Таямніцы Яна Чачота

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Да 225-й гадавіны з дня нараджэння піянера беларускай фалькларыстыкі
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 26, 28, 2021)

/i/content/pi/cult/860/18251/10.jpgФіламаты, прамяністыя і філарэты

Хоць сам Ян Чачот ужо і не быў студэнтам, але менавіта ўдзел у нелегальных студэнцкіх таварыствах перадвызначыў увесь яго далейшы лёс. А пачалося ўсё з таго, што ў новым вучэбным 1817 годзе Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і Юзаф Яжоўскі ствараюць таварыства філаматаў (аматараў навук). Таварыства было тайным, а сябры яго вылучаліся сваімі здольнасцямі да навуковай і літаратурнай дзейнасці і надзейнасцю. Таму за ўвесь час свайго існавання (1817-1823), колькасць сяброў не перасягнула рубеж двух дзясяткаў.16 красавіка 1818 года, з рэкамендацыі Адама Міцкевіча, у таварыства ўступае і Ян Чачот.

Міцкевіч, які рэкамендаваў Чачота, падрыхтаваў прамову, у якой падкрэсліў, што таварыства ўтваралася “з самай высакароднай мэтай — несці карысць краіне, суайчыннікам і нам самім; яно выбрала дзеля гэтага самы высакародны шлях, гэта значыць, шлях асветы. Але варта задумацца, ці зможам мы здзейсніць задуманае, калі будзем трымацца толькі гэтага шляху”. Як пісаў Адам Мальдзіс у сваёй кнізе “Падарожжа ў ХІХ стагоддзе” (1969), так да філаматаў прыйшло “ўсведамленне таго, што дзеля народнага шчасця, дзеля вызвалення чалавека перш за ўсё патрэбна барацьба палітычная. Ворагам нумар адзін стала не цемрашальства , а той хто яго насаджаў, — дэспатычны царызм. Кожны з філаматаў рыхтаваў сябе і сяброў да таго, каб стаць актыўным удзельнікам узброенай нацыянальна-вызваленчай барацьбы”. Неўзабаве пасля прыняцця ў нешматлікія шэрагі філаматаў Ян Чачот стаў адным з кіраўнікоў таварыства і галоўным арганізатарам тэатральных дзеяў, для якіх пісаў на беларускай мове вершы і “хоры”. Бо беларуская мова была родная ўсім удзельнікам імпрэзаў, а да таго служыла “сімвалам народнасці”. У наш час шырока вядомая песня “Едзе міленькі Адам..”, якую Ян Чачот напісаў на беларускай мове, каб павітаць Міцкевіча на адной з філамацкіх сустрэчаў.

Вядома ж, пісаў ён і па-польску. З-пад яго пяра ў гэты час выходзяць вершы, рамантычныя балады — “Навагрудскі замак”, “Свіцязь-возера”, “Калдычаўскі шчупак”, “Мышанка”, “Узногі” (рэзка антыпрыгонніцкая па зместу). Менавіта гэтыя балады прынеслі славу паэту-пачаткоўцу і аказалі такі моцны ўплыў на Міцкевіча, што той перайшоў з табара “класіцыстаў” у “рамантыкі”. Міцкевіч гэты ўплыў прызнаваў і згадваў у лістах да сябры.

Калі б філаматы заставаліся ў сваім вузкім, прасякнутым строгай канспірацыяй коле, то сёння, можа быць, іх імёны для нас значылі б роўна столькі, колькі і імёны іх старэйшых калег — “шубраўцаў” (віленскае “таварыства нягоднікаў”, якое існавала ў 1817-1822 гадах). То бок, вельмі мала. Але, у адрозненне ад лягальных “нягоднікаў”, якія са з’едлівым гумарам насміхаліся з заганаў грамадства, мэты філаматаў былі іншыя. А іх прага пашырыць свой уплыў на ўсю тэрыторыю Віленскай вучэбнай акругі (Беларусь, Літва і частка Украіны), прымусіла іх ствараць іншыя таварыствы. Так, з ініцыятывы Адама Міцкевіча ў 1819 годзе з’явіўся Саюз сяброў (30 сяброў). Мэта — самаадукацыя і маральнае ўдасканаленне “сяброў”. У 1820-м намаганнямі Тамаша Зана (Архіпрамяністага) узнікае легальнае таварыства прамяністых (200—300 сябраў), згуртаванне тых, хто імкнецца быць высокамаральнымі, духоўна багатымі людзьмі. Забароненае праз некалькі месяцаў, таварыства спыніла сваё існаванне і было рэарганізавана ў тайнае таварыства філарэтаў (прыхільнікаў дабрачыннасці) (176 сябраў). Прэзідэнтам таварыства стаў Тамаш Зан, а кіраўніком аднаго з чатырох аддзяленняў, а менавіта літаратурнага, самага важнага, становіцца Ян Чачот. Вось тут раскрыўся напоўніцу патэнцыял Чачота і як паэта, і як арганізатара, і як суровага крытыка, за што сябры назвалі яго “ментарам”. А былі ж і іншыя таварыствы, стварэнне якіх інспіраваў Цэнтр — Згодныя сябры (Беласток), Заране (Свіслач), Ваенныя сябры (Гарадзенская губерня). Сябры апошняга, а складалася яно з афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, адкрыта выступілі ў падтрымку паўстання дзекабрыстаў.

У 1823 годзе дзейнасцю таварыства філарэтаў, а за ім і філаматаў, зацікавіліся царскія ўлады. Былі праведзены масавыя арышты. Па розных віленскіх кляштарах сядзела да 100 сяброў. Следства вялося да красавіка 1824 года. Вязняў, якіх узялі на парукі сваякі, выпусцілі, але Тамаш Зан, Ян Чачот і Адам Сузін, як “зачыншчыкі”, засталіся ў вязніцы. Там жа сядзеў і той, хто, запалоханы жандарамі, выдаў усю канспіралагічную сець — Ян Янкоўскі.

Прысуд тром завадатарам быў вельмі жорсткі — год вязніцы Зану і па паўгады Чачоту і Сузіну, і ўсім тром бестэрміновая высылка на Урал. Трэба сказаць, што каб не мужнасць гэтай трыяды, якая ўсю адказнасць за дзейнасць таварыстваў брала на сябе, выгароджваючы Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку і ўсіх іншых, то пакаранне для апошніх магло б быць значна больш сур’ёзнае. А так Міцкевіч апынуўся ў высылцы ў Маскве, Пецярбургу і Адэсе, Дамейка бавіў час у дзядзькі-геолага.

У тым жа 1824 годзе, былыя філаматы, а цяпер “дзяржаўныя злачынцы” выехалі з Вільні ў месцы “весьма отдалённые” — Кізі і Арэнбург. На развітанні з сябрамі Ян Чачот заспяваў па-беларуску сумны спеў “Да лятуць, лятуць, да дзікія гусі, Да нас павязуць да далёкай Русі…”. Моцна ўражаныя, даўно ўжо не юнакі, сябры не вытрымалі і слёзы навярнуліся на іх вачах.

На краі свету

Сурова сустрэў Яна Чачота Чалябінскі край, дзе ў кізільскай вязніцы паўгады мусіў правесці паэт-рамантык. Кізіл (сёння Кізільскае) быў заснаваны ў 1743 годзе як пасяленне-фартэцыя на ўсходніх межах Расейскай імперыі. Пасля паўстання дзекабрыстаў там адбывалі пакаранне Пётр Бестужаў і Аляксандр Гаражанскі.

Праз паўгады Яна Чачота перавялі ва Уфу, дзе ён, пад паліцэйскім наглядам, пражыў да восені 1830 года. Займаўся “вывучэннем моў”, служыў у канцылярыі губернатара, збіраў этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы (беззваротна прапалі ў 1863 годзе), пісаў вершы, перакладаў з англійскай прозу Вашынгтона Ірвінга (надрукавана). Вядома ж, актыўна ліставаўся з сябрамі. У гэты час паміж ім і сябрам — выгнанцам Тамашом Занам прабегла чорная котка. А ўсё з-за Зосі Малеўскай, у якую былі закаханы абодва. Што праўда, неўзаемна. Неўзабаве Зосю выдалі замуж за Станіслава Брахоцкага, у яе нарадзіўся сын — Канстанцін. Магіла Зосі і яе сына, на віленскіх бернардынскіх могілках, як ні дзіва, захавалася. З Уфы Чачот едзе ў Маскву. Паліцэйскі рапарт засведчыў, што 3 лютага 1831 года “не замеченный в дурных поступках” Чачот прыбыў у горад і спыніўся ў гатэлі. Пошукі працы не далі вынікаў, таму ў чэрвені Чачот пераязжае ў Цвер. Вязжаючы ў Уфы, Ян Чачот спадзяваўся на дапамогу Ануфрыя Петрашкевіча, старога сябры-філамата і земляка (нарадзіўся блізу Баранавічаў). Але, пасля пачатку паўстання 1830 — 1831 гадоў, той быў пад падазрэннем, а потым увогуле быў арыштаваны (чэрвень 1831) і высланы ў Сібір.

Пасля прыбыцця ў Цвер Чачот быў ізноў пасаджаны ў вязніцу. Гэтым разам, каб не дапусціць над ім і іншымі “іншаземцамі” расправы. У тых землях, у гэты час лютавала халера, і цёмны люд, вядома ж, “шукаў і знайшоў” яе сапраўдную прычыну — “выгнанцы”. Адным з тых, каго цверычы падазравалі ў атручанні рэк і студняў быў, вядома і наш паэт. Праз нейкі час, як шум улёгся, Чачота адпраўляюць у Таржок. Ужо адтуль, у 1833 годзе, Чачот вяртаецца ў Беларусь.

Лепель, Шчорсы, Бартнікі, Далматаўшчына, Вольна

Апынуўшыся ў Лепелі, Чачот атрымоўвае месца ва ўправе інжынераў Бярэзінскага канала. Прычым спраўляецца са сваёй службай на “выдатна”. Цікава, што сёння ў Лепелі краязнаўчы музей месціцца акурат у тым самым будынку, які памятае канцылярыста Чачота, і асоба яго, хоць і сціпла, але прадстаўлена ў экспазіцыі. А чаму б шыльду адпаведную не ўсталяваць, і імя Чачота музею не надаць? Бо шэсць год, праведзеных у “горадзе над велізарным возерам” былі надзвычай плённымі ў збіральніцтве фальклорнай спадчыны беларускага народа. Першы з фальклорных зборнікаў “Сялянскія песенькі з-над Нёмана” выйшаў у 1837-м, як і ўсе астатнія, у Вільні.

У 1839 годзе Чачота вызваляюць з пад нагляду і дазваляюць вярнуцца на Малую радзіму, Наваградчыну. У гэтым годзе друкуецца зборнік “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзьвіны” (1839). Атрымаўшы месца пры бібліятэцы ў Шчорсах, пры падтрымцы графа Адама Храптовіча, Чачот актыўна збірае матэрыял і друкуе яшчэ тры — “Сялянскія песенькі з-над Дзьвіны” (1840) і “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзьвіны, з дадаткам арыгінальных на славяна-крывіцкай мове” (1844), “Сялянскія песенькі з-над Нёмана, Дняпра і Днястра” (1845). У зборы песняў яму дапамагаюць сяброўкі, сваячніцы і жонкі яго сяброў, бо, як дакладна адзначыў Чачот, толькі сваім гаспадыням-жанчынам жанчыны-сялянкі шчыра, адкрыта, не саромячыся гатовы спяваць. А тым застаецца толькі занатоўваць і дасылаць іх яму для апрацоўкі.

Прадмову для наступнага зборніка “Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзьвіны, некаторыя прыказкі на славяна-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраньнямі над гэтай мовай” (1846), у 1845 годзе Ян Чачот пісаў у Бартніках (Баранавіцкі раён). Варта дадаць, што нядаўна мы пабывалі ў Бартніках і высвятлілася, што там захаваўся сядзібны будынак канца ХVIII стагоддзя, дзе з 1820-х студэнтамі балявалі філаматы Міцкевіч, Дамейка, Чачот, Зан і многія іншыя (сядзіба належала іх паплечніку Антону Слізню)! Думаецца, наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці сядзібе — тое, над чым варта засяродзіць сваю ўвагу і нам, і мясцовым уладам.

У друку пры жыцці Яна Чачота выйшла яшчэ некалькі выданняў. Але думаецца, што недзе на архіўных паліцах могуць чакаць свайго часу да гэтага часу невядомыя ці ненадрукаваныя творы. У Беларусі значная частка літаратурнай спадчыны перакладзена і выдадзена пісьменнікам спадаром Кастусём Цвіркам. Які, будучы рэдактарам серыі “Беларускі кнігазбор” першы том серыі прысвяціў Яну Чачоту, як пачынальніку новай беларускай літаратуры, і пачынальніку рамантычнай плыні ў беларускай і польскай літаратурах.

Усяго Янам Чачотам сабрана каля тысячы беларускіх песняў! Думаецца, што не кожны сучасны фалькларыст, маючы сучаснае абсталяванне, можа пахваліцца такім даробкам.

З цікавага. 22 песні са збораў Яна Чачота паклаў на музыку вядомы беларускі і польскі кампазітар Станіслаў Манюшка.

Друскенікі і Ратніца

Апошнія гады жыцця (1845-1847), Ян Чачот жыў у сваіх сяброў. Спярша ў Вярбоўскіх, Далматаўшчыне (сваякі Ігната Дамейкі), а потым у Вольна, у былога філамата, вядомага скульптара і архітэктара Рафала Слізня. Які з натуры вырабіў медальён з выявай Чачота. Хворага на сухоты Чачота сябры адпраўляюць на аздараўляльны курорт у Друскенікі. Дзе ён 23 жніўня 1847 года на руках сястры Тэклі, у прысутнасці сяброў, і памёр. З вялікімі ўрачыстасцямі пахавалі яго ў Ротніцы, на мясцовых могілках. Магіла нашага песняра захавалася, але, вядома ж, патрабуе дагляду. Як патрабуецца далейшая актыўная папулярызацыя яго імя і творчасці! Калі зробленае Янам Чачотам для нашага народа нешта яшчэ значыць!