім у Івана Рагаценя сем сумесных работ. Працаваў Іван Аляксандравіч і над нядаўнім гучным серыялам “Угрум-рака”.

На выставе ў Музеі гісторыі беларускага кіно наведвальнікі могуць зазірнуць у творчую лабараторыю мастака: убачыць эскізы і рабочыя чарцяжы дэкарацый, кадры з фільмаў, шэраг арыгінальных прадметаў са здымак, а таксама аўтарскія малюнкі і графіку Івана Рагаценя.

На бліжэйшы час у кінастудыі маюцца планы на прэм’ерныя паказы. Найперш, мабыць, варта звярнуць увагу на тэлесерыял “Ілюзіі”, праца над якім была скончана яшчэ два гады таму. Нарэшце ён дачакаўся тэлеэфіру — на пачатку восені гэты васьмісерыйны фільм убачаць гледачы тэлеканала СТБ. “Ілюзіі” прадстаўляюцца як першы беларускі маладзёжны серыял, хаця на пачатку планаваўся сітком, — але ў працэсе працы стваральнікі вырашылі адмовіцца ад закадравага смеху і апладысментаў. Рэжысёр Іван Паўлаў. Сюжэт развіваецца вакол арт-кафэ, якім кіруюць актыўныя маладыя людзі: яны ладзяць выставы і канцэрты, ставяць спектаклі. Па задуме, у серыяле многа маладзёжнай музыкі, і ў кожнай серыі павінна выступіць якая-небудзь папулярная група.

Гэтай восенню да шырокага гледача нарэшце выйдзе ігравы фільм “Авантуры Пранціша Вырвіча” рэжысёра Аляксандра Анісімава. Паўтара года таму адбылася ўрачыстая прэм’ера фільма ў Доме кіно, але пракат так і не пачаўся. За гэты час у “Авантур Пранціша Вырвіча” з’явіўся варыянт на беларускай мове. Неўзабаве ў кінатэатрах можна будзе ўбачыць фільм і на рускай, і на беларускай мовах. Абмяркоўваецца і выпуск на экраны доўгачаканай стужкі Уладзіміра Янкоўскага “Купала”. Паводле слоў Юрыя Ігрушы, гэтае пытанне зараз у стадыі рашэння, асабліва з улікам правядзення кінафестывалю “Лістапад”.

Неўзабаве гледачам варта чакаць прэм’еры міні-серыяла “Сляды апосталаў — 2” рэжысёра Сяргея Талыбава. На стварэнне другога сезона паўплываў поспех першага, у якім героі расшуквалі ў Нясвіжскім замку скарбы Радзівілаў. У “Сляды апосталаў — 2” у цэнтры ўвагі герояў — скарбы, вывезеныя Напалеонам з Масквы. Цікавасць да новага серыяла ўжо праявілі замежныя тэлеканалы з Расіі і Украіны.

Зараз на кінастудыі ідуць здымкі тэлесерыяла “Полымя пад попелам” (рэжысёр Іван Паўлаў), прысвечанага беларускім размінёрам. Дзеянне ў ім адбываецца адразу ў двух часовых перыядах: у нашай сучаснасці і ў 1945 годзе. Заканчваюцца здымкі чатырохсерыйнага вострасюжэтнага дэтэктыва “У пошуках анёла” рэжысёра Ігара Чацверыкова. Па сюжэце, супрацоўнік раённага аддзела міліцыі і дзіцячы псіхолаг спрабуюць раскрыць справу аб знікненні і гібелі падлеткаў, якая скаланула невялікі правінцыйны горад.

Вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра кінастудыі “Беларусьфільм” Юрый Ігруша звяртае ўвагу і на своеасаблівую “прэм’еру”, што неўзабаве чакае беларускіх гледачоў. На кінастудыі ўжо пэўны час вядзецца работа па рэстаўрацыі і алічбоўцы старых фільмаў з архіўнай кінастужкі. Гэтым летам у кінатэатрах быў паказаны адрэстаўраваны фільм 1949 года рэжысёра Аляксандра Файнцымера “Канстанцін Заслонаў”, і вось скончана праца над яшчэ адной легендарнай беларускай стужкай — “Горад майстроў”, якую ў 1965 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” зняў рэжысёр Уладзімір Бычкоў.

Сярод іншых падзей варта звярнуць увагу на Тыдзень індзійскага кіно, што пачаўся 10 жніўня ў Мінску ў кінатэатры “Беларусь” — напярэдадні 75-й гадавіны незалежнасці Індыі. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Алок Ранджан Джа, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі і дыпламатычнага корпуса.

— Супрацоўніцтва Беларусі і Індыі ў галіне кінематографа няспынна развіваецца, — сказаў Валерый Грамада. — У 2019 годзе было падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж кінастудыяй “Беларусьфільм” і індыйскай кампаніяй Scintillating Global, індыйскае кіно штогод прадстаўляецца на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, а беларускія фільмы ўдзельнічаюць у індыйскіх кінафестывалях і атрымліваюць прызы.

Пра супрацоўніцтва “Беларусьфільма” і Балівуда гаворыць і Юрый Ігруша: “Індыя праяўляе вялікую цікавасць да сумесных праектаў, індыйскія партнёры плануюць прыехаць да нас вялікай дэлегацыяй, разам мы робім ужо другі фільм”. Увогуле, колькасць сумесных праектаў і з іншымі краінамі вырасце ў параўнанні з апошнімі гадамі.

Сталі вядомымі даты правядзення і яшчэ аднаго слаўнага беларускага кінафестывалю: Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” пройдзе ў Магілёве з 25 па 27 кастрычніка. Зараз ужо адкрыты прыём заявак на ўдзел у конкурсах анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.