Наш незабыўны маэстра

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

30 кастрычніка на сцэне Палаца культуры Мінскага трактарнага завода адбудзецца вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, дырыжора Іосіфа Абраміса. У канцэрце возьмуць удзел: аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Канцэртны аркестр “Няміга”, аркестр рускіх народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі, сімфанічны аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.Глінкі. За пультамі гэтых калектываў выступяць вучні І.Абраміса, а гэта ажно тры дырыжорскія пакаленні!

 /i/content/pi/cult/181/1829/Abramis1.jpg
Сярод
іхнародныя артысты Беларусі Міхаіл Казінец, Леанід Іваноў, вядомыя дырыжоры Аляксандр Сасноўскі, Вячаслаў Воліч, Віктар Валатковіч і іншыя. Весці канцэрт запрошана славутая музыказнаўца Іна Зубрыч. Дзеячы культуры, у тым ліку народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Леў Лях, падзеляцца сваімі ўспамінамі. А гучаць будуць творы, найперш, любімых кампазітараў І.Абраміса — П.Чайкоўскага, А.Хачатурана...
 Прапануем чытачамКуспаміны арганізатара гэтага канцэрта, галоўнага дырыжора аркестра Няміга”, дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Сасноўскага, і канцэртмайстра Вольгі Сізко-Габрыелян, якая доўгі час працавала з І.Абрамісам. Не менш шчыльныя творчыя сувязі звязвалі з дырыжорам і маці Вольгізнакамітую музыказнаўцу, члена Беларускага саюза кампазітараў Веру Сізко.

Тэатр пачынаецца з вешалкі?
Тэатр пачынаецца з асобы! З асобы, здольнай стварыць цуд і весці за сабой. Значны асабісты ўклад у развіццё нашага Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета ўнёс Іосіф Абраміс.
Амаль чвэрць стагоддзя мінула з таго часу, як Іосіф Самуілавіч пайшоў з жыцця, а мы і зараз памятаем разумны погляд яго блакітных вачэй, яскравае пачуццё гумару, шчырую любоў да музыкі і невычэрпную працаздольнасць. Сорак гадоў (з 1936-га, за выключэннем ваеннага ліхалецця) ён прысвяціў Дзяржаўнаму тэатру оперы і балета: артыст аркестра (1936 — 1948), хормайстар (1948 — 1950), галоўны хормайстар (1950 — 1951), дырыжор (1951— 1979).Дваццаць пяць гадоў (з 1959 па 1984) ён аддаў педагагічнай дзейнасці ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, працаваў і як галоўны дырыжор Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі (з 1979 па 1982) .

Іосіф Абраміс паходзіў з сямі простага булачніка, але ягоны бацька меў добры тэнар і нават спяваў у тэатральным хоры. Ад яго, Самуіла Львовіча, і перадалася сыну любоў да музыкі і тэатра. Хлопчыкам Іосіф вучыўся ў Мінскай ваенна-музычнай школе, потым у Мінскім музычным тэхнікуме (зараз вучылішча імя М.Глінкі) па класе валторны ў Яна Сцегеннага, а з 1936 года — у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе валторны (таксама ў Сцегеннага) і па класе аркестравага дырыжыравання ў Рафаіла Рубінштэйна. Як валтарніст Абраміс скончыў кансерваторыю перад самай вайной — 20 чэрвеня 1941 года, а дырыжорскую спецыяльнасць набываў ужо пасля. Усе цяжкія гады вайны Іосіф Самуілавіч прайшоў байцом-сувязістам, апошнія месяцы — музычным кіраўніком. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Дыплом дырыжора сімфанічнага аркестра І.С. Абраміс атрымаў у 1950 годзе. Першым яго спектаклем стаў “Яўгеній Анегін” П.І. Чайкоўскага (1951 г.).

 /i/content/pi/cult/181/1829/Abramis2.jpg
Франтавы фотаздымак: Іосіф Абраміс у 1945-м.

На ўсіх спеўках, рэпетыцыях, прагонах Іосіф Самуілавіч любіў тэатр самааддана: літаральна не выходзіў адтуль. Некалькі пасляваенных гадоў ён жыў у маленькай тэатральнай грымёрнай з жонкай Ірынай Сак і дачкой Таццянай. Немаўлятка спала ў чамадане пад піяніна, а бацька, прасякнуты любоўю да жонкі, дачкі і музыкі, працаваў без перадыху. Прысутнічаў на ўсіх спеўках, рэпетыцыях, прагонах не толькі сваіх спектакляў, але і тых, якія ажыццяўлялі яго калегі. Музычны талент і дасканалае веданне ўсіх партытур дазвалялі яму пры неабходнасці падмяніць адсутнічаючага дырыжора.

З 1952 года на сцэне тэатра пачалі ісці самастойныя пастаноўкі Іосіфа Самуілавіча — опера Л.Деліба “Лакмэ” і балет Ц.Пуні “Эсмеральда”. Гэтыя спектаклі былі ўдалымі. “Малады дырыжор І.Абраміс у сваёй першай сур’ёзнай рабоце дасягнуў безумоўнага поспеху”, — пісала музычная крытыка.

За гады працы ў Абраміса адбылося 37 прэм’ерных пастановак. Сярод іх — оперы “У пушчах Палесся” А.Багатырова, “Марынка” Р.Пукста, “Калі ападае лісце” Ю.Семянякі, “Князь Ігар” А.Барадзіна, “Русалка” А.Даргамыжскага, “Баль-маскарад”, “Аіда”, “Атэла” Дж.Вердзі, “Дон Паскуале” Г.Даніцэці, балеты “Спячая прыгажуня” П.Чайкоўскага, “Спартак” А.Хачатурана і іншыя.

Работы І.Абраміса былі глыбока асэнсаваныя. Беражлівыя адносіны да салістаў оперы і артыстаў балета, чулае слуханне аркестра, практычнае валоданне хорамі хутка прынеслі яму вядомасць. Таленавітага мастака заўважылі не толькі на радзіме — славутасць прынеслі і паездкі: Масква, Сочы, Калінінград, гарады Прыбалтыкі і г. д. Народная артыстка Літоўскай ССР, прафесар Дзяржаўнай кансерваторыі Літвы А.Сташкевічутэ пісала: “Парадаваў вільнюсцаў дырыжор І.Абраміс. Аркестр пад яго кіраўніцтвам гучаў зладжана, рытмічна. Музычна і дынамічна прагучала сцэна вяртання Радамэса. Але асабліва хочацца адзначыць апошнюю карціну, у якой дырыжор вельмі тонка і пранікнёна акампанаваў салістам Н.Ткачэнка і З.Бабію”.

Не згодзен працаваць у нядзелю — змяняй прафесію

Пачынаючы з 1959 года Іосіф Самуілавіч свае веды і майстэрства перадае вучням: працуе ў кансерваторыі на кафедры аркестравага дырыжыравання. З 1975 па 1984 гады мне пашчасціла працаваць у яго классе канцэртмайстрам. Гэта былі незабыўныя гады!
 /i/content/pi/cult/181/1829/Abramis3.jpg
 Разам з дачкой Таццянай.
Прафесійныя і педагагічныя прынцыпы Абраміса падтрымліваюць мяне і сёння. Як шчыра ён любіў сваіх вучняў! Казаў, што вучыцца — справа больш складаная, чым вучыць. Выхаваў будучых дырыжораў на лепшых творах сусветнай музыкі.

Запрашаў у клас тэатральных салістаў, з дапамогай якіх мы выконвалі сцэны з опер. Падзеліць паміж студэнтаў карціны — і ў класе гучыць цалкам “Алека” С.Рахманінава ці “Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага. З простага ўрока, акадэмічнага канцэрта, экзамена дырыжор-педагог рабіў музычнае свята. Працаваў самааддана. Не шкадаваў ні сябе, ні нас. Неаднойчы казаў, што калі музыкант не згодзен працаваць у нядзелю — лепш адразу змяніць прафесію. Уставаў на досвітку, засынаў позна і заўсёды быў бадзёры, вясёлы!

Калі раніцай у сем гадзін у нашай кватэры званіў тэлефон, ніхто з хатніх не рухаўся: усе ведалі — гэта мяне. “Воленька! Радасць мая! Няўжо я цябе пабудзіў? Ну прабач, калі ласка. Я так хваляваўся, што цябе не заспею!” — вясёлыя ноткі голасу Іосіфа Самуілавіча дасягаюць таго, што злавацца немагчыма: смяюся і хутка ўключаюся ў гаворку аб справах нашага класа.Калі Абраміс прыходзіў у кансерваторыю, каля яго адразу з’яўляліся студэнты і не выходзілі з класа любімага настаўніка да заканчэння работы. Некаторыя з іх, зараз знакамітыя, нават мелі строгія вымовы ад дэканата за пропускі заняткаў па іншых дысцыплінах, але ніколі не прызнаваліся ў прычынах сваёй адсутнасці.Іосіф Самуілавіч падрыхтаваў звыш трыццаці дырыжораў.Усе яны, памятаючы свайго настаўніка, працуюць на карысць Яе Вялікасці Музыкі.

Іосіф Самуілавіч Абраміс памёр 29 верасня 1984 года. Цяжка хворы, валодаючы толькі адной рукой, ён працаваў над партытурамі нават у бальніцы. Побач з ім была яго цудоўная сям’я: жонка Ірына Мікалаеўна, дачка Таццяна, зяць Эдуард, унук Максім. Мы, студэнты і канцэрмайстры, наведвалі яго. Да апошняга часу ён дзяліўся з намі сваімі думкамі, поглядамі, глыбінёй асэнсавання жыцця.

Вольга СІЗКО-ГАБРЫЕЛЯН

“Нітачка не абрываецца”

Аляксандр САСНОЎСКІ, галоўны дырыжор канцэртнага аркестра “Няміга”:

— Я трапіў у клас Іосіфа Абраміса, калі ён быў ужо вельмі вядомым музыкантам і дырыжорам. Але мяжы паміж намі, студэнтамі, і славутым маэстра абсалютна не адчувалася. З першых заняткаў усталяваліся простыя і нават сяброўскія ўзаемаадносіны. Да таго ж, рэпеціраваць і выступаць пад нашым студэнцкім кіраўніцтвам ён запрашаў не абы-каго, а вядомых вакалістаў нашага тэатра. Звычайна на праслухоўваннях і іспытах па дырыжыраванні на кожнага студэнта адпускалася хвілін па 15. Калі ж здавалі іспыт выхаванцы Абраміса, усе разумелі, што гэта — надоўга. Бо ў кожнага з нас праграма доўжылася хвілін па 40 — 50, і ніхто са слухачоў на гэта не скардзіўся, бо рэпертуар падбіраўся вельмі цікавы, дый салісты былі ўсе шыкоўныя, са званнямі. Слухаць такіх — адно задавальненне. І толькі праз шмат гадоў мы нарэшце зразумелі, навошта ён нават да тых студэнтаў, якія былі духавікамі ды народнікамі і ў будучым, можа, зусім не збіраліся выступаць разам з вакалістамі, запрашаў такіх знаных артыстаў. Тыя ж таксама перадавалі нам свой вопыт! Дырыжыраваць аркестрам, калі саліруюць спевакі, надзвычай складана, бо яны і да тэмпу ставяцца адвольна, і ноту высокую любяць працягнуць — і ўсё гэта трэба адчуваць літаральна спінай. Але Абраміс вучыў нас не толькі гэтаму! На той час ён быў ледзь не адзіным у нас дырыжорам, які з вакалістамі не проста рэпеціраваў на сцэне, але і займаўся ў класе. Таму і нас вучыў разумець прыроду вакалу. Пэўна, пройдзе яшчэ нямнога часу, і мы ўцямім, што менавіта ён шмат у чым стварыў нашу цяперашнюю беларускую дырыжорскую школу. Іосіф Самуілавіч свядома намагаўся пакінуць пасля сябе пераемнікаў, каб яны працягвалі пачатае.

Як, да прыкладу, я апынуўся за пультам тагачаснага Тэатра музычнай камедыі ў Мінску? У снежні 80-га Абраміс раптам тэлефануе мне ў Ленінград (я працягваў навучацца ў тамтэйшай кансерваторыі на аддзяленні сімфанічна-аркестравага дырыжыравання і быў на ІІІ курсе). І кажа: “Тэрмінова прыязджай! Заўтра трэба прадырыжыраваць “Сільву”. Чакаем!” Аперэта ішла на сцэне Палаца культуры чыгуначнікаў, рэпетыцыі ў мяне не было. Разам з Абрамісам мы пагарталі клавір (гэтай партытуры Кальмана ў тэатры таксама не было) — і я выйшаў весці спектакль. Іосіф Самуілавіч не сказаў мне галоўнага: аказваецца, ён арганізаваў тады “агледзіны” — і прадстаўнікі Міністэрства культуры прыйшлі ў той вечар разглядаць маю кандыдатуру на пасаду дырыжора тэатра. У выніку ўжо з лютага 81-га я афіцыйна працаваў у тэатры, працягваючы навучанне ў Ленінградзе. А потым шмат гадоў быў галоўным дырыжорам гэтага тэатра.

Сёння ў тэатры, які цяпер называецца Беларускім дзяржаўным музычным, працуюць ужо мае вучні — Мікалай Макарэвіч, Юрый Галяс: я таксама, як бачыце, падрыхтаваў сабе годную змену. Так што нітачка, што вядзе ад Абраміса, не абрываецца.