Разам на вайне і ў міры

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Паводле звестак, атрыманых падчас апошняга перапісу насельніцтва, што прайшоў у 2019 годзе, у Беларусі сёння жывуць каля васьмі з паловай тысяч татар. З 1991 года, вось ужо цягам трох дзесяцігоддзяў, дзейнічае Беларускае згуртаванне татар-мусульман “Аль-Кітаб”, а з 1994-га — Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Як складваўся лёс татарскага народа на беларускай зямлі і якую ролю адыгралі татары ў гісторыі нашай краіны?

Першыя татары з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ ў пачатку XIV стагоддзя — лічыцца, што яны былі запрошаныя сюды вялікімі князямі літоўскімі з Залатой Арды і Крыма на вайсковую службу. Паводле вядомага даследчыка гісторыі і культуры беларускіх татар Ібрагіма Канапацкага, згадкі пра першы татарскі атрад у войску Вялікага Княства Літоўскага датуюцца ўжо 1319 годам, падчас княжання Гедыміна — тады татары разам з продкамі сучасных беларусаў супольна супрацьстаялі нападам рыцараў-крыжакоў Тэўтонскага ордэна. Пашыранае памылковае меркаванне, нібыта татары трапілі на беларускія землі як ваеннапалонныя, але той факт, што іх ніхто не змушаў да змены веравызнання, сведчыць, што насамрэч яны былі запрошаныя для службы ў войску. Удзельнічалі татары на баку Вялікага Княства Літоўскага і ў славутай Грунвальдскай бітве 1410 года.

/i/content/pi/cult/862/18303/026.jpgТатары складалі большасць сярод такіх перасяленцаў, але былі сярод іх і прадстаўнікі іншых народаў, якія спавядалі іслам. Так ці іначай, гістарычна склалася традыцыя называць гэтую супольнасць татарамі, хаця ў якасці саманазвы ўжываецца азначэнне “мусульмане”, паводле веравызнання. Асноўнымі заняткамі татар у Беларусі заставаліся вайсковая служба альбо агародніцтва ці рамесніцтва — у залежнасці ад сацыяльнага стану і шляхецкага альбо простага паходжання. У выніку міжэтнічных шлюбаў многія татары асіміляваліся, і таму цэлы шэраг беларускіх шляхецкіх родаў мае татарскае паходжанне і характэрныя прозвішчы.

Варта хаця б згадаць, што татарскія карані мелі, напрыклад, такія выбітныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху пачатку мінулага стагоддзя і заснавальнікі беларускай дзяржаўнасці, як браты Іван і Антон Луцкевічы. Іван Луцкевіч, які паклаў пачатак калекцыі Беларускага музея ў Вільні, ведаючы аб паходжанні свайго роду, надаваў вялікую ўвагу збіранню гістарычных артэфактаў, звязаных з мінуўшчынай і культурай беларускіх татар. Таксама ён даследаваў помнікі татарскага пісьменства ў Беларусі, так званыя кітабы — кнігі, пісаныя па-беларуску, але арабскім пісьмом, якія ствараліся на нашых землях з XVI стагоддзя. Гэтая культурная з’ява, дарэчы, яшчэ раз сведчыць аб тым, што мясцовыя татары ў тыя часы даволі хутка асіміляваліся ў тутэйшае асяроддзе, паступова забываючы мову продкаў.

Татарская вуліца

Тым не менш беларускія татары захоўвалі сваю веру і адметныя традыцыі, а ў гарадах часта сяліліся ў асобных раёнах, што знайшло адлюстраванне ў тапаніміцы многіх гарадоў і мястэчак Беларусі. Так, напрыклад, у Мінску мясцовасць, дзе пражывалі татары, спрадвек называлася Татарскімі гародамі (што яшчэ раз сведчыць аб занятку, якім многія з іх зараблялі на жыццё). Сёння гэта раён вуліцы Дзімітрава, якая раней называлася Вялікай Татарскай, і некалі менавіта ў гэтых ваколіцах, каля цяперашняй гасцініцы “Юбілейная”, стаяла старая мінская мячэць, якая не захавалася. Ужо ў наш час мячэць у Мінску была адбудаваная ў выглядзе, набліжаным да першапачатковага, але на новым месцы — ля скрыжавання сучасных вуліц Татарскай і Грыбаедава, у скверы, які захаваўся на месцы колішніх татарскіх могілак, дзе зберагліся старыя надмагіллі.

Мячэці і мусульманскія малельныя дамы захаваліся таксама ў многіх мястэчках, дзе шмат стагоддзяў існуюць татарскія супольнасці, некаторыя з гэтых будынкаў з’яўляюцца архітэктурнымі помнікамі. Найбольш выдатныя ўзоры сакральнага драўлянага дойлідства сярэдзіны — канца XIX стагоддзя ўяўляюць сабой мячэці ў Навагрудку і Іўі. У апошнім мястэчку сёння жыве каля паўтысячы мусульман. Характэрная дэталь тутэйшага краявіду — мноства цяпліц: багата хто з мясцовых татар па-ранейшаму займаецца агародніцтвам, як і іх продкі. Татары кампактна насяляюць паўднёвую ўскраіну Іўя, вядомую пад назвай Мураўшчызна, у ваколіцах якой раскінуліся некалькі старадаўніх татарскіх могілак. Зрэшты, старыя мусульманскія могілкі захаваліся ў многіх мястэчках на захадзе Беларусі і на Міншчыне, дзе некалі жылі татары, — у Беразіне, Докшыцах, Капылі, Карэлічах, Міры, Скідзелі, Слоніме, Уздзе і яшчэ двух дзясятках меншых паселішчаў.

/i/content/pi/cult/862/18303/027.jpgБаронячы сваю зямлю

Як ужо згадвалася, асноўным заняткам беларускіх татар цягам доўгіх стагоддзяў заставалася вайсковая служба. У часы Вялікага Княства Літоўскага яны складалі аснову яго кавалерыі, і нават у XVIII стагоддзі ў войску Рэчы Паспалітай налічвалася некалькі татарскіх палкоў, што складаліся з мусульман, якія жылі на беларускіх землях. Татарскія кавалерыйскія часткі ствараліся таксама ў XIX стагоддзі, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, як у расійскай імператарскай арміі, так і ў войску Напалеона.

Адзначыліся беларускія татары і ў барацьбе супраць нацысцкіх акупантаў падчас апошняй вайны. Так, напрыклад, немалую ролю ў дзейнасці мінскага падполля адыгрываў татарын Хасан Александровіч, які ў 1942 годзе зрабіўся наборшчыкам падпольнай газеты “Звязда”, што была адзінай крыніцай непадцэнзурнай інфармацыі ў акупаваным горадзе. Пасля вайны колішні падпольшчык займаў пасаду загадчыка вытворчага аддзела выдавецтва Акадэміі навук БССР. Памёр Хасан Александровіч у 1959 годзе: ягоная магіла — адзінае пахаванне, што захавалася некранутым на колішніх татарскіх могілках у Мінску. Дарэчы, на фронце змагаўся супраць гітлераўцаў і сын Хасана Александровіча, Іосіф.

Акрамя таго, у дзейнасці падполля актыўна ўдзельнічала група татарскай сям’і Адамовічаў, мінскія татары ўваходзілі ў склад падпольнай групы, што дзейнічала на гарбарным заводзе, а таксама разведвальна-дыверсійных груп “Мсціўцы” і “Першыя”. Паводле звестак, выяўленых даследчыцай Святланай Грыбавай, мясцовыя татары бралі ўдзел таксама ў дзейнасці падполля ў Брэсце, Капылі і Уздзе. Многія татары таксама далучаліся да партзанскага руху альбо ратавалі яўрэяў — ахвяр нацысцкіх карных акцый, — некаторым з іх нададзена званне Праведнікаў народаў свету. Многія мясцовыя татары былі мабілізаваныя (пераважна ў 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі) і ваявалі на фронце ў складзе Чырвонай арміі. Акрамя таго, татарскія часткі з ліку ўраджэнцаў Беларусі існавалі ў 2-м Польскім корпусе на чале з генералам Уладзіславам Андэрсам — такім чынам, беларускія татары змагаліся супраць нацызму таксама на Блізкім Усходзе і на заходнім фронце ў Еўропе.

Як бачым, беларускія татары пакінулі ў гісторыі Беларусі немалы след, сумленна працуючы на карысць усіх народаў, што насяляюць нашу зямлю, і баронячы яе ад самых розных ворагаў і заваёўнікаў на працягу доўгіх стагоддзяў, а іх культурная спадчына зрабілася неад’емнай часткай агульнага духоўнага набытку ўсіх жыхароў краіны.