Памяць аб трагедыі на гістарычным месцы

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

19 ліпеня 1941 года ў акупаваным гітлераўцамі Мінску нацысцкім кіраўніцтвам было прынятае рашэнне аб стварэнні гета — асобнага раёна, дзе былі ізаляваныя яўрэі з горада і ваколіц. Мінскае гета было адным з найбуйнейшых на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза і ва ўсёй Еўропе наогул — больш чым за два гады яго існавання тут утрымліваліся сто дваццаць тысяч чалавек, больш за сто тысяч з іх загінулі. У васьмідзясятую гадавіну гэтай сумнай даты прайшлі памятныя мерапрыемствы, прагучалі ўспаміны колішніх вязняў, выступы гісторыкаў, адбыліся прэзентацыі новых праектаў, прысвечаных памяці аб трагедыі мінскага гета.

/i/content/pi/cult/860/18253/12.jpgПамятнае мерапрыемства, зладжанае Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Рау, Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна, Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне” і Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, адбылося ў анлайн-фармаце, што дазволіла прыняць у ім удзел зацікаўленым з самых розных краін, у тым ліку колішнім малалетнім вязням нацызму, якія сёння жывуць за межамі Беларусі.

На мяжы выжывання

Для кіравання жыхарамі гета нацысты стварылі адмысловы адміністрацыйны орган — юдэнрат, а таксама яўрэйскую паліцыю. Да гонару мінскіх яўрэяў, варта адзначыць, што нават кіраўніцтва гэтых структур актыўна ўдзельнічала ў падпольнай дзейнасці і імкнулася дапамагчы вязням гета, хоць неяк палепшыўшы іх незайздросны лёс. Наогул жа, у гета дзейнічалі каля двух дзясяткаў падпольных арганізацый, якія аб’ядноўвалі каля трохсот чалавек і былі вымушаныя змагацца супраць ворага ў яшчэ больш цяжкіх умовах, чым рэшта агульнагарадскога падполля. Тым не менш, падпольшчыкам гета ўдавалася ладзіць дыверсійныя акты і сабатаж на нямецкіх прадпрыемствах, збіраць медыкаменты і зброю для перадачы партызанам, распаўсюджваць падпольны друк, а таксама вывесці з гета каля пяці тысяч чалавек у партызанскія атрады.

Умовы існавання ў гета былі невыноснымі, акупанты ўсяляк абмяжоўвалі яго жыхароў у правах і задавальненні элементарных патрэб. Яўрэям было забаронена не толькі выходзіць за межы гета, але і з’яўляцца на вуліцы без апазнавальных знакаў (адмысловых жоўтых латак), абменьваць рэчы на прадукты (а жыхароў гета ніхто не забяспечваў харчаваннем), хадзіць па тратуарах, узімку забаранялася збіраць драўніну для ацяплення. Акрамя таго, у першыя месяцы існавання гета гітлераўцы прымушалі вязняў выплочваць велізарныя грашовыя сумы і здаваць золата ды срэбра ў якасці “кантрыбуцый”. Усё гэта, аднак, не ратавала яўрэяў ад знішчэння, якое ўжо было прадвызначана рашэннямі нацысцкага кіраўніцтва.

Падчас ліквідацыйных “акцый”, а прасцей кажучы, масавых забойстваў, нацысты перадусім пазбаўляліся ад непрацаздольных жыхароў гета — жанчын, старых і дзяцей: іх забівалі ў дамах і на вуліцах, пакуль працоўныя калоны з ліку мужчын знаходзіліся ў горадзе на выкананні розных работ. Адзін з першых буйных пагромаў адбыўся ў гета ўжо на другі месяц яго існавання, у жніўні 1941 года — тады загінулі каля пяці тысяч чалавек. У лістападзе буйны пагром адбыўся не толькі на тэрыторыі гета — яго ахвяраў таксама вывозілі на ўскраіну горада, у раён вуліцы Харкаўскай, і там забівалі ў мясцовасці Тучынка, у кар’ерах цагельнага завода — такім чынам загінулі каля чатырнаццаці тысяч чалавек.

Агулам за два гады і тры месяцы існавання гета ў ім адбылося яшчэ пяць буйных пагромаў, а канчаткова “яўрэйскі раён” быў цалкам ліквідаваны напрыканцы кастрычніка 1943 года, усе яго жыхары былі забітыя — ацалець удалося толькі паўтысячы майстроў, якіх вывезлі на працу ў Германію, а таксама дваццаці шасці вязням, якія схаваліся ад карнікаў у “маліне” — хованцы, абсталяванай у падвале аднаго з дамоў на тэрыторыі гета. Там яны правялі доўгія сем месяцаў, і выжыць, у выніку, здолела толькі палова вязняў — трынаццаць чалавек. Частцы жыхароў гета за час яго існавання ўдалося ўцячы і знайсці прытулак у партызанскім лесе. Наогул лічыцца, што рознымі шляхамі змаглі ўратавацца з мінскага гета не больш за два-тры працэнты яго насельнікаў.

Апошнія сведкі

Старшыня дырэкцыі Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау Віктар Балакіраў нагадаў, што мінскае гета было месцам прымусовага перасялення, пераследу і знішчэння яўрэяў. Сярод ста пяці тысяч ахвяр мінскага гета каля трыццаці тысяч складаюць яўрэі, дэпартаваныя з краін Заходняй Еўропы, таму гэтая трагедыя з’яўляецца не толькі беларускай, але і агульнаеўрапейскай.

Прывітанне ўдзельнікам памятнага мерапрыемства накіраваў першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай працы і справах моладзі Мінгарвыканкама Юрый Уральскі, які падкрэсліў, што падзеі васьмідзесяцігадовай даўніны, аб якіх мы ўзгадваем у гэтыя дні, незваротна змянілі аблічча беларускай сталіцы. Да сумнай даты 19 ліпеня 1941 года яўрэі на працягу некалькіх стагоддзяў складалі значную долю насельніцтва Мінска і адыгрывалі неацэнную ролю ў эканамічным, культурным і грамадска-палітычным жыцці горада.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі традыцыйных канфесій Беларусі. Намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў: “Такога дапусціць ніколі больш у нашай гісторыі нельга. Спадзяемся, што агульнымі намаганнямі зможам пабудаваць наш свет, нашу краіну ў любові, у гармоніі, у павазе адзін да аднаго”.

З вітальнымі прамовамі таксама выступілі апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Казімір Вялікаселец і старшыня Савета імамаў Рэспубліканскага мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Дзмітрый Радкевіч. Выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Зам падкрэсліла важнасць звароту да сведчанняў жывых відавочцаў часоў акупацыі і Халакосту, а таксама да ўшанавання памяці непасрэдна на месцах, дзе адбываліся тыя трагічныя падзеі.

Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання былых вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў Валерый Мызгаеў сам быў малалетнім вязнем мінскага гета. Калі быў выдадзены загад аб стварэнні “яўрэйскага раёна”, яму было толькі два гады, і ён, вядома, не можа памятаць, што адбывалася ў гета — але, тым не менш, выступоўца адзначыў, што трэба ўзгадаць добрым словам Праведнікаў народаў свету — мясцовых жыхароў-неяўрэяў, якія дапамагалі вязням гета ратавацца ад гібелі.

Старшыня Мінскага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Гільф” Фрыда Рэйзман таксама была малалетнім вязнем мінскага гета. У ліпені 1941 года ёй было няпоўных шэсць гадоў, але жанчына прызнаецца, што памятае ўсё, што адбывалася ў гета — яно жыве ў ёй праз усё жыццё. “Я памятаю пагромы, вязняў, іх твары. Памятаю раку крыві, якая цякла па вуліцы пасля пагрому. Ад страху ў мяне адключалася свядомасць — а я ж была яшчэ дзіцём”.

Экскурсія ў “маліну”

Дырэктар Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна Ірына Кашталян распавяла аб канцэпцыі новай экспазіцыі, якую мяркуецца стварыць у гістарычным будынку майстэрні, размешчаным на колішняй тэрыторыі гета. У пачатку ліпеня камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама ўзгадніў архітэктурна-планіровачную канцэпцыю рэканструкцыі і мадэрнізацыі будынка, які яшчэ з даваенных гадоў стаіць на рагу вуліц Сухой і Калектарнай, ля самага ўскрайку колішніх яўрэйскіх могілак, што сёння маюць статус мемарыяльнага сквера.

Мяркуецца, што падчас рэканструкцыі будынак будзе ачышчаны ад напластаванняў часу: пазнейшых прыбудоў, тамбураў, веранд. Яму будзе вернута першапачатковае аўтэнтычнае аблічча, на фасадзе будуць раскрытыя фрагменты, якія дазволяць прадэманстраваць, як выглядалі сцены дома ў розныя гады. Згодна з праектам, да гістарычнага будынка таксама будзе прыбудаваны сучасны корпус са шкла і бетону.

Галоўны архітэктар праекта Галіна Левіна адзначыла, што новы выгляд будынка майстэрні будзе ствараць уражанне своеасаблівага парталу, што вядзе ў гісторыю, дзякуючы якому наведвальнік майстэрні ўваходзіць з сучаснага свету ў асяроддзе, што захавалася з часоў вайны і акупацыі, аб якіх распавядае змешчаная тут экспазіцыя.

Нахільныя бетонныя сцены новага сучаснага корпуса падкрэсляць адчуванне таго злому, які перажылі нашыя продкі ў сувязі з пачаткам вайны. Новы корпус будзе двухузроўневым, з цокальным паверхам, тут прадугледжаныя ліфт і пад’ёмнікі для людзей з фізічнымі абмежаваннямі: будынак будзе цалкам безбар’ерны. Адной з адметнасцяў новай экспазіцыі мусіць зрабіцца ўзноўлены выгляд “маліны”— хованкі ў склепе, дзе вязні гета хаваліся ад пагромаў.

Нельга забыць

Таксама падчас мерапрыемства тэатр-студыя “SEPT” прадставіў п’есу Ксеніі Шталенковай “Memoria Nominis Clara”, дзеянне якой адбываецца ў тым самым кар’еры ля вуліцы Заслаўскай, дзе ў сакавіку 1942 года былі забітыя каля пяці тысяч вязняў гета — сёння гэтае месца вядомае як мемарыял “Яма”. П’еса яднае розныя часавыя пласты, пераплятаючы падзеі і ўспаміны герояў з даваенных часоў, гадоў акупацыі і нашых дзён. На завяршэнне сустрэчы галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч прачытаў памінальную малітву-кадзіш. Як адзначыла старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне” Анжаліка Аношка, восемдзясят гадоў таму здарылася страшнае злачынства, але яшчэ больш страшным будзе забыць пра тыя падзеі. Будзем спадзявацца, што новыя праекты па ўшанаванні памяці ахвяр нацызму непасрэдна на месцы трагедыі дазволяць захаваць памяць аб гісторыі мінскага гета, яго пакутніках і героях.