Стваральны подых Жыжалю

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

На мінулым тыдні ў Бабруйску завяршыўся Міжнародны пленэр па кераміцы “АРТ-ЖЫЖАЛЬ”. Сёлета ён праводзіўся ў 17-ы раз. Гэтым разам у ім бралі ўдзел мастакі-керамісты з шасці краін — Беларусі, Расіі, Грузіі, Малдовы, Перу і Украіны. Доўжылася творчая супраца 17 дзён. Яе вынікам стала выстава “Мастацтва жывога агню” ў Бабруйскім мастацкім музеі. А потым гэту аўтарскую кераміку пабачаць у Магілёве і Мінску.

/i/content/pi/cult/862/18294/011.jpgЗ таго часу, як адбыўся першы “АРТ-ЖЫЖАЛЬ”, шмат што змянілася ў нашай краіне і ў свеце. А гэта, у сваю чаргу, наўпрост ці ўскосна адбілася на прыярытэтах, стылёвых і сэнсавых, беларускага мастацтва ўвогуле і ягоным дэкаратыўна-прыкладным чынніку ў прыватнасці. Зразумела, што закранулі тыя змены і наш пленэр. Але нязменным ад пачатку гісторыі “АРТ-ЖЫЖАЛЮ” да сённяшняга дня застаецца месца ягонага правядзення — база адпачынку “Вербкі” на беразе Беразіны, і кіраўнік пленэру мастак-кераміст Валерый Калтыгін.

Паводле традыцыі кожны пленэр мае сваю тэму. Сёлета яна акрэслілася як “Фальклор і міфалогія ў мастацтве сучаснай керамікі”. Тэма даволі шырокая. Нават неабсяжная. А значыць, удзельнікі пленэру мелі такую ж шырокую-неабсяжную прастору для творчых інтэрпрэтацый — ад дзіцячых казак да філасофскай мадэлі Быцця. Да таго ж, як вынікае з майго досведу асвятлення падобных імпрэз, як бы дакладна ні была акрэслена тэма пленэру, сімпозіуму, канферэнцыі, “круглага стала”, усё адно ўдзельнікі гавораць пра тое, што канкрэтна іх хвалюе, і робяць, што канкрэтна ім цікава.

/i/content/pi/cult/862/18294/01.jpgТой, хто ў дні пленэру наведваў бы “Вербкі”, не маючы інфармацыі пра тое, што там адбываецца, мог бы і не зразумець, што на зручным для адпачынку стромкім беразе Беразіны ідзе вялікая творчая праца. Бо кожны мастак ціха працуе ў адведзеным яму дамку, які ператвораны ў майстэрню, і ніхто без справы па “Вербках” не швэндаецца. А толькі як сцямнее, пачынаецца відовішча, вартае таго, каб дзеля яго ехаць за 150 кіламетраў (столькі ад Мінска да Бабруйска), — абпальванне керамічных форм. Кажуць, што бясконца можна глядзець на тое, як гарыць агонь, льецца вада і працуюць іншыя людзі, — і ўсё гэта ёсць на пажары. Тут усё тое самае, але без пажару. Кераміка — гэта вада і гліна, агонь жа загнаны ў вязніцу керамічнай печы. Тут чалавек з ім не змагаецца, а кіруе ім.

/i/content/pi/cult/862/18294/02.jpgПленэр — гэта не толькі супольная праца, але і абмен вопытам. Расклад такі: увечары той, чыя сёння чарга абпальване рабіць, шчыруе ля печы, а для іншых хтосьці, таксама па чарзе, ладзіць відэапрэзентацыю сваіх творчых работ.

Кульмінацыяй пленэру з’яўляецца абпальванне вялікай керамічнай скульптуры, якую робяць усе разам. На гэта відовішча адмыслова збіраюцца шматлікія госці з Бабруйска і з больш аддаленых мясцін. А назаўтра кожны мастак ладзіць каля свайго дамка-майстэрні выставу таго, што зрабіў на пленэры. Мясцовыя ж музейшчыкі адбіраюць з прадстаўленага тое, што папоўніць музейныя фонды. Такі расклад з года ў год. Але ўдзельнікі змяняюцца. Гэтым разам былі тыя, хто прыязджае сюды трэці раз. Хтосьці працаваў сёлета на “АРТ-ЖЫЖАЛІ” ажно дзясяты раз. Хтосьці прыехаў упершыню.

Згадаю, што ўмовы працы і побыт на пленэры спартанскія. І ўсё ж, трапіўшы сюды аднойчы, творцы зноў і зноў прыязджаюць на “АРТ-ЖЫЖАЛЬ”. Іх вабіць жывы агонь.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"