Помнік выратуюць агульна, але без ключавой падтрымкі дзяржавы не абыдзецца

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Сёлета 11 мая адбылося надзвычайнае здарэнне, якому так ці інакш спачувае ўся Беларусь. На даху Будслаўскага храма Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўзнікла ўзгаранне. Яно пашкодзіла купал, цагляныя канструкцыі, а вада, якой тушылі пажар, заліла касцёл да сутарэнняў. Будынак храма XVIII стагоддзя з’яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, таму яго рамонт — адна з найважнейшых задач неабыякавых грамадзян нашай краіны, а таксама ўлады.

/i/content/pi/cult/862/18291/05.jpgПершапачаткова — зрабіць дах

Адразу пасля пажару была створана камісія па ліквідацыі яго наступстваў. У складзе камісіі — восем асоб, старшыня — біскуп Аляксандр Яшэўскі. На дадзены момант яна з улікам бягучых праблем супрацоўнічае з Міністэрствам культуры. У самы бліжэйшы час будзе падрыхтавана праектная дакументацыя і ўзгадненні па рабоце на такім значным аб’екце. Працу па аднаўленні храма будуць рабіць за дзяржаўны бюджэт і за сродкі дабрачынцаў.

Самая галоўная праблема, якую давядзецца вырашыць усім зацікаўленым, — гэта ўсталяванне надзейнага даху, каб атмасферныя ападкі не разбуралі храм надалей. Плануецца зрабіць гэта да 30 верасня менавіта за ахвяраваныя сродкі. Але, па словах пробашча Будслаўскага касцёла Дзмітрыя Дубовіка, нават такой значнай сумы ў 1 млн рублёў ледзь хопіць для заканчэння накрыцця даху. Пакуль ад ападкаў будынак абараняе нацягнутая тут лейкападобная плёнка з адводам.

Яшчэ адной з задач з’яўляецца аднаўленне фрэсак у храме. Аднак трэба адзначыць, што архіўных матэрыялаў па аб’екце няма. З гэтай прычыны фрэскі будуць аднаўляць наглядна. Да таго тынкоўка ў касцёле мянялася чатыры разы, таму і выявы на ёй перамалёўваліся.

Сёння на даху Будслаўскага храма працуе альпініст, наладжваецца будаўнічая пляцоўка, мантуецца вежавы кран. Усяго заняты работамі 18 чалавек з філіяла ААТ “Промтэхмантаж” МК №2 пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Аляксандра Кукарэкі.

/i/content/pi/cult/862/18291/06.jpgБудслаўскі касцёл будзе адноўлены ўвесь

Арганізацыяй работ займаецца непасрэдна пробашч Дзмітрый Дубовік. Па яго словах, пажар паказаў, што рэстаўрацыя патрэбна ўсяму Будслаўскаму касцёлу. Для асноўных цяпер работ на даху спатрэбіцца шмат дарагіх металічных матэрыялаў, металапрофілю, дрэва. А ўрэшце яго накрыюць меддзю, бо гэта не сапсуе знешні выгляд храма. Прычым дагэтуль два стагоддзі дах касцёла быў пакрыты пафарбаванай бляхай.

Радуе, што алтар і арган не пацярпелі, хаця і былі заліты вадой. Таксама спатрэбіцца рэстаўрыраваць старажытны гадзіннік, у якім 90% дэталей арыгінальныя. На яго работу ўплывае атмасферны ціск, вільгаць, тэмпература. У іншай вежы знаходзяцца званы. Дарэчы, імшы адпраўляюцца тут штодзённа ў суседнім будынку, які не пацярпеў ад пажару.

Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Іна Барыева выказала ўпэўненасць, што сумеснымі намаганнямі ўлады і грамады Будслаўскі касцёл будзе адноўлены. У дадзеным выпадку мець вялікую суму грошай на рэстаўрацыю хоць і важна, але не першасна. Галоўнае тое, што работы вядуцца згодна з графікам. Такія бліжэйшыя аспекты рэстаўрацыі, як інжынерыя, мантаж купала і аднаўленне фрэсак будуць аплачаны агульна з дапамогай дзяржаўнага бюджэту.

Трохі з гісторыі

Сённяшні Будслаў — гэта невялічкі аграгарадок у Мядзельскім раёне, але з багатай гісторыяй. У 1504 г. князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам бернардынам 300 гектараў лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка. У тым жа годзе манахі пабудавалі для сябе часовыя шалашы, якія называліся будамі, а таксама памяшканне для адпраўлення набажэнстваў. Браты вялі замкнёнае, пустэльніцкае жыццё. Так было да 1588 года, калі пустэльня на Сэрвечы стала вельмі папулярнаю дзякуючы цудоўнаму аб’яўленню Божай Маці. Праз год тут была пабудавана вялікая драўляная капліца для шматлікіх пілігрымаў. Яна была асвячоная ў 1591 годзе.

Слава пра аб’яўленне Божай Маці ў Будславе і вялікі наплыў пілігрымаў прымусілі бернардынаў распачаць пабудову мураванага касцёла. Фундатарам касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў Ян Кішка, гетман Вялікага Княства Літоўскага і ваявода полацкі. Значны ўклад у будоўлю касцёла зрабіў лоўчы Мікалай Ісайкоўскі. Пабудаваная святыня стала адной з найпрыгажэйшых сярод бернардынскіх касцёлаў.

У 1793 г. бернардыны заснавалі ў Будславе пры сваім манастыры пачатковую школу, дзе вучыліся дзеці з Будслава і навакольных вёсак. Пазней тут была адчынена музычная школа. Таксама манахі давалі ўбогім прытулак і ежу.

У бернардынскім касцёле Унебаўзяцця Панны Марыі ў Будславе ўжо больш за чатыры стагоддзі знаходзіцца абраз Маці Божай, шырока вядомы ў XVII-XVIII стагоддзях як цудатворны. Хроніка манастыра сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. У надпісе на дошцы абраза паведамляецца пра гэты факт, але дата падзеі не змешчана. Ваявода вельмі цаніў абраз і ў паходах заўсёды вазіў яго з сабою. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які неўзабаве стаў вікарыем. У 1613 г. ён быў у Будзе. Узрушаны набажэнствам, а таксама просьбамі айцоў бернардынаў, якія ведалі пра прыгожы абраз, ён ахвяраваў яго касцёлу ў Будславе.

Абраз быў змешчаны ў драўляным касцёле і адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, а ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар на месца ранейшага абраза «Наведзіны Марыяй Альжбеты».

Некалькі слоў пра будынак помніка

Будынак жа касцёла складаецца з дзвюх частак: старога храма, пабудаванага ў 1643 г., і новага, пабудаванага ў 1783 г. Галоўны алтар новага касцёла аддзелены ад асноўнай прасторы будынка. У яго нішы на другім ярусе і змешчаны абраз Маці Божай. На скляпеннях і на сценах у выглядзе фрэсак намаляваныя вобразы з жыцця святых.

Стары касцёл — нізкі, мураваны. У ім знаходзіцца арыгінальны алтар — разьбяны, з фігурамі святых Старога Запавету. Уверсе — абраз Маці Божай Балеснай. На невялікіх хорах ёсць таксама малы арган.

Святары служылі тут да 1939 г., калі касцёл быў зачынены. Аднак святыня ніколі не выкарыстоўвалася для іншых мэтаў, як гэта практыкавалася на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Пасля Вялікай Айчыннай вайны на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў час ад часу ў Будслаў прыязджалі святары, каб весці тут пастырскую дзейнасць.

Па словах цяперашняга касцельнага пробашча Дзмітрыя Дубовіка, гэта месца адметнае тым, што тут заўсёды многа турыстаў і паломнікаў. Многія з іх заўважаюць, што ці то ад спакойнага жыцця аграгарадка, ці то ад намоленасці гэтага месца час цячэ ў Будславе павольней. І нават цяпер, калі з храмам надарыліся надзвычайныя абставіны, адчуваецца, хоць і не яўна, падтрымка Божай Маці. Урэшце, няма сумневаў, што касцёл будзе адрэстаўраваны.