“У них там…”

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г


Мая знаёмая распавяла такую гісторыю. Яе ўнучка, якой зараз сёмы, тры гады назад здзівіла яе сказам: “У них там в Беларуси…” Сама дзяўчынка беларуска, яе бацькі — таксама. Справа адбываецца ў Беларусі. І тым не менш беларуская дзяўчынка, хай сабе і занадта маленькая, каб глыбока ўнікаць у нацыянальна-дзяржаўныя дэфініцыі, гаварыла пра Беларусь як пра нешта яе недатычнае.

А тлумачэнне аказалася, здаецца, простым. Сацыялізацыя дзіцяці адбывалася праз Сеціва і змешчаныя там мульцікі. А мульцікі былі спрэс расійскія. Прычым выдатнай якасці. Гэты віртуальны свет дзіцём успрымаўся як больш рэальны, чым рэчаіснасць, нават з дакладнай геаграфічнай прывязкай. Вось і думала дзяўчынка, што жыве ў Расіі, калі расійскі кантэнт увесь час у яе перад вачыма. Тут дарэчы згадаць нашы заходнія вобласці ў 70-я гады, калі пра Сеціва яшчэ нават гаворкі не было, — тады польскае тэлебачанне там таксама бралося, і, вядома, нейкім чынам уплывала на дадзеныя рэгіёны.

У згаданай сітуацыі я не бачу бяды, а тым больш трагедыі. Дзяцінства маіх сыноў прайшло на тле дыснееўскіх мульцікаў, упершыню дапушчаных на наш тэлеэкран, але праз гэта яны амерыканцамі не сталі. Па ўсім свеце будуюцца “дыснейленды” па ўзору эталоннага, каліфарнійскага, але нацыянальныя каштоўнасці ад гэтай праявы глабалізацыі не дэвальвуюцца і не скажаюцца. І ўсё ж пэўную праблему аповед бабулі пра ўнучку высвятляе.

Калі ў віртуальнай прасторы, якая выхоўвае нашых дзяцей, адсутнічае беларускі кантэнт, значыць, можа здарыцца нейкі прагал у свядомасці, калі дзіця падрасце і будзе рэальна ўключана ў сацыяльныя працэсы. Вядома ж, інфармацыя і досвед, засвоеныя ў дзяцінстве, вызначаюць нашы ўчынкі ў сталым узросце. Як слушна гавораць нашы ўсходнія суседзі, “чему научил, то и получил”. Да таго ж, нават глабалісту-касмапаліту нацыянальная свядомасць не зашкодзіць.

Кантэнт беларускага патрыятызму — гэта не толькі памяць пра драматычныя лёсавызначальныя падзеі гісторыі. Гэта яшчэ і даўняя, калі трэба, рамантызаваная гісторыя, нашы казкі, міфы, легенды. Французы выхоўваюцца на казках Шарля Перо, у датчан ёсць Андэрсан, у брытанцаў — Люіс Кэрал і Джон Рональд Толкін, у шведаў — Сэльма Лагерлёф, у палякаў — Януш Корчак. Ці мае Беларусь літаратуру такога ж класу, цікавую дзецям і дарослым? Мяркую, мае. Згадаем хоць бы Янку Маўра і ягоных "Палескіх рабінзонаў" Уладзіміра Караткевіча і ягонае “Дзікае паляванне караля Стаха”. А калі чаго нестае, дык маладое пакаленне беларускіх літаратараў за рукі ніхто не трымае. Стварайце нацыянальны кантэнт, варты трансфармацыі ў віртуальны фармат! Дзеці дзякуй скажуць. Дарослыя таксама.

Дарэчы, дзяўчынка, якой зараз ужо шэсць гадоў, болей такіх недарэчнасцей не гаворыць. Больш за тое, настроеная разам з бацькамі зрабіць Беларусь лепшай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"