Газета — рэгіёны — чытач

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г


— Падыходзіць да лагічнага завяршэння прыёмная кампанія ў вучэбныя ўстановы, падведамныя міністэрству культуры. Адзначана, што сёлета балы ў такія навучальныя ўстановы надзвычай высокія. Як прымалі моладзь у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў?

Намеснік дырэктара па выхавальніцкай рабоце Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Мікалай Грушэўскі:

— Мы набіралі студэнтаў на базе 9 і 11 класаў сярэдняй школы. Асабліва высокі конкурс быў на спецыяльнасці “акцёрскае майстэрства”, “дызайн”, “сучасная харэаграфія”, ён дасягаў 2 чалавека на месца. У нас хочуць вучыцца дзеці з усёй Беларусі, а не толькі з Віцебскага рэгіёна. На жаль, уласнага інтэрната ў нас няма, але мы рассяляем студэнтаў у інтэрнаты іншых віцебскіх ВНУ. Усе нашы выпускнікі забяспечваюцца першым месцам працы. Вось адных з самых паспяховых і таленавітых выпускнікоў акцёрскага аддзялення нядаўна ўзяў на размеркаванне Палескі драматычны тэатр у Пінску і наш мясцовы Віцебскі нацыянальны акадэмічны драм атычны тэатр імя Я. Коласа. А адзін з вядомых нашых выпускнікоў — Сяргей Жбанкоў, цяпер папулярны акцёр расійскіх і айчынных серыялаў.

— На магіле нябожчыка мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, у Жыровічах плануецца ўсталяваць мемарыял. Што менавіта?

Айцец Аляксандр Сняжко, упаўнаважаны па сувязях з грамадствам Жыровіцкага манастыра:

— Зараз на магіле мітрапаліта Філарэта стаіць драўляны крыж. Але Праваслаўная царква хоча ўсталяваць крыж, зроблены ў камні. Многія людзі, хто меў хоць адну сустрэчу з мітрапалітам, прыязджаюць на яго магілу, наведваюць яе і проста паломнікі. Крыж будзе зроблены за кошт ахвяраванняў манастыра. Жаданне быць пахаваным у Жыровічах выказаў сам мітрапаліт Філарэт у сваім завяшчанні. І наўогул, ёсць планы па дабраўпарадкаванні малых братскіх могілак манастыра. Яшчэ памяць мітрапаліта Філарэта ўшануюць у Мінску, дзе каля Свята-Духава сабора ўсталююць яму помнік, і ў Слуцку.

— Беларуская дзяржава і каталікі Беларусі вядуць рамонт на пашкоджаным агнём Будслаўскім касцёле. Работы многа, але яе выконваюць нават зараз. Што адбываецца тут?

Айцец Дзмітрый Дубовік, пробашч Будслаўскага касцёла:

— Рамонтны праект у бліжэйшым часе выйдзе з экспертызы і пачнуцца асноўныя работы. А пакуль майстры, якія будуць рабіць рамонт, актыўна рыхтуюцца: усталёўваюць кран, праводзяць камунікацыі, асвойваюць будаўнічую пляцоўку. На даху працуе геадэзіст. Наогул, замена даху — асноўная работа зараз, якую плануецца завяршыць 30 верасня. Менавіта на яе пойдуць усе ахвяраванні. На далейшыя работы мы разлічваем на дапамогу дзяржавы, якая цалкам гатова дапамагаць нам. А пакуль што ад дажджоў наш храм ратуе часовы дах.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ