Знайсці адзінства ў памкненнях

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Міжнароднае супрацоўніцтва магілёўскіх публічных бібліятэк
Прафесійная дружба, партнёрства, супрацоўніцтва любога ўзроўню, а тым больш міжнароднага, мае вялікае значэнне ў дзейнасці любой установы. Тым больш, калі гэта культурная ўстанова, а дакладней — публічная бібліятэка: шматпрофільны цэнтр інфармацыі, творчасці і асветы. Сёння паўнавартаснае развіццё і ўдасканаленне бібліятэк нават складана ўявіць без узаемадзеяння з бібліятэкамі іншых гарадоў і краін, бо менавіта яно дае магчымасць пашырыць межы бібліятэчных зносін і садзейнічае прафесійнаму ўзаемаўзбагачэнню спецыялістаў.

/i/content/pi/cult/860/18252/11.jpgМіжнародная дзейнасць публічных бібліятэк горада Магілёва пачала развівацца больш за 13 гадоў таму назад, калі магілёўская дэлегацыя ў складзе дырэктара ўстановы наведала адзін са старэйшых прамысловых цэнтраў Расіі — горад Тулу. З гэтага моманту мы пачалі заводзіць новыя прафесійныя знаёмствы, вандравалі і прымалі гасцей да сябе, адгукаліся на дружбу спецыялістаў бібліятэк з розных краін. Зрабіць гэтую работу сістэмнай і выразнай дазваляе нам мэтавы агульнасістэмны праект «Бібліятэка без межаў», які ўжо шмат гадоў рэалізуецца ў нашай установе.

У рэжыме анлайн

Мы наладзілі сувязі з Тулай, Масквой, Санкт-Пецярбургам, Ліпецкам, Саратавам, Новасібірскам, Самарай, Волагдай, Пензай, Курскам, Яраслаўлем, Омскам… Добрыя зносіны склаліся і з бібліятэкамі Казахстана. Усе з задавальненнем ідуць насустрач, абменьваюцца ідэямі, дзеляцца поспехамі. Вось тады выязджаем адзін да аднаго, знаёмімся з горадам, бібліятэкай, яе рэсурсамі і магчымасцямі.

У апошнія гады, дзякуючы інтэрнэт-тэхналогіям, большасць нашых сустрэч праходзіць у рэжыме анлайн. Гэта мае свае мінусы, але ёсць і вялікія плюсы: скарачаюцца час і адлегласць, мы бачым адзін аднаго тут і зараз, да нас можа далучыцца вялікая колькасць удзельнікаў з іншых краін. І нават калі эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце стабілізуецца, а мы вельмі на гэта спадзяемся, мы будзем працягваць сустрэчы анлайн, — гэта зручна і хутка, бо далёка не заўсёды людзі маюць магчымасць выехаць за шмат кіламетраў.

Імянныя ўстановы

У нашым арсенале — разнастайныя па форме і змесце мерапрыемствы: анлайн-канферэнцыі, міжрэгіянальныя інавацыйныя лабараторыі, відэамасты на актуальныя тэмы, міжнародныя інтэрнэт-форумы, пляцоўкі, профі-майстэрні, сустрэчы маладых спецыялістаў.

Некалькі разоў на год, гэта ўжо добрая традыцыя, цэнтральная гарадская бібліятэка імя Карла Маркса выступае прафесійнай пляцоўкай у анлайн-прасторы і арганізуе творчую майстэрню віртуальных зносін “Новы час - новы фармат”, у якой прымаюць удзел бібліятэкі Тулы, Омска, Ліпецка, Новасібірска і інш. Кожны год кола ўдзельнікаў пашыраецца, нашых сяброў становіцца ўсё больш.

Ужо ў 2021 годзе ў віртуальным рэжыме бібліятэкі Магілёва сустрэліся з калегамі з Ліпецка, Санкт-Пецярбурга і Чэлябінска. Прафесійная сустрэча была прысвечана актуальнай для бібліятэчнай супольнасці тэме — ролі і месцу імянных бібліятэк. Што імя значыць для бібліятэкі? Якая роля імянных бібліятэк? У апошні час гэтай тэме надаецца павышаная ўвага. Прысваенне імя — гэта важная і значная падзея, якая вырашае далейшы лёс установы, уплывае на яе сацыяльны статус. Імя надае бібліятэцы індывідуальнасць, вылучае яе з агульнай масы іншых бібліятэк, адкрывае пэўныя перспектывы.

У горадзе Магілёве 5 з 12 публічных бібліятэк носяць імёны рускіх і беларускіх пісьменнікаў — Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Янкі Купалы, Аляксандра Пушкіна і Міхаіла Лермантава. Кожная з іх працуе над папулярызацыяй імя: рэалізуе імянныя творчыя праекты, арганізуе персанальныя выставы, экспазіцыі, як у бібліятэцы, так і за яе межамі, у рамках шматлікіх мерапрыемстваў; адкрываюць музеі ў рэальных і віртуальных фарматах, якія садзейнічаюць захаванню літаратурнай спадчыны пісьменнікаў.

Кожная з бібліятэк мае свае лагатыпы, выпускае рэкламна-выдавецкую прадукцыю. Гэта выдатны вопыт, якім мы можам дзяліцца з замежнымі калегамі і, адпаведна, атрымліваць цудоўны вопыт у адказ. Бо нягледзячы на то, што жывём мы ў розных дзяржавах, праца і мэты ў нас агульныя.

Імя бясспрэчна выступае сімвалам і брэндам бібліятэкі. Ёсць матывацыя для развіцця. Асаблівая адказнасць ляжыць на бібліятэцы, калі яна адзіная ў сваім родзе сярод публічных бібліятэк у рэспубліцы. Такой бібліятэкай з’яўляецца магілёўская бібліятэка-філіял № 2, якая з 2016 года носіць імя прызнанага майстра беларускага слова — Івана Пятровіча Шамякіна. Гэтая падзея стала адпраўной кропкай дзейнасці бібліятэкі ў новым фармаце, непарыўна звязанай з імем пісьменніка.

Праекты, праекты, праекты…

З гэтага года бібліятэка пачынае актыўна працаваць па аднайменным прекце “Іван Шамякін. Талент, непадуладны часу”, у рамках якога запланавана вялізная работа, у тым ліку і шматлікія сустрэчы з калегамі з Расіі. Моцная дружба і прафесійнае супрацоўніцтва звязвае бібліятэку з санкт-пецярбургскімі калегамі — бібліятэкай імя Аляксандра Грыбаедава, у сценах якой створаны ўнікальны цэнтр — бібліятэка нацыянальных літаратур. Сярод вялікай колькасці літаратуры, у фондзе центра ёсць і шматлікія выданні класіка беларускай літаратуры — Івана Шамякіна. Некалькі разоў на год спецыялісты двух гарадоў праводзяць цёплыя і такія патрэбныя анлайн- і афлайн-сустрэчы па папулярызацыі творчасці народнага пісьменніка Беларусі.

У пачатку 2021 года ўся культурная грамадскасць Беларусі адзначала 100-гадовы юбілей Івана Шамякіна. Да гэтай знамянальнай даты былі прымеркаваны святочныя акцыі, канферэнцыі, чытанні, фотамарафоны, якія з поспехам прайшлі як у рэспубліцы, так і ў магілёўскай бібліятэцы.

Што тычыцца самога праекта “Іван Шамякін. Талент, непадуладны часу”, то неаднаразова ён быў прадстаўлены на розных мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню: міжнародных Шамякінскіх чытаннях “Пісьменнік—Асоба—Час”, якія праходзілі ў 2017, 2019 і, вядома, у 2021 годзе — у юбілейны год класіка, на базе Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Івана Шамякіна; на міжнароднай канферэнцыі “Бібліятэка. Больш чым заўсёды”, арганізаванай цэнтралізаванай сістэмай дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска. Такія мерапрыемствы збіраюць разам спецыялістаў бібліятэк, выдавецтваў, кнігагандлёвых арганізацый, устаноў навукі, культуры і адукацыі. У іх прымалі ўдзел прадстаўнікі бібліятэк Беларусі, Латвіі, Літвы і іншых краін, таксама прафесары, дацэнты, настаўнікі-прадметнікі, маладыя навукоўцы з Беларусі, Расіі, Кітая, Азербайджана, Украіны, Германіі.

З вялікім задавальненнем магілёўскія спецыялісты ўдзельнічаюць у розных міжнародных акцыях і сустрэчах, прысвечаных Аляксандру Пушкіну: гэта і штогадовая акцыя “Чытаем Пушкіна разам” (арганізатар: абласная бібліятэка для дзяцей і юнацтва імя Пушкіна, Саратаў), сеткавы конкурс фатаграфій і хэштэгаў “Пушкін для ўсіх” (арганізатар: Муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры г. Шахты цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы РФ), сеткавая акцыя #ПушкінWord (арганізатар: цэнтральная бібліятэка імя Пушкіна ЦБС г. Чалябінска) і іншыя.

Калі моладзь смелая

Дзіцячая бібліятэка-філіял і некаторыя бібліятэкі Магілёва разам з іншымі краінамі-ўдзельніцамі ставяць інтэрактыўныя спектаклі, дзеляцца фотасправаздачамі тэатралізаваных прадстаўленняў, чытаюць анлайн літаратурныя творы. Усё гэта дае магчымасць разнастаіць сваю працу, падзяліцца сваёй дзейнасцю і зірнуць па-новаму на творчасць любімага аўтара.

Не першы год бібліятэкі горада прымаюць удзел у міжнароднай маладзёжнай віртуальнай крэатыўнай сесіі — “ВООKХваля”, арганізатарам якой выступае дзяржаўная бюджэтная ўстанова культуры “Самарская абласная юнацкая бібліятэка”. Галоўныя тэмы абмеркаванняў, вядома ж, моладзь, асабліва — як зрабіць бібліятэчную прастору больш прывабнай для маладога пакалення.

Творчая, ініцыятыўная, смелая моладзь, са сваімі поглядамі і інтарэсамі, — яна дакладна ведае, чаго хоча. Здзівіць маладых не так проста, і тут трэба вельмі пастарацца. У апошні час бібліятэкі ўсё болей і болей імкнуцца стаць альтэрнатыўнай пляцоўкай для моладзі, месцам для творчасці, самарэалізацыі, самавыяўлення, укараняючы новыя цікавыя формы і метады работы.

Вопыт паказвае — стаць часткай валанцёрскіх рухаў, арганізаваць сваю музычна-паэтычную арт-вечарыну, удзельнічаць у творчых сустрэчах, моладзевых суботніках, кватэрніках — усё гэта з поспехам можна ажыццяўляць у магілёўскіх бібліятэках.

У апошнія гады наша супрацоўніцтва стала развівацца і пашыраць межы сваёй накіраванасці, яно перастала быць выключна прафесійным. Мы праводзім шмат мерапрыемстваў з удзелам расійскіх пісьменнікаў, сустракаемся з імі анлайн, арганізуем віртуальныя гульні, конкурсы для нашых чытачоў. У іх прымаюць удзел цэлыя сем’і, дзеці і моладзь.

Дзіўная краіна Казахстан, з багатай самабытнай культурай… У 2020 і 2021 гадах у гэтай краіне адзначалі, і зараз адзначаюць, дзве важныя падзеі — 175-гадовы юбілей вялікага казахскага паэта і асветніка Абая Кунанбаева, творы якога ведаюць і цэняць ва ўсім свеце, яны займаюць асаблівае месца ў скарбніцы сусветнай літаратуры, і 100-годдзе найстарэйшага літаратурнага аб’яднання Казахстана — “Звяно Алтая”.

З нагоды названых дат нашы калегі і даўнія сябры з Усць-Каменагорска, а менавіта з Усходне-Казахстанскай абласной дзіцяча-юнацкай бібліятэкі арганізавалі і запусцілі міжнародныя інтэрнэт-конкурсы “Абай м расы. Да Абаю...” і “100 натхнёных радкоў...”, мэта якіх — знаёмства з літаратурнай спадчынай Казахстана, папулярызацыя кнігі і чытання, выхаванне творчых здольнасцяў дзяцей і моладзі. Магілёўскія чытачы, а гэта дзеці і падлеткі, з задавальненнем прынялі і прымаюць удзел у конкурсах, дзе чытаюць творы казахскіх паэтаў і пранікаюцца культурай іншай краіны.

Магілёўская моладзь спаборнічае з чытачамі Новасібірскай абласной юнацкай бібліятэкі, камандамі з Волагды (Юнацкі цэнтр імя Уладзіміра Цендракова Валагодскай абласной бібліятэкі). Гульні праходзяць некалькі разоў на год, і дзеці з нецярпеннем чакаюць наступнай сустрэчы.

Акрамя інтэлектуальных гульняў у практыцы работы дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 2 правядзенне і іншых формаў мерапрыемстваў. Яркімі з’яўляюцца маладзёжныя паэтычныя марафоны “Не спі, паэт”. Цікавай была міжнародная сустрэча маладых паэтаў “Паэтычны мікс”, якая прайшла ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Новасібірску. У рэжыме анлайн маладыя паэты Расіі і Беларусі чыталі свае вершы, размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі.

У заключэнне хочацца адзначыць, што праца бібліятэк — гэта цэлая сістэма, якая складаецца з мноства элементаў і кірункаў. Міжнароднае супрацоўніцтва — адно з важных. Бо трэба абавязкова рухацца наперад. Мы вельмі рады, што ў нас столькі сяброў і партнёраў, а ў будучыні спадзяемся, што нашы сувязі будуць толькі пашырацца.

Лілія КАПЫТАВА, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ ім. Карла Маркса цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва