Дзяніс Мацуеў. |
На “біс” ён сольна выканаў пералажэнне папулярнай п’есы Э.Грыга “У пячоры горнага караля”. Пачатак быў настолькі павольным, што мелодыя пазналася не адразу. Затое завяршалася мініяцюра ў тры... не, у пяць разоў хутчэй, чым звычайна! Прычым знешне — без усялякіх намаганняў піяніста: яму дастаткова толькі павесці рукой — і з-пад пальцаў праносіцца шалёны “вецер”.
У другім аддзяленні “саліраваў” аркестр імя Я.Святланава на чале з народным артыстам Расіі Маркам Гарэнштэйнам. Фрагменты з “Пор года” П.Чайкоўскага былі выкананы з асаблівай музычнасцю і любоўю. У фантазіі “Франчэска да Рыміні” аркестр быццам “дыхаў”, твор ледзь не ўпершыню на маёй памяці набыў ясныя абрысы формы.
Здавалася б, ужо ад аднаго такога канцэрта ўражанняў хопіць на ўвесь фестываль, а за ім і на сезон. Але цяперашні “восеньскі ўраджай” абяцае быць яшчэ больш багатым.
Нават пры павярхоўным аглядзе фестывальнай афішы вызначаеш яе насычанасць адметнымі праграмамі, цікавымі гастролямі, юбілеямі беларускіх калектываў. Побач з канцэртамі, разлічанымі на самую шырокую публіку, ёсць і вечары, поўныя сапраўдных адкрыццяў і высокага эстэцтва, уласцівага еўрапейскай акадэмічнай музыцы.
Да таго ж, “...восень” плаўна перацячэ ў не менш цікавую “музычную зіму”, якая адкрыецца цэлым цыклам канцэртаў да 75-годдзя Беларускага саюза кампазітараў.
Прэм’еры будуць і сярод “восеньскіх” сюрпрызаў, асабліва ў юбілейным вечары Дзяржаўнага камернага хору Беларусі, які адзначае сваё 20-годдзе.
Не менш адметнымі, дарэчы, былі і шматлікія “перадфестывальныя” канцэрты. Літаральна штодзень сталічная філармонія прапаноўвала нейкую “разыначку”. Можа, “вінаватае” ў тым само адкрыццё сезона, што прыпала на 4-га верасня?Знакаміты цымбаліст Міхаіл Лявончык са сваёй джазавай інтэрнацыянальнай групай быццам “задаў праграму” далейшаму канцэртнаму жыццю: каб была і нацыянальная спадчына, і знаныя госці, і сумеснае музіцыраванне, і адкрыццё новага.
Да таго ж, сваё ўласнае “адкрыццё сезона” рыхтаваў сёлета амаль кожны філарманічны калектыў. Узгадаем, найперш, выбітныя канцэрты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра на чале з Аляксандрам Анісімавым. Учора ён выступіў са знанымі салістамі з Расіі і Літвы, прапанаваўшы першае выкананне ў Мінску папулярнай у Еўропе “Лірычнай сімфоніі” аўстрыйскага кампазітара А. фон Цамлінскага. А пачатак сезона адзначыў прыездам знакамітага расійскага віяланчэліста Дзяніса Шапавалава. Не менш значнымі, чым уласна канцэрт, аказаліся рэпетыцыі: саліст прыехаў за два дні да выступлення, і яго супрацоўніцтва з нашым калектывам сталася своеасаблівым майстар-класам для абодвух бакоў. На жаль, далёка не ўсе запрошаныя музыканты маюць час на падобны падрыхтоўчы перыяд, але “запаволеныя гастролі”, якія часцей за іншых практыкуе А.Анісімаў, трэба працягваць і надалей, сумяшчаючы, калі гэта магчыма, і з майстар-класамі для студэнтаў.
Як заўсёды, здзівіў ансамбль салістаў “Класік-авангард”, прычым двойчы — у
Сцэна з “Клапа” Д.Шастаковіча. |
Другой сенсацыяй “Класік-авангарда” стала праграма “Dances-танцы і... “амерыканцы”. За пультам стаяў амерыканскі дырыжор Філіп Ламберт Сіманс. Але самай, бадай, выбітной падзеяй стала тэатралізаванае выкананне музыкі Д.Шастаковіча да феерычнай камедыі У.Маякоўскага “Клоп”, у герояў якой пераўвасабляліся не толькі салісты Віктар Скорабагатаў і Ларыса Сімаковіч, але і ўсе ўдзельнікі ансамбля.
Тэатральныя эфекты прысутнічалі і ў канцэрце нашага маладога квартэта драўляных духавых інструментаў “Riviera”, усе ўдзельнікі якога — стыпендыяты і лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а да таго ж — артысты Прэзідэнцкага аркестра краіны.А колькі цікавага яшчэ наперадзе!
Надзея БУНЦЭВІЧ