Высновы пасля свята і рашэнне бягучых пытанняў

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

20 ліпеня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі удзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Напачатку нарады міністр адзначыў, што свята “Славянскі базар” у Віцебску прайшло маштабна і на высокім прафесійным узроўні. “На мерапрыемства прыехалі артысты з 30 краін свету, у тым ліку з СНД і Заходняй Еўропы, — падкрэсліў Анатолій Маркевіч. — Дадзенае свята і надалей будзе збіраць сяброў, у тым ліку з славянскіх краін, і радаваць людзей. Выказваю словы шчырай падзякі ўсім, хто арганізоўваў урачыстасць”.

На нарадзе таксама закраналася пытанне, звязанае з правядзеннем выязной калегі Міністэрства культуры ў Нясвіжы 23 ліпеня, абмяркоўваліся фармат, час правядзення і арганізацыйныя ўмовы калегіі па выніках мінулага паўгоддзя.

Міністра праінфармавалі пра абнаўленне бібліятэчных фондаў краіны. Ад генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксаны Кніжнікавай прагучала грунтоўная прапанова па выпрацоўцы больш дакладнай сістэмы па закупцы бібліятэкамі краіны неабходнай літаратуры, якая была прынятая за аснову.

Разглядаліся вынікі работы за паўгоддзе мемарыяла “Брэсцкая крэпасць” і музея “5 форт”. Міністр заўважыў, што наведванне гэтых аб’ектаў, безумоўна, будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню і надалей застанецца тым святым месцам, якое заўсёды знойдзе водгук у сэрцах людзей. Паміж гэтага ўздымалася пытанне далейшай рэканструкцыі і капітальнага рамонту мемарыяла “Брэсцкая крэпасць”, у тым ліку з дапамогай Саюзнай дзяржавы.

Гаварылася на нарадзе і аб узбагачэнні рэпертуара айчынных танцавальных калектываў новымі дынамічнымі праграмамі. Перш за ўсё прыклад станоўчых перамен у рэпертуары павінны паказаць Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца і Акадэмічны ансамбль “Харошкі”. Анатолій Маркевіч выказаў думку, што выдатна было б убачыць новыя нумары харэаграфіі на лістападаўскім Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.

Зноў жа абмяркоўваліся балючыя пытанні рамонту віцебскага тэатра імя Якуба Коласа, Нацыянальнага Акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка “Вязынка”. На ўсіх аб’ектах пакуль застаюцца недапрацоўкі, якія хуткім часам трэба вырашыць належным чынам.

На заканчэнні нарады Анатолій Маркевіч падкрэсліў важнасць удасканалення работы СМІ з Міністэрствам культуры. Таксама нагадаў, што патрэбна змяніць “твар” міністэрства — сайт, і параіў зрабіць гэта на прыкладзе лепшых рэгіянальных рэсурсаў.