Конкурс +, але з пытальнікамі

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Юбілейны ХХХ “Славянскі базар у Віцебску” завяршыўся, пераможцы названы: Гран-пры атрымалі Комнен Вукавіч з Чарнагорыі (у дзіцячым конкурсе) і Рухія з Казахстана (у дарослым). Лаўрэатамі сталі абодва прадстаўнікі нашай краіны: 13-гадовы Канстанцін Мазуркевіч (першая прэмія) і, сярод дарослых, Данііл Мышкавец — сёлетні выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Захавалася і штогодняе негалоснае спаборніцтва між нашымі і замежнымі артыстамі, дзе прайграўшых не бывае.

/i/content/pi/cult/860/18257/opt.jpegУсё пачынаецца з дзяцінства

Дзіцячы конкурс звычайна праводзіцца раней за дарослы. У мінулыя гады, здаралася, яго праслухоўванні ўвогуле выносіліся за межы афіцыйных фестывальных дзён. Сёлета ён папярэднічаў даросламу з розніцай хіба ў некалькі гадзін. Але адчуванне таго, што дзеці ўсё роўна апярэджваюць дарослых, захавалася.

Дзіцячы конкурс сёння практычна нічым не адрозніваецца ад дарослага — хіба меншым узростам удзельнікаў і, адпаведна, меншымі прэміямі. Усё астатняе — без скідак на дзяцінства. У тым ліку рэпертуар, хаця ў конкурсных умовах і пазначана неабходнасць адпаведнасці дзіцяча-юначай тэматыцы і светаўспрыманню. Прыводзячы аргументы на карысць дарослых кампазіцый, звычайна гавораць пра ранняе сталенне сучасных падлеткаў. Каханню, як вядома, “усе ўзросты падуладны”, але ж яно бывае вельмі розным. І залежыць не толькі ад індывідуальных чалавечых рысаў, але і ад псіхалогіі людзей рознага веку. А яшчэ — ад імклівых змен у самім грамадстве.

На цяперашнім конкурсе сутыкнуліся дзве тэндэнцыі. Адна звернута да колішніх традыцый успрыняцця дзяцей як “маленькіх дарослых”, што адбівалася нават на сцэнічных строях. Другая — скіравана на падлеткаў з іх іншым сусветам, адрозным і ад дарослага, і ад казачна-дзіцячага. Нават тэма вясёлкі, абраная ў якасці пункту адліку для канцэпцыі ўсіх трох канцэртаў (два конкурсныя праслухоўванні і цырымонія ўзнагароджвання), вырашалася не столькі як чароўная казка, колькі як размаітасць несупынных творчых фантазій.

Больш перспектыўным, вядома, з’яўляецца другі кірунак, які забяспечвае не толькі пераемнасць традыцый, але і іх абнаўленне, далейшае развіццё, а не паўтор. Калі ж меркаваць па Гран-пры, перамагла ўстойлівая класіка. І добрая навучанасць, што спрыяе вырошчванню вундэркіндаў, цікавых хіба да першых прыкмет свайго сталення.

Асабіста для мяне сапраўднага Гран-пры, што відавочна пераўзыходзіць агульны ўзровень, сёлета на конкурсе не атрымалася. Уладальнік гэтай узнагароды спяваў стабільна, але паказаў дзве лірычныя кампазіцыі. Адной з іх была Je t’aime Лары Фабіян, слухаць якую ў хлапчуковым варыянце было дзіўнавата. Дый раскаванасцю сцэнічных паводзін ён зусім не вылучаўся.

Па яркасці тэмбравых і артыстычных якасцей, прафесійнай падрыхтоўцы і абраным рэпертуары, на вышэйшую планку мог прэтэндаваць найперш наш Канстанцін Мазуркевіч. У першы конкурсны дзень ён даволі ўдала ўвасабляў творчага нашчадка Юзары. А на другі штосьці пайшло не так. На адборы ён спяваў іншую песню, і дзве кампазіцыі былі аднапланавымі. Рашэнне замяніць адну з іх мела рацыю, ды, пэўна, крыху не хапіла часу, каб юны выканаўца пачуваў сябе гэтак жа ўпэўнена. Песня “All by myself” з рэпертуару Селін Дзіён — найскладаная не толькі па вакале, але і па драматургіі. Калі хлопчык выйшаў на сцэну, на ягоным твары была напісана разгубленасць. Можа, надта “ўвайшоў у вобраз”? Ці было дрэнна чуваць “мінусоўку”, што нярэдка здараецца. Але ён змог сабрацца і завяршыў выступленне папраўдзе феерычна, даказаўшы сваё першынство.

Другую прэмію падзялілі Елізабет Захарыева з Балгарыі і расіянка Ксенія Кан. Трэцюю — Шахрукан Халімхонаў з Узбекістана і Даніэль з Украіны. На жаль, за межамі лаўрэацтва засталіся абаяльныя, вельмі арганічныя ў розных стылях Аміта Асгатава з Казахстана, Юля Тэлеуке з Малдовы — што называецца, гатовыя артысткі. Але конкурс — гэта яшчэ і латарэя. Ва ўсіх сэнсах.

/i/content/pi/cult/860/18257/18.jpgХіт “гарачы” ці застылы?

Будзем шчырымі: сёлетні дарослы конкурс аказаўся далёка не самым моцным. У цяперашніх няўстойлівых умовах, калі сітуацыя з той жа пандэміяй змяняецца штодня, гэта цалкам натуральна. Жаданне пабудаваць графік гэткага няўмольнага ўзрастання — атавізм савецкіх і асабліва даваенных часоў, калі лінейны падыход да гісторыі лічыўся адзіна правільным. Увогуле, чакаць штогодняга павышэння конкурснага ўзроўню апрыёры немагчыма. На склад удзельнікаў уплываюць вельмі многія фактары, сярод якіх не след адкідваць яго вялікасць выпадак. Так што ўпрыгожванне сусветных хітоў танцавальным суправаджэннем ансамбля “Тодэс” аказалася як ніколі дарэчы. Да ўсяго, гэта працягнула традыцыі дзіцячага конкурсу і многіх іншых канцэртаў, дзе эстрадныя спевы спалучаюцца з харэаграфічнымі нумарамі найперш шматлікіх беларускіх калектываў.

Канкурсантаў аказалася 14, сярод іх была прадстаўніца Эквадора. Маладыя выканаўцы пераважна арыентаваліся на песні баладнага тыпу, запатрабаваныя на гэтым спаборніцтве. Ды ў такім рэпертуары часцяком “кульгала” спеўная культура, большасці ўдзельнікаў яе папросту не хапала. Энергетыка замянялася ваяўнічасцю, агрэсіяй, асабліва ў дзяўчат. Са славянскім хітом было яшчэ горш: у лепшым выпадку выкананне папросту капіравала арыгінал, не ўносячы нічога новага. Пры такім раскладзе выйгравалі тыя, хто звяртаўся да не самых раскручаных кампазіцый. Але паўставала пытанне: што тады лічыць хітом? Міжволі ўзгадаліся колішнія конкурсы “Залатога шлягера” ў Магілёве, дзе вядомыя песні атрымлівалі не толькі цікавыя новыя прачытанні, але і даволі кардынальныя пераасэнсаванні. Майстар-клас паказаў і Ігар Карнялюк, што разбіваў конкурсныя праслухоўванні ў якасці госця і прадэманстраваў новую версію сваіх “Дажджоў”.

Наш Данііл Мышкавец, які падзяліў другую прэмію з украінкай Рэнатай Шціфель і атрымаў спецпрыз глядацкіх сімпатый ад Украіны, спяваў той жа рэпертуар, што і ў фінале нацыянальнага адбору ў Барысаве. Песня Леаніда Захлеўнага на словы Леаніда Пранчака “Я магу купіць каханне” была вельмі папулярнай у 1990-я, адкрываючы новую для беларускай эстрады тэму — дзяўчыны “па выкліку”. Малады выканаўца ўклаў у яе ўсю горыч свайго героя, дададзеная вакальная кадэнцыя стала сапраўдным плачам па загубленых лёсах. А вось замежная эстрада, што гучала ў першы дзень, рэзала вуха дрэнным вымаўленнем. Прыгожы тэмбр спевака выявіўся хіба на “Купалінцы” ды іншых мелодыях, праспяваных ім, пакуль журы вызначалася з баламі.

Дарэчы, гэтыя шоу-хвілінкі, прызначаныя для запаўнення паўз, сёлета былі не заўсёды этычнымі, часам грашылі адсутнасцю палітыкеса, неабходнага на падобных

дзяржаўных мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню, што павінны дэманстраваць імкненне “да міру і ўзаемаразумення”. Замест зняцця стрэсу ў канкурсантаў вядучы часцяком ставіў тых у даволі няёмкія, недарэчныя сітуацыі, дый сам ягоны пасыл быў адкрыта скіраваны на “пошукі падману”.

Што ж да іншых лаўрэатаў ды прызёраў, дык першую прэмію і прыз Прэзідэнта Беларусі “Славянская надзея” атрымала Ірына Арсеніевіч з Сербіі. Гран-пры — Рухія з Казахстана, якая валодае вялізным дыяпазонам і нагадвае жаночы варыянт Дзімаша Кудайбергена. Чым не падстава задумацца пра прыродныя дадзеныя казахскіх спевакоў і ўменне іх добра развіваць? Трэцяе месца падзялілі Тофік Гаджыеў з Азербайджана і Іванна са Славакіі. Мірза Селімавіч павязе ў Боснію і Герцагавіну прыз імя У.Мулявіна. А тэлерадыёкампанія “Мір” адзначыла сваім прызам Абая Серыкава з Кыргызстана.

Перамагаюць айчынныя брэнды

Адметнасцю юбілейнага фестывалю стала павышаная колькасць беларускіх удзельнікаў, у тым ліку на самых прэстыжных гала-канцэртах у Амфітэатры. За нашых было не толькі не сорамна — менавіта яны часцей за ўсё выратоўвалі агульнае ўражанне ад вечарыны. Што ж да запрошаных гасцей, дык спевы некаторых нагадвалі рэстаранную манеру.

Калі праводзіўся б конкурс сярод саміх канцэртных праграм, дык упэўнена і відавочна перамог бы праект “Крок by крок” рэжысёра Уладзіславы Арцюкоўскай. Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі даў фору ўсім іншым вечарынам і быў папраўдзе арыентаваны на лепшыя здабыткі нацыянальнай культуры за некалькі стагоддзяў. Акцэнт у ім ставіўся не на папулярных беларускіх выканаўцаў, а найперш на сам аповед пра нашу краіну — праз айчынныя брэнды. І гэта аказаліся не толькі прырода, чысціня ды праславутыя дранікі, але і жывапіс, старадаўняя культура, пададзеная праз песню пра яе, спорт, сучасная харэаграфія ды многія іншыя “фішкі”.

Што ні нумар — адшліфаваны дыямент. Між тым, многія імёны былі новымі, невядомымі не толькі шырокай публіцы, але і некаторым спецыялістам. Іх адкрыццё — яшчэ адзін здабытак гала-канцэрта.

А колькі адкрыццяў утрымлівала традыцыйная, здавалася б, цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў дзіцячага конкурсу! Бо там згадалі не толькі ўдзельнікаў і членаў журы, але і менавіта віцебскія брэнды ў галіне культуры і мастацтва. У прыватнасці, фестывалі-конкурсы “Арт-парад у Віцебску”, што ахопліваюць не толькі вакал, але і ўсе напрамкі харэаграфіі, інструментальную музыку, выяўленчае мастацтва, дэкаратыўна-прыкладное і мастацкія рамёствы.

На жаль, гэтыя дзве самыя яркія фестывальныя вечарыны адбываліся адначасова на розных пляцоўках — і гэтак жа супадалі па часе іх тэлетрансляцыі на розных каналах. Таму паглядзець іх цалкам можна было хіба ў рэжыме адкладзенага прагляду. Да таго ж, у тэлепаказе беларускага праекта не ўдалося сумясціць творы выяўленчага мастацтва, што дэманстраваліся на задніку, з агульнай карцінкай і буйнымі планамі салістаў. Магчыма, гэта можна будзе зрабіць пры далейшай мантажнай працы? Бо “Крок by крок” павінен папоўніць залаты фонд нашых здабыткаў у як мага больш цэласным выглядзе.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"