Вера Кавалерава: “Я іграю не Асляня — Гамлета!”

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Колькі пакаленняў беларускіх дзяцей расло на спектаклях, тэлепраграмах, радыёпастаноўках, фільмах і мультфільмах, у якіх іграла Вера КАВАЛЕРАВА? Можна падлічыць — на тэлевізійным экране юная актрыса з’явілася яшчэ на пачатку 60-х гадоў. А нядаўна заслужаная артыстка Беларусі, актрыса Тэатра юнага гледача, уладальніца прэміі “Хрустальная Паўлінка”, адна з самых славутых травесці ва ўсёй гісторыі беларускага тэатра Вера Кавалерава адсвяткавала свой 70-гадовы юбілей. З яе імем звязаныя самыя бліскучыя і славутыя спектаклі ТЮГа. Але ж і лепшыя старонкі беларускай анімацыі таксама — бо менавіта голасам Веры Ільінічны ўжо амаль 50 гадоў размаўляюць героі мультфільмаў, і ў беларускім ігравым кіно і ў радыёпастаноўках актрыса пакінула яскравы след, а ў апошняе дзесяцігоддзе атрымала шырокае прызнанне і дзякуючы здымкам у серыялах. Наперадзе новы тэатральны сезон у галоўным тэатры яе жыцця — Тэатры юнага гледача.

/i/content/pi/cult/860/18256/16.jpg— Амаль усё жыццё вы працуеце актрысай, і працуеце для дзяцей. Колькі гэта ўжо часу?

— Атрымліваецца, што 61 год, калі з конкурсу ў дзіцячую студыю-тэатр пры Беларускім тэлебачанні я адразу трапіла на экран — рэжысёр Ганна Іванаўна Пінігіна запрасіла ў свой телеспектакль “Дело мастера боится”. А набірала нас цудоўная актрыса Клаўдзія Акімаўна Казакова. У студыі я атрымала выдатную прафесійную школу, Клаўдзія Акімаўна вучыла нас па праграме інстытута, і мне потым нават пры паступленні ў ВНУ казалі: “А чаму мы вас можам навучыць — вы ўсё ўмееце!” У цыклавых перадачах “Читают юные” мы чыталі паэзію і прозу, ігралі ў тэлеспектаклях — не толькі ў дзіцячых, але і ў дарослых. Напрыклад, у спектаклі “Сястрычка” сярод акцёраў я адна была дзіцёнкам, прычым у галоўнай ролі. Шкада, што цяпер на тэлебачанні такога няма — няма спектакляў, няма дзіцячай студыі-тэатра. У мае часы гэта была вельмі сур’ёзная з’ява — тэлевізійны тэатр.

— Тады ж  — з адзіным тэлеканалам і без інтэрнэту — чалавек з экрана абавязкова станавіўся суперзоркай. І вы, мабыць, яшчэ ў дзяцінстве зведалі смак славы.

— На славу і зорную хваробу ў мяне часу проста не было. Тройчы на тыдзень мы займаліся ў студыі, і ў школе трэба было вучыцца, а калі пачыналася праца над спектаклем, то і ўвогуле ні хвіліны не заставалася. А жыла я побач з тэлебачаннем, што на Камуністычнай, — у доме пад шпілем, дык асабліва нікуды і не хадзіла болей, каб мяне там пазнавалі і хвалілі. Але школа, канешне, мной моцна ганарылася. Мне больш падабаўся сам працэс — іграць, здымацца. Я была не зоркай, а працаўніком. Як і зараз, дарэчы. І ўсё дзеля дзяцей.

— Іграць менавіта для дзяцей — гэта тое, чаго вы ад самага пачатку хацелі? Як вы трапілі ў ТЮГ?

 — Мяне яшчэ ў студыі Клаўдзія Акімаўна прывучала да думкі, што я буду іграць у ТЮГу. А потым — там жа быў Міхаіл Пятроў, народны артыст! Я была шчаслівая працаваць разам з ім. Калі мяне не ўзялі ў Маскве ў інстытуты, я вярнулася ў Мінск і пайшла працаваць у атэлье. А падчас чарговых здымак на тэлебачанні сустрэлася з Людмілай Яфімаўнай Цімафеевай — заслужанай артысткай, актрысай ТЮГа, і яна сказала: “Верачка, і калі ты ўжо скончыш школу?!” Калі даведалася, што я скончыла, усклікнула: “І ты не ў ТЮГу!” І мяне імгненна ўзялі ў тэатр. Калі я першы раз зайшла ў кабінет дырэктара — пісьменніка Артура Вітальевіча Вольскага — ён засмяяўся, калі мяне пабачыў.

— А чаму засмяяўся?

— Ну ўявіце сабе: на мне было паліто ў клетку, якое ледзь прыкрывала месца, адкуль ногі растуць, — тады ж у модзе было міні. Шыць мяне навучыла мама-швачка — яна памерла, калі мне было 11 гадоў, і я сама сабе пашыла такое моднае паліто і да яго гэткую ж кепку. Да таго ж я рыжая, рост 152 сантыметры. Так што Артур Вольскі ўбачыў практычна Алега Папова ў мініяцюры! Але ён вельмі па-добраму засмяяўся — увогуле, гэта быў цудоўны чалавек. Праз 30 гадоў я нагадала яму: “Сёння 30 гадоў, як вы ўзялі мяне ў тэатр”. — “І ганаруся гэтым”, — адказаў Артур Вітальевіч.

— Я так разумею, з вашым талентам і вопытам вы мелі ўсе шансы паступіць у прэстыжную тэатральную ВНУ ў Маскве, але — амплуа і знешнасць сыгралі адмоўную ролю. Што гэта за гісторыя?

/i/content/pi/cult/860/18256/17.jpg— Аказваецца, у той год, калі я скончыла школу, быў дадзены загад не браць травесці ў тэатральныя ВНУ — маўляў, такія актрысы старэюць яшчэ пад час вучобы. Як зойдзеш куды на прагляд, кажуць — а здыміце абцасы! Здымеш — усё, дзякуй, можаце ісці. Неяк пасля такога праслухоўвання ў Маскве за мной выбегла адна актрыса ў гадах: “Дзетачка, а з якой ты сям’і?” Кажу, што з Мінска, папа ваенны, мама была швачкай. “Ой, за табой ніхто не стаіць, і ты вырашыла паступіць у Маскве? Ты ж паглядзі, каго тут бяруць!” І падвяла мяне да спісаў, а там усё знаёмыя прозвішчы. Але мяне ўжо практычна ўзялі ўва ВГИК на “беларускі” курс Ігара Таланкіна, трымалі для мяне месца. Але ў апошні момант з Мінска прыслалі дзвюх іншых дзяўчынак. ВГИК адказаў, што гэта месца для Смірновай (маё дзявочае прозвішча), але чыноўнікі сказалі, што Смірнова ім не патрэбна. І вось калі я пра гэта даведалася — з дзесяцігадовым вопытам працы на тэлебачанні, з нейкай папулярнасцю, з прызнаннем ад прафесіяналаў, а тут, аказваецца, я непатрэбна — дык не стала нават чакаць важнай сустрэчы з кіраўніком курса Таланкіным: узяла квіток на цягнік і ў той жа дзень вярнулася ў Мінск.

— Не шкадуеце пра сваё такое эмацыйнае рашэнне?

— Не шкадую. Я і не хацела асабліва быць у Маскве — усё жыццё любіла Мінск. Я тут нарадзілася, і ў Мінск закаханая. Потым жа мяне спрабавалі ў Маскву перацягнуць, але я не захацела ўжо. І ў Ленінградзе не змагла жыць.

— У вас быў і “ленінградскі перыяд”?

— Не, там я не працавала — я туды на адзін год схадзіла замуж. (Смех). У Мінску на здымках пазнаёмілася з вельмі папулярным тады акцёрам Аляксандрам Кавалеравым, якога ўсе ведалі па ролі хулігана Мамачкі з фільма “Республика ШКИД”, — а ён сам з Піцера, вось і паехала з ім туды. Праз год вярнулася ў Мінск. Канешне, любяць пра Кавалерава пытацца — чалавек быў вядомы, і яго “зорнае” жыццё мяне не радавала, але — разышліся ды разышліся. Засталася Кавалеравай, каб з сынам быць на адным прозвішчы. Мне ж потым у тэатры і гледачоў давялося перавучваць, што Вера Кавалерава — гэта я, Вера Смірнова.

— Калі вы гаворыце “тэатр”, гэта заўсёды значыць — мінскі ТЮГ. У вас у жыцці быў адзін тэатр?

— Так, па маіх адчуваннях адзін, хаця фармальна і не. Яшчэ я шэсць гадоў адпрацавала ў Львове ў Тэатры Прыкарпацкай ваеннай акругі. Туды мяне завабілі кватэрай. Тэатр быў добры — адных народных артыстаў у ім было з дзясятак. І мяне цанілі, “хадзілі на мяне”, як кажуць. Але ў Львове мне было не так цікава, там я часам нават не разумела, ці добра іграю. Гэта дзіцячую аўдыторыю не падманеш, а дарослыя ж абавязкова напрыканцы папляскаюць у далоні. Калі ты ўмееш валодаць дзецьмі са сцэны — ты вялікі майстар. Я таму і кажу, што самыя лепшыя артысты выйшлі з ТЮГаў. Вось пачынаецца спектакль, папярэджваюць: “Адключыце свае мабільныя тэлефоны”, — ніхто, канешне, не адключае. Калі праз тры хвіліны ты яшчэ бачыш у зале агеньчыкі экранаў, калі ты не прымусіў дзяцей захапіцца дзеяй — ты іграеш дрэнна.

Я вельмі люблю гэтага гледача. І ТЮГ — гэта не той тэатр, да якога можна ставіцца паблажліва. А наш беларускі ТЮГ дык і ўвогуле — у нас жа былі такія перыяды, калі лішні білецік на спектакль пыталіся яшчэ ад праспекта, калі тэатр проста грымеў!

— Вы адыгралі ў мностве спектакляў, а які ўсё ж быў самым папулярным, самым любімым гледачамі?

— Часта згадваюць “Сотворившую чудо” — пра слепаглуханямую дзяўчынку: гледачы дагэтуль пытаюцца ў касе, ці будзе спектакль. У ім я іграла да 58 гадоў, і нарэшце сама сказала — досыць, не магу болей прыводзіць твар у парадак, каб гледачы верылі, што мне пяць гадоў. “Маленькі лорд Фаўнтлерой”, “Экзамен на восень”, “Шытая лялька Рэгэдзі Эн”… Не, усё не згадаеш, не варта і спрабаваць. Я сыграла недзе паўтары сотні роляў і люблю іх усе. І ролі ў мяне былі ў асноўным галоўныя — іграла і дзяўчынак, і хлопчыкаў, і жывёлін.

Увогуле, з жывёламі люблю працаваць — у іх вобразах я іграю, каго сама хачу. Часта прыводжу прыклад Асляняці са спектакля “Дарога на Віфлеем” — я не Асляня іграю, а Гамлета! Асляня, які шукае Бога, які здольны ацаніць, дзе праўда, а дзе няпраўда, які выбірае свой шлях і ўрэшце выбірае яго правільна — вывозіць Ісуса Хрыста з Віфлеема: ну хіба ж гэта не Гамлет, “быць ці не быць”! Так і ў іншых спектаклях — магу падкласці любы сусветны рэпертуар. (Смех).

Канешне, у пэўны момант давялося пераходзіць на ролі цётухнаў, бабулек — з нядаўніх пастановак вельмі адметны быў спектакль “Паліяна”, дзе я сыграла Місіс Сноу. Але як травесці, у якіх звычайна вельмі кароткі, часам трагічна кароткі лёс, я пратрымалася вельмі доўга.

— Дык і зараз жа ў вас бліскучая галоўная роля ў спектаклі “Мая маленькая чарадзейка”, дзе вы іграеце гарэзлівую дзяўчынку, няхай па сюжэце ёй і 127 гадоў. І робіце такія трукі, што і маладыя пазайздросцяць.

— Я вельмі хацела сыграць “Чарадзейку”, і наша Аня Казлова — надзвычай таленавітая — паставіла цудоўны спектакль. І вось скажыце — як не любіць такога гледача, калі пасля спектакля на прахадной маленькая дзяўчынка хапае за руку і пытаецца: “А табе праўда 127 гадоў?” Я схіляюся да яе, каб яна добра бачыла мой твар, і кажу: “Ну канешне, паглядзі сама”. І яна так уважліва-ўважліва разглядае. Кажа, людзі столькі не жывуць. (Смех). Ці калі да мяне проста на вуліцы кідаюцца дзеці ў захапленні, калі іх бацькі, іх бабулі — якія і самі ў дзяцінстве хадзілі ў ТЮГ — гавораць мне многа добрых слоў, калі пасля спектакля маленькія гледачы доўга не могуць сысці, бо іх так захапіла перажыванне… Ніякіх іншых званняў і ўзнагарод нават не трэба.

Зразумела, ТЮГ — тэатр найперш маладых акцёраў. І як толькі я болей не змагу “скакаць” — адразу сыду.

— Ці хапае вам зараз працы, і працы ў тэатры ў тым ліку? Нядаўна ж і яшчэ прэм’ера адбылася.

— Новы спектакль — “Шамаціла”, вельмі цікавая работа, для дарослых. Аўтар п’есы Юрый Кулік вызначаў Шамацілу — маю ролю — як дамавіка, але я яго пераканала, што гэта чалавечае сумленне. Там цікавая гісторыя, і ўвогуле п’еса вельмі глыбокая. Паставіла “Шамацілу” ізноў жа Ганна Казлова, мне падабаецца з ёй працаваць. Зараз у мяне ўжо не так многа спектакляў, а для акцёра прастой — гэта страта кваліфікацыі. Таму і пачала я больш актыўна ў серыялах здымацца — расійскіх, украінскіх, і ёсць работы прыкметныя, за якія не сорамна. Па-ранейшаму агучваю мульцікі на “Беларусьфільме” і вельмі люблю гэтую справу — я ж ёй ужо амаль 50 гадоў займаюся! Так што не магу паскардзіцца, што няма чым заняцца. Але перадусім для мяне па-ранейшаму — тэатр.