Газета — рэгіёны — чытач

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г


— У самым канцы верасня — у пачатку кастрычніка ў Казахстане пройдуць Дні культуры Беларусі. Прадстаўляць нашу краіну будуць дзеячы культуры і мастацтва не толькі са сталіцы, але і з рэгіёнаў, у прыватнасці магілёўскі ансамбль “Медуніца”. Як рыхтуюцца магіляўчане да мерапрыемства?

— Мастацкі кіраўнік ансамбля “Медуніца” Валянціна Кандрацьева:

— Наш гурт спецыялізуецца на беларускіх песнях, найгрышах, танцах. Вялікая частка рэпертуару — выключна мясцовы фальклор. Хаця да паездкі на Дні культуры Беларусі ў Казахстан яшчэ ёсць пэўны час, “Медуніца” ўжо ведае, чым здзівіць, бо рэпертуар напрацаваны за многія гады работы.

У 2017-м мы таксама ездзілі ў Казахстан, былі ўражаны велічнасцю і чысцінёй іх сталіцы. А даўней былі з Днямі культуры і ў Кітаі, і ў Італіі. Вось у сакавіку наступнага года паедзем у Дубай.

Задача нашага гурта — назапашвац ь самабытны беларускі фальклор, дзяліцца ім з гледачом і перадаваць маладому пакаленню выканаўцаў. Я сама як выкладчыца Магілёўскага каледжа мастацтваў выбіраю таленавітую моладзь і запрашаю яе на размеркаванне да нас. Некаторыя застаюцца працягваць традыцыі, а тыя, хто сыходзіць, напрыклад, у сучасную харэаграфію, атрымоўваюць вялікую творчую базу.

— Пытанне пра безбар’ернае асяроддзе ва ўстановах культуры. Як у Гродзенскай вобласці наладжваюць камунікацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

— Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык:

— У Гродне, напрыклад, у будынку філармоніі ёсць усе камунікацыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут і ліфт, і сядзенні, і пад’езды. Сёлета ў першым паўгоддзі Гродзенская абласная бібліятэка набыла 140 кніг са шрыфтам Брайля. Наогул, згодна са спецыяльнай праграмай Міністэрства сацыяльнай абароны, безбар’ерны асяродак планава рэалізуецца і ў абласным цэнтры, і ў раёнах. А ў планах новых будынкаў устаноў культуры заложаны ўсе меры, якія дазволяць людзям з абмежаванымі магчымасцямі наведаць тыя ўстановы культуры, у якія ім хочацца трапіць.

— Штогод адбываецца конкурс прыгажосці “Міс Беларусь”. Маладыя дзяўчаты адбіраюцца ў фінал не толькі па знешніх дадзеных, але і па талентах, якія дэманструюцца ў “візітоўцы”, і па энергетыцы, якой яны зачароўваюць членаў журы. Як адбіраліся прыгажуні ў Гомельскай вобласці?

— Дырэктар дзяржаўнай установы “Цэнтр моды і прыгажосці “Крыштальная німфа” Марыя Тушынская:

— У фінал конкурсу, які адбудзецца 10 верасня, ад нашай Гомельскай вобласці былі адабраны 4 дзяўчыны з 35. Гэта прадстаўніцы Рагачоўскага, Жлобінскага, Петрыкаўскага раёнаў і горада Гомеля. Канкурсанткі на абласным узроўні прадэманстравалі добрыя творчыя поспехі ў розных сферах. Так, студэнткі і выпускніцы Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта прадставілі сацыяльныя праекты, звязаныя са сваім уяўленнем, як яны хочуць змяніць навакольны свет. Лейтматывам адбору стала тэма любові да Беларусі. Ацэньвала дзяўчат высокае сталічнае журы.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ