Аб’ект incognito са спісу ЮНЕСКА

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

У гэтым студзені прайшоў адзін варты ўвагі юбілей — і прайшоў ён, на жаль, міма грамадскай увагі. Самы загадкавы аб’ект з “беларускага спісу” ЮНЕСКА адзначыў 205-годдзе сваёй гісторыі. Пра Дугу Струвэ, вядома, многія чулі. Але далёка не кожны дасць рады патлумачыць, што ж яна такое і ў чым тут соль. Таму гэтым помнікам сусветнай спадчыны ганарымся мы неяк дзяжурна, дзеля праформы. Тым болей, прыналежыць ён не толькі нам, але адразу дзесяці краінам. Аднак калі ўсвядоміць, што Беларусь ідзе ў іх пераліку не праз коску, а з загалоўнай літары, стаўленне, мабыць, зменіцца.

/i/content/pi/cult/861/18274/09.jpgАд айсбергаў да пляжаў

Напачатку трохі “матчасткі”: без яе тут проста немагчыма. Бо, прызнацца, я і сам доўга не мог зразумець, што ж гэта такая за дуга — хаця спробы рабіў неаднойчы. Так было да той пары, пакуль не пазнаёміўся з Уладзімірам Мкртычанам. Адзін з “адкрывальнікаў” дугі для сучаснікаў і актыўны яе папулярызатар мае ўнікальную здольнасць тлумачыць усё даходліва. Не толькі для геадэзістаў, але і для “суцэльных гуманітарыяў”.

Каб стварыць дасканалыя геаграфічныя карты, трэба было найперш навучыцца дакладна вымяраць вялікія адлегласці. Працягнуць якую рулетку, скажам, паміж Паўночным Ледавітым акіянам і Чорным морам, пэўна, не атрымаецца: там жа лясы, горы, балоты. Але ёсць трыангуляцыйны метад: калі ведаць адзін бок трохкутніка ды яго куты, можна даведацца даўжыню ўсіх астатніх бакоў. А калі на адлегласці паміж згаданымі вадаёмамі стварыць сетку такіх спалучаных паміж сабою трохкутнікаў, задача спрашчаецца — ці, прынамсі, становіцца рэальнай. Варта толькі вымерыць адзін бок і ўсе куты, а потым вылічыць і падсумаваць — і мы ўжо ведаем, колькі кіламетраў ад айсбераў да пляжаў. Уласна, так і атрымалася Дуга Струвэ.

/i/content/pi/cult/861/18274/010.jpg— А маючы ўсе вымераныя базісы і кутнія велічыні па гэтым вялізным ланцугу трохкутнікаў, геадэзісты выкарысталі матэматычныя метады і вылічылі параметры Зямлі, — дадае Уладзімір Ваганавіч. — Потым гэтыя звесткі выкарыстоўваліся паўсюдна. Сучасная спадарожнікавая навігацыя без іх бы не з’явілася!

Апісаныя спосабы вымярэнняў былі вядомыя даўно. Засталося “самае малое” — прымяніць іх на практыцы. На тое, каб пракласці дугу даўжынёй у 2820 км, якая складалася з 265 тыангуляцыйных пунктаў, спатрэбілася амаль чатыры дзесяцігоддзі.

— Гэта дзіва, але самае вялікае даследванне ў геадэзіі атрымалася бадай выпадкова, — кажа Уладзімір Мкртычан. — І найперш стараннямі энтузіястаў.

Вінаваты тут ва ўсім Напалеон. Без жартаў: баявыя дзеянні 1812 года засведчылі, што картаграфія ў Расійскай імперыі — бадай на першабытным узроўні. Пасля вайны сітуацыю было “высочайше” загадана выправіць. А пачаць заканамерна вырашылі з самых праблемных губерняў — заходніх.

І вось, у студзені 1816 года ля мястэчка Дрысвяты з’явіліся нейкія загадкавыя людзі. Цяжка ўявіць, што думалі пра іх заўсёднікі карчмы, калі побач з гэтым важным сацкультаб’ектам усталёўваўся таямнічы знак. Пэўна, масоны?

Дарэчы, не памыляліся. Палкоўнік Карл Тэнер, кажуць, і сапраўды быў сябрам віленскай ложы. Але прыехаў ён на Браслаўшчыну па іншых справах. На тэрыторыі Расійскай імперыі з’явіўся першы геадэзічны пункт. З гэтага моманту і бярэ адлік вялізная дуга (хаця сам той пункт у яе не патрапіў).

— Калі на міжнародных канферэнцыях, прысвечанай Дузе Струвэ я кажу, што яе радзіма — Беларусь, навукоўцы з іншых краін на мяне мо часам і касавурацца, але не пярэчаць, — пасміхаецца Уладзімір Ваганавіч. — Болей за тое, гэтую дугу па справядлівасці варта было б назваць Дугой Тэнера — Струвэ. Бо хаця ўнёсак апошняга папраўдзе цяжка перацаніць, ініцыятарам пераўтварыць прыкладныя вымярэнні ў грандыёзны навуковы эксперымент быў менавіта Карл Тэнэр — за што нават атрымаў па шапцы.

Можа, на гэтым бы ўсё і скончылася. Але Васілю (сапр. Фрыдрых Георг Вільгельм) Струвэ ўдалося пераканаць імператара ў карысці такога амбітнага даследавання. І пасля таго, як геадэзіст з Дэрпта спалучыў свае трыангуляцыйныя сеткі з тымі, што зрабіў калега з Вільні, кожны рушыў у сваім напрамку: Струвэ на поўнач, да акіяну, а Тэнер на поўдзень. Справа ішла туга: усталяваць 265 вышак у лясах, балотах, на лёдзе, а потым правесці з іх патрэбныя вылічэнні — не так і проста. Але ў выніку было даказана: зямля не зусім круглая, яны прыплюснутая на полюсах.

Алгарытмы пошукаў

І вось, праз паўтара стагоддзі пасля гэтай высновы цэлая плойма экспертаў з усіх дзесяці краін стала рыхтаваць дасье на ўключэнне Дугі Струвэ ў Спіс сусветнай спадчыны. Беларусь, вядома, да гэтага далучылася. Але ўзнікла замінка: паколькі аб’ект матэрыяльны, патрэбныя рэчыўныя доказы. А ніводзін пункт дугі на тэрыторыі нашай краіны пакуль што выявіць не ўдалося. Навуковая экспедыцыя, зладжаная ў 1999 годзе, плёну не прынесла.

— І тады па дапамогу звярнуліся ў нашу арганізацыю “Беларэакосмагеадэзія”, гендырэктарам якой я тады з’яўляўся, — распавядае Уладзімір Мкртычан. — Мы сталі вывучаць справаздачы Струвэ і неўзабаве зразумелі хібу папярэднікаў: яны няверна інтэрпрэтавалі пададзеныя там каардынаты. Струвэ карыстаўся эліпсоідам Беселя, а мы цяпер (дарэчы, дзякуючы Струвэ) — больш дасканалым эліпсоідам Красоўскага. Адпаведна, было неабходна вызначыць ключы пераходу паміж імі. І ў выніку радыус пошукаў намі быў зменшаны літаральна да сантыметраў.

Тым не меней, пакарміць камароў у палескіх лясах і балотах давялося нямала. Пункты дугі размяшчаліся ў мясцінах бязлюдных, ландшафт за гады змяніўся… Але ў выніку рыдлёўка ўрэшце натыркнулася на пліту, якой Тэнер пазначаў свае пункты. Адбылося гэта ля вёскі Асаўніца, што ў Іванаўскім раёне.

— Нашай радасці проста не было межаў! — згадвае Уладзімір Ваганавіч. — Мы ўжо ведалі, што гэты пункт — аснова базіса: таго самага ўчастка, які вымяраўся непасрэдна. Праверылі тыя вымярэнні з дапамогай сучаснага абсталявання — і выявілася, што папярэднікі, якія карысталіся звычайным жэзлам, схібілі ўсяго на 3 см — пры даўжыні болей за 11 км. Уяўляеце, на якім узроўні ўсё рабілася! А далей усё трохі прасцей пайшло: для геадэзіста ж самае важнае за нешта зачапіцца. Дзякуючы разлікам, удалося знайсці 19 пунктаў з 31 — болей, чым у любой іншай краіне! Нашых супрацоўнікаў потым нават у Малдову запрашалі на дапамогу.

Адзін з пунктаў дугі апынуўся… літаральна пад кароўнікам. Многія іншыя таксама з ходу не адшукаеш. Але ёсць і тыя, якіх можна назваць гатовымі аб’ектамі экскурсійнага паказу.

“Тут быў Ходзька”

Калі суразмоўца ўпершыню натрапіў на пункт “Тупішкі”, што ў Ашмянскім раёне, гэта быў зарослы лесам узгорак без прыкметаў цывілізацыі. Сёння ён выглядае сапраўдным узорам добраўпарадкавання: усталяваны памятны знак, усё чыста і пакошана, навокал лавачкі і альтанка… Ёсць і даволі змястоўны інфармацыйны шчыт, які дазваляе старонняму вандроўніку даведацца, куды ж ён патрапіў. На Ашмяншчыне, як я заўважыў, яны наогул паўсюль — а не толькі на “топавых” аб’ектах. Вось традыцыя, папраўдзе вартая пераймання!

Шукаць гэтае месца не даводзіцца: на трасе ўсталяваныя ўказальнікі, аднак апошнія пару кіламетраў да самога пункта адолее не кожнае аўто. Дарогу планавалі палепшыць, але пакуль рукі не дайшлі. Але ўсё адно гэты пункт мае шансы стаць турыстычным аб’ектам. Балазе з месцам яму пашчасціла: зусім побач, па дарозе паміж Крэва і Гальшанамі, прамінаюць плоймы вандроўнікаў.

Ды і ў саміх Гальшанах, у дадатак да мноства адметнасцяў, ёсць і музей, прысвечаны Дузе Струвэ. Ён зусім невялічкі — пакой ды яшчэ калідор у мясцовай бібліятэцы. Таму старшыня Гальшанскага сельсавета Аляксандр Саванец шукае магчымасці для яго пашырэння. З цікавага там — розныя геадэзічныя прылады, здатныя ажыць у руках абазнанага экскурсавода. Калі, вядома, з’явіцца слухач.

Здавалася б, Дугу Струвэ вельмі цяжка раскруціць для масавага турызму. Бо і глядзець на яе пунктах асабліва няма чаго. З аўтэнтыкі — толькі знак, зроблены з цэглы ці іншых падручных матэрыялаў. Ды і той прадбачліва закапаны ў зямлю. Але ўсё ажывае, калі чуеш прачулы аповед…

Геадэзіяй, будзьма шчырымі, цікавяцца нямногія. Іншая рэч — чалавечыя лёсы… Вось і ў гальшанскім музеі побач з партрэтамі этнічных немцаў Тэнера і Струвэ вісіць партрэт нашага земляка. Нарадзіўся ён у Крывічах на Мядзельшчыне, але, як распавядае нам краязнаўца Валянціна Лабуніна, родавы маёнтак быў яшчэ бліжэй да гэтых мясцін — літаральна ў дзясятку кіламетраў.

Як і ў многіх нашых суайчыннікаў таго часу, навуковая кар’ера Юзафа (або Іосіфа) Ходзькі склалася ад зваротнага. Калі царскія ўлады выкрылі патаемнае таварыства філаматаў, віленскі студэнт рызыкаваў апынуцца ў зняволенні, поруч са сваімі сябрамі — Міцкевічам, Занам ды многімі іншымі. Але Тэнер акурат шукаў здольную моладзь для складаных палявых вымярэнняў. Так Ходзька стаў ваенным геадэзістам. Працаваць давялося пераважна ў Беларусі — у тым ліку, і ў Тупішках (гэта дакладна вядома). І менавіта яму была даручаная вельмі адказная функцыя: спалучыць тыя градусныя вымярэнні, якія праводзілі Тэнер і Струвэ, у адзіную сістэму. Уласна, гэта і стала першым звяном знакамітай дугі.

— А як грымнула паўстанне 1830-га, Тэнэр выратаваў яго і ў другі раз, — дадае Уладзімір Ваганавіч. — Калі Ходзька апынуўся пад падазрэннем, начальнік ад бяды падалей выправіў яго ў Малдову.

І потым куды яго толькі не заносіла! Тое, як ужо немалады геадэзіст штурмаваў Арарат на Каўказе — каб правесці там адмысловыя даследаванні — ужо стала легендай. Пагатоў, гара лічылася амаль непрыступнай, ды і альпінісцкага рыштунку тады бадай не было…

Карацей, ёсць пра што распавесці экскурсаводу ў Тупішках! А магчыма, з часам з нетраў архіваў усплывуць і цікавыя факты і пра яшчэ аднаго “нашага” стваральніка дугі — мінчука Міхаіла Глушневіча, які стаў дырэктарам знакамітай Віленскай абсерваторыі.

…Урэшце, калі мы зразумеем, што геадэзічная дуга пралегла не толькі па зямлі, але і праз лёсы сваіх стваральнікаў, якімі па праве можна ганарыцца, гэты “аб’ект incognito” стане куды бліжэйшы для кожнага.