Па мядовым Палессі

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Паездкі па маляўнічых мясцінах беларускага Палесся заўсёды абяцаюць незвычайнае, нязведанае, новае. Вось і цяпер пабачыў захаваныя праз стагоддзі традыцыі бортніцтва ў адметным беларускім краі.

 /i/content/pi/cult/181/1827/Med.jpg
Непадалёк ад Пінска, кіламетраў за 25, ёсць некалькі глухіх вёсак, што размясціліся на берагах Прыпяці. Адна з іх — Кудрычы, а другая — Качановічы. Абедзве палескія вёскі досыць старыя: Кудрычы вядуць свой летапіс з вясны 1555 года, а Качановічы — з 23.02.1552. Але гэта даныя першых згадак іх у гістарычных запісах. Безумоўна, вёскі яшчэ больш старажытныя, бо існавалі задоўга да пазначаных у дакументах дат.

І ў той, і ў другой вёсках — старыя хаты, старыя чаўны, старыя людзі... У абедзвюх ёсць свае пчалаводы, ці, як іх называлі даўней — бортнікі. Увогуле, бортніцтва — адзін з найстаражытнейшых відаў чалавечай дзейнасці, і таму яно вядомае на Палессі здаўна, а людзі, што займаліся гэтай паважнай справай, заўсёды выклікалі павагу ў тутэйшых жыхароў.

Маісей Елісеевіч Махнавец — пчалавод з вёскі Кудрычы. У яго, акрамя вядомых усім вулляў, ёсць і шэраг старадаўніх калод, якія ён атрымаў у спадчыну ад бацькі, таксама вядомага бортніка. Выдзеўбленыя з суцэльнага ствала дрэва, калоды звычайна завозіліся на чаўнах далёка ад вёскі і прывязваліся ці прымацоўваліся там да дрэва. Тым больш раней, калі дарогі былі зусім дрэнныя, і нават у Пінск вельмі часта даводзілася ехаць водным шляхам.

Наступны прыпынак — вёска Качановічы, што знаходзіцца амаль на тым месцы, дзе сустракаюцца дзве вядомыя палескія ракі Прыпяць і Ясельда.

Ласуемся мёдам у знанага бортніка Мікалая Мікалаевіча Качановіча (зразумела, што людзей з такім прозвішчам у вёсцы з той самай назвай найбольш), у гаспадарцы якога таксама нямала вулляў ды борцей (калод). Ягоны сын працягвае бацькоўскія традыцыі, займаецца пчалаводствам.Багатая мёдам зямля Палесся, багатая сваёй адметнай народнай культурай, якая працягвае знаходзіць сваіх прыхільнікаў сярод малодшага пакалення.


Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
На здымку: такія борці спрадвеку ставяць у
Кудрычах.
Фота аўтара