Ствараць умовы для добрай творчай працы

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

3 жніўня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі ўдзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

/i/content/pi/cult/862/18285/01.jpgПерш за ўсё міністр акцэнтаваў увагу прысутных на сустрэчы, якую Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня правёў з актывам мясцовай вертыкалі па актуальных пытаннях грамадска-палітычнага становішча. Было адзначана, што ў гэты няпросты перыяд усе мы, хто жыве ў нашай краіне, павінны быць адзіныя як ніколі. Існуе шэраг пагроз знешніх і ўнутраных, звязаных з інфармацыйным ціскам і санкцыямі, якія будуць пераадоленыя. Мэта вонкавага санкцыйнага ціску відавочная: знішчыць эканоміку краіны і такім чынам пазбавіць людзей пенсій, заробкаў, іншых фінансавых рэсурсаў і ўкінуць Беларусь у хаос безуладдзя. У гэтай сувязі ключавым прынцыпам для нашых людзей павінен стаць пастулат: не нашкодзь сваёй краіне.

У чарговы раз уздымалася тэма правядзення Дня народнага адзінства 17 верасня. Тыдзень, папярэдні гэтаму дню, як запэўнілі міністра, будзе насычаным у інфармацыйным плане, а сам дзень стане сімвалам краіны, якая стала адзінай і суверэннай.

Адной з важных тэм, закранутых у ходзе нарады, стала тэма падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі сферы культуры да новага навучальнага года. Анатолій Маркевіч адзначыў, што ён сам асабіста пабываў у некаторых студэнцкіх інтэрнатах, і ў цэлым гэтыя аб’екты гатовыя да прыёму студэнтаў. Аднак застаюцца пэўныя недапрацоўкі. У прыватнасці, міністр звярнуў увагу на тое, што ў адным з падведамных інтэрнатаў да гэтага часу не ўведзены ў дзеянне харчаблок, і запатрабаваў вырашыць гэтае пытанне да 1 верасня, каб навучэнцы мелі магчымасць паўнавартасна харчавацца.

Абмяркоўвалася ў ходзе нарады і пытанне аб правядзенні Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан. Адзначалася, што гэта іміджавае мерапрыемства для нашай краіны, і таму павінна прайсці на належным высокім узроўні, тым больш што яно арганізавана па даручэнні Кіраўніка дзяржавы.

Паведамлялася, што ў Вялікім тэатры Беларусі напрыканцы жніўня адбудзецца знакавае важнае мерапрыемства — творчая праграма, прысвечаная педагогам нашай краіны. У гэтай сувязі міністр заслухаў кароткую справаздачу генеральнага дырэктара ўстановы Вячаслава Гарбузова, які запэўніў, што мерапрыемства пройдзе належным чынам.

Абмяркоўваліся і іншыя пытанні: рэстаўрацыя Жыровіцкага манастыра, завяршэнне рэканструкцыі будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея. Так, і радасная навіна: 30 ліпеня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага завершана рэканструкцыя і праведзены неабходныя рэстаўрацыйныя работы. “Трупа тэатра можа зноў прыйсці ў свой абноўлены дом. Усе ўмовы для добрай творчай працы створаны”, — сказаў Анатолій Маркевіч.