“Мадонна — маці — жыццё”

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Кожны майстра мае свой стыль. А што такое творчасць, як не адлюстраванне душы? Што на сэрцы, тое і на палатне — звычайна для талента. Мастачка Галіна Васільева — некалькі дзесяцігоддзеў вядома сваёй арыгінальнасцю: захапленнем абстракцыянізмам. У творчым мінулым у яе 17 выставачных праектаў. Болей за 30 гадоў свядомы выбар абстрактнага выяўлення ў творчасці — камфортная і знаёмая тэрыторыя Васільевай.

/i/content/pi/cult/860/18247/3.jpgДа Васільевай ідуць за драйвам і ўражаннямі

Абстрагаванне — абстракцыя — ёсць выхад са штодзённай бытавой цяганіны.

Так даўно склалася, што Мастацкі факультэт Віцебскага Педагагічнага ўніверсітэта мае прыхільнасць да Малевічаўскай школы. За многа гадоў адтуль выйшаў цэлы таленавіты клан прыхільнікаў сучаснага мастацкага стылю знакамітага майстра.

Калісьці і Васільевы гарманічна ўліліся ў гэту сям’ю “пад крылом Малевіча”.

Самае вядомае дзіця Віцебскай школы — сумесны праект Васіля Васільева і Аляксандра Дасужава з дапамогай Віктара Шылко — праект “АБСТРАКТ”. Гэта пляцоўка падтрымкі і пошуку таленавітых і незвычайных мастакоў-аднадумцаў і зараз паспяхова дзейнічае, болей за 20 гадоў збіраючы сваіх прыхільнікаў з розных краін.

Назва, якая даўно стала беларускім брэндам — заслуга Галіны Сцяпанаўны.

Не стаў выключэннем са стылю і ўласны праект Васільевай — “Constructio 2020”, здзейснены ў лютым 2020-га.

Тады Віцебск квітнеў мерапрыемствамі да 100-годдзя заснавання школы прыхільнікаў супрэматычнай рэлігіі Казіміра Малевіча “УНОВІС” (Утвердители НОВого ИСкусства).

Шэра-лютаўскі Віцебск ззяў кідкімі колерамі і рэзкай геаметрыяй супрэматызму. Віцебскі мастацкі музей дэманстраваў Васільеву. Яе праект арганічна спалучаўся з атмасферай юбілейных мерапрыемстваў.

А потым настала пандэмія

“Сусветнае зацішша” ў жыцці чалавецтва, выкліканае пандэміяй, спрыяла ўзнікненню новага погляду на навакольны свет. Многія людзі зразумелі, што ў жыцці сапраўднае.

А Віцебск засумаваў без мастацкіх падзей.

І толькі ў красавіку-траўні 2021-га прыйшло абуджэнне. Адной з першых у ВЦСМ на Белабародава адбылася выстава “АБСТРАКТ”, у якой мільганулі арт-аб’екты Галіны Васільевай.

І вось праз месяц абсалютна іншая і незвычайная Васільева. Невялічкая і арыгінальная экспазіцыя ў Арт-прасторы на Талстога, 7 Віцебскага Цэнтра Сучаснага Мастацтва.

Madonna di Vitebsk: выстава пад крылом Шагала

Менавіта так, даволі трапна, выказаўся пра падзею Васіль Васільеў.

Галіна Сцяпанаўна згадзілася: “Ведаеце, мне самой трохі жахліва адкрываць сёння гэту экспазіцыю. Здаецца, без Ірыны Уладзіміраўны Ніканоравай яе і не было б. 30 гадоў Малевічаўскага абстракцыянізму і раптам Шагалаўская графіка!

Ніколі не паверыла б, што гэта зраблю, каб мне нехта сказаў некалькі гадоў таму. Але ж у жыцці выпадковага мала.

Так склаліся абставіны. У 2011-м у мяне не стала ўласнай майстэрні. Ствараць супрэматычныя аб’екты было немагчыма. З’явілася болей вольнага часу, які можна было праводзіць на вуліцах горада. Я ўбачыла наш горад па-іншаму.

/i/content/pi/cult/860/18247/2.jpgУ мяне нарадзілася задумка адлюстраваць мастацкі твар Віцебска. Вольны час я бавіла ў шпацыры па родных вуліцах. І ўбачыла горад такім, якім яго бачыў Шагал — узнёслым і паветрана легкім. А які мастацкі твар у сучаснага Віцебска? Я шукала адказ на гэта пытанне. Стала рабіць замалёўкі на вуліцах: маленькія, 10 х 15, 18 х 20. А ў мінулым годзе, калі пачалася пандэмія, стала пісаць жаночыя вобразы. І неяк пераплялося ўсё гэта. Тады і нарадзіўся вобраз горада.

Вось маюць жа гарады сваю абаронцу-маці: Сікстынская мадонна, Бразільская, Беларуская, чаму ж няма нашай Віцебскай?

Мадонна — маці — жыццё. Гэта мая тэма. Вось я і вырашыла — трэба стварыць сваю Віцебскую мадонну. И гэта абавязкова павінна быць Шагалаўская мадонна. Адсюль і стыль маёй графікі: празрыстыя колеры і нябесны палёт”.

Цікава пра выставу расказала Ірына Уладзіміраўна Ніканорава:

“Калі я ўбачыла малюнкі Галіны Сцяпанаўны, то адразу ўявіла іх у нашым памяшканні на другім паверсе Арт-прасторы. Старадаўнія белыя цагляныя сцены — і невялікая ўтульная зала — лепшае атачэнне ўзнёслага сюжэту.

Была мэта стварыць цікавую гісторыю. Васільева асабіста размясціла свае карціны. Атрымалася цэльнае апавяданне мастачкі. Здаецца, гэта асабістая гісторыя ў стылі Шагала, але ж тут яна і асабіста “васільеўская”. Гэта такая асабістая міні-п’еса аднаго аўтара. Адной жанчыны-мастачкі”.

Сапраўды, нельга ўявіць гэту выставу ў якім-небудзь сучасным памяшканні з бетону і шкла. Апавяданне згубіць душу. А тут хочацца паставіць круглы стол, канапу і надоўга застацца ў лагоднай і крыху цьмянай прасторы.

Можна ўявіць, як два вялікія мастакі ў рэвалюцыйныя часы не падзялілі адзін горад, а зараз сустрэліся і паглядзелі, які ён, Віцебск, цудоўны зараз.

Жанна Іванова