Каласок гнецца, аб зямлю б’ецца

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Кніга Лёсаў, кажуць, захоўваецца ў нейкай таямнічай бібліятэцы. І ляжыць яна, відаць, паміж Бібліяй ды выданнем Генрыха Крамера “Молат вядзьмарак”. І сказана ў Той Кнізе Лёсаў, калі ў каго будзе век скасаваны. Не дай Бог на яе патрапіць. Я, да прыкладу, да такіх звестак яшчэ не падрыхтаваны. Да таго, праўда, што кожны дзень як апошні трэба пражыць, ужо дарос. І такой філасофіі мне пакуль дастаткова. Але што за таямнічая бібліятэка? Тут, відаць, і сумнявацца не варта: або Александрыйская, або Івана Жахлівага. Не паспелі праславіцца на ўвесь свет, як беззваротна зніклі. Шукалі — так і не знайшлі. Шмат ведаў — шмат суму? Так альбо інакш, але сваю ролю ў гісторыі яны адыгралі. У Александрыйскай, кажуць, у дзень да сотні навукоўцаў працавала… У любым выпадку, бібліятэкі знікаюць не ад добрага жыцця. Ці не натуральная падводка да сённяшняй аптымізацыі ў сферы культуры? Не. Я цяпер — пра іншае. Шмат пабачыў сельскіх бібліятэк і пераканаўся, што ёсць і такія: нібыта працуюць, але мёртвыя; ніхто нічога не чытае, а ходзіць сюды, каб гарбаты папіць ды апошнія навіны абмеркаваць. Такія вёскі, дзе згас агмень духоўнасці, і знікаюць, перакананы, у першую чаргу. Тут і без Кнігі Лёсаў усё зразумела.

/i/content/pi/cult/861/18275/011.jpgЦі не шмат я апошнім часам пра бібліятэкі? Маўляў, шмат цікавага і на клубнай прасторы адбываецца. Ды я не супраць! Проста бібліятэкары пачалі больш здзіўляць. Вы паглядзіце на вынікі рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, якія “К” нядаўна друкавала. Гэта ж выбух яркай фантазіі і неверагоднай выдумкі. Мо і ў клубнай справе было б не менш самавыяўлення. Аднак вось бяда, аналагічнага рэспубліканскага конкурсу нестае. А без матывацыі цяжка крэатывіць. Вось і атрымліваецца: маем пакуль тое, што маем.

А цяпер — агляд. Спачатку — пра надзённае. Піша загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель: “20 ліпеня ў сельгаспрадпрыемстве “Баума” адбыліся “Зажынкі”, якія далі пачатак уборцы збожжавых на Іўеўшчыне. Абрад правёў калектыў аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аграгарадка Геранёны. Першыя пшанічныя каласы зжалі старэйшыя жнеі Ірына Бышынская, Альбіна Кульніс, Ядвіга Капуста”.

“Зажынкі” ладзілі ці не ва ўсіх раёнах Беларусі. Выключэннем не стаў і Лідскі раён. Камбайнераў натхнілі на ўдарную працу работнікі культуры з Пескаўцаў. Інфармацыю даслалі метадысты Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Аналагічная навіна прыйшла і з Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Жніво сёлета няпростае: шмат палеглых хлябоў. Але калі зернеўборка была лёгкай справай?!

З Бераставіцы прыйшла яшчэ вось якая навіна. Артур Васько заняў першае месца на Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў у Віцебску. Святлана Ганчарова распавядае: “Артур выступіў дуэтам з кіраўніком гуртка сольных спеваў “Голас” Аляксандрам Лапскім і заняў першае месца. Васько — асоба творчая, дапытлівая, актыўная. Спявае з дзяцінства, наведвае гурток “Голас”, удзельнік шматлікіх канцэртных праектаў”.

А вось праекты бібліятэчныя. Напісала пра іх загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бялыніцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Марына Акунёва. “Гаворка — пра Вішоўскую сельскую бібліятэку, што створана ў 1952 годзе, — распавядае аўтарка. — Ёсць тут ёмісты электронны каталог. Прыярытэтны напрамак дзейнасці — патрыятычнае выхаванне. Летась бібліятэкары распрацавалі праект “Беларусь мая, як табой не ганарыцца! Родны край, як цябе не любіць!” Праект рэалізуецца і сёння. Дапамагаюць мясцовая школа і музей СВК “Калгас “Радзіма”. Адным з мерапрыемстваў, якія прайшлі ў рамках праекта, быў мультымедыйны агляд выданняў “Дарагая сэрцу кніга пра вайну”. Патрыятычнае выхаванне немагчымае без краязнаўчых даследаванняў. Дзякуючы ім школьнікі ведаюць славутых землякоў, гераічную гісторыю краю. Рэалізацыя згаданага праекта асвятляецца ў СМІ і на сайце Бялыніцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі”.

Пра Дварышчанскую сельскую бібліятэку распавяла бібліятэкар Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Кацярына Сандакова: “Падчас святкавання Дварышчанскага краю ўстанова наладзіла працу радыёгазеты. А пра слынных землякоў распавёў фільм, які зманціравала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу райбібліятэкі Дар’я Марцінкевіч”.

18 ліпеня знаныя рамеснікі Слонімшчыны давалі ахвотным майстар-класы. Ахвотных было шмат. Алена Міхед вучыла вышываць ручнікі пад каравай. Гатаваць гарбату дапамагала траўніца Галіна Захарчук. А можна было і кракавяк станцаваць пад акампанемент артыстаў Наваселкаўскага цэнтра культуры.

Канцэртныя праграмы прайшлі ў вёсках Ашмянскага раёна. І ў кожную зазірнуў народны ансамбль песні і танца “Крыніцы”. І не проста зазірнуў, а яшчэ і лепшыя свае нумары паказаў.

Чарговая навіна з Ашмянскага раёна. У аграгарадку Кальчуны прайшоў турыстычны злёт “Актыўнае даўгалецце”. На практыцы было даказана, што турызмам можа займацца не толькі моладзь. Эстафеты і конкурсы агучыў мясцовы фальклорны гурт “Скарбніца”. Пасля злёту, кажуць, колькасць прыхільнікаў здаровага ладу жыцця значна павялічылася.

Нізку ашмянскіх навін завяршае новая інфармацыя пра стан Гальшанскага замка. Як вядома, рашэннем Савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на ўзнаўленне аб’екта выдаткавана 350 тысяч рублёў. За ўвесь перыяд работ выкарыстана звыш трох мільёнаў рублёў. На стварэнне і абсталяванне візіт-цэнтра з мясцовага бюджэту накіравана 200 тысяч рублёў. Штодня Паўночная вежа прымае дзясяткі турыстаў. Работы і іх фінансаванне працягваюцца. Сродкі выкарыстоўваюцца на ўкладку падлогі, усталяванне турнікету.

Метадыст Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Русак распавядае пра свята “Гасцінны двор”, што прайшло ў аграгарадку Нязбодзічы. Гэта мерапрыемства — вынік вясковага сяброўства. З’явілася яшчэ адна не абы-якая нагода для сустрэчы і гутаркі па душах. Да месца прыйшліся выставы кулінарных вырабаў, этнаграфічных рэчаў. Выступілі мясцовы фальклорны гурт “Крынічанька”, самадзейныя артысты з аграгарадка Грынкі.

А свята лёну адбылося ў аграгарадку Турэц Карэліцкага раёна. 82-гадовая Надзея Рытус з вёскі Баранавічы прыехала з цэлым арсеналам прылад для апрацоўкі льну: церніцай, трапалкай, часалкай, калаўротам, прасніцай ды верацяном. А рэцэпты страў з семені льну (галетнае печыва, кісель) прапанавалі Наталля і Надзея Дземяновіч. Калі што, рэцэпты захоўваюцца ў рэдакцыі “К”.

Спёка вяртаецца. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый сталіцы Таццяна Бычанок папярэджвае: такое надвор’е — стрэс для арганізма, таму трэба скарачаць знаходжанне пад прамымі сонечнымі промнямі. Выбірайце правільнае адзенне. Захоўвайце водны баланс. Варта ўжываць прастую ваду ў невялікіх дозах. Арганізм лягчэй пераносіць спёку, калі адмовіцца ад тлустай ежы. Аддавайце перавагу садавіне і гародніне.

Беражыце сябе, шаноўныя! Пішыце пра цікавае і здзіўляйце.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"