Так, 27 — 29 ліпеня сваю версію чэхаўскага “Дзядзькі Вані” прадставіць сталічны Тэатр-студыя кінаакцёра. 29 — 30-га — гогалеўская “Жаніцьба” на знакамітай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы: сучасны погляд на гэту п’есу рыхтуе малады рэжысёр Данііл Філіповіч. 29 — 31-га — прэм’ера ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры, які набыў імідж аднаго з самых эсперыментальных у краіне: Віталь Краўчанка прапануе трагічны фарс “Тата” па п’есе Фларыяна Зелера, дзе праблемы страты памяці старога чалавека даследуюцца быццам яго ўласнымі вачыма. А ўсяго адзін дзень, 28 ліпеня, — мюзікл-пастыча “Фігара” ў Палацы культуры прафсаюзаў.
Як тут публіцы не разгубіцца? Тым больш што і надвор’е кліча правесці вольны час на прыродзе, а не ў замкнёнай зале. Тэатр “Тэрыторыя мюзікла” знайшоў новую форму прэзентацыі будучага спектакля — не ў форме звыклай прэс-канферэнцыі адно для журналістаў, а ў выглядзе так званага “кватэрніка дзядзькі Якуба”. На лужку ў сядзібе Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа сабраліся пастаноўшчыкі, артысты і зацікаўленая публіка. Фрагменты з будучага багата касцюміраванага спектакля паказваліся без сцэнічных строяў, але быў абжыты балкон другога паверха: частка падзей адбывалася там. А пасля прагляду можна было не толькі задаць пытанні, але і пагутарыць з апантанымі творцамі, што называецца, сам-насам.