Чытанне як індыкатар паспяховасці

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

“Нацыяналка” ў люстэрку новых запытаў і тэндэнцый
З 1 чэрвеня генеральным дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі стала Аксана Кніжнікава, якая змяніла на гэтай пасадзе Рамана Матульскага. Прызначаны кіраўнік — у прафесіі не навічок. Аксана Юр’еўна 20 гадоў працавала ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна на розных пасадах, пачынаючы з бібліятэкара залы тэхнічнай, эканамічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, а пасля і пяць гадоў узначальвала саму культурную ўстанову. “К” вырашыла бліжэй пазнаёміцца з новым кіраўніком “Нацыяналкі” і абмеркаваць актуальныя для бібліятэчнай сферы пытанні.

/i/content/pi/cult/859/18244/19.jpg— Аксана Юр’еўна, падзяліцеся, калі ласка, якія задачы паставіў перад вамі міністр культуры Анатолій Маркевіч, прадстаўляючы калектыву?

— Міністр дакладна вызначыў, што патрабуецца ад мяне. Гэта падтрыманне ў калектыве станоўчай атмасферы і ўмоў, накіраваных на прафесійнае развіццё, выраўноўванне эканамічных паказчыкаў з наступным выхадам на станоўчую дынаміку, умацаванне ролі Нацыянальнай бібліятэкі як навукова-метадычнага цэнтра і сістэмаўтваральнага звяна адзінай бібліятэчнай прасторы рэспублікі. Гэта значыць, што нам трэба будзе надаць новы імпульс развіццю бібліятэкі, захаваўшы пры гэтым лепшыя традыцыі і прафесійны калектыў. Бо менавіта дзякуючы нашым супрацоўнікам Нацыянальная бібліятэка Беларусі займае аўтарытэтную пазіцыю ў сусветнай бібліятэчнай супольнасці.

Думаю, што мне, як кіраўніку, недапушчальная мітусня. Бібліятэка сусветнага маштабу і значэння не можа быць звязаная з паспешлівасцю і павярхоўным разуменнем спраў. Частка яе стратэгічных функцый распісана на дзесяцігоддзі наперад. І перш чым прадпрымаць сур’ёзныя рашэнні, неабходна ўважліва вывучыць сітуацыю. Таму я гатовая з энтузіязмам уключыцца ў працу бібліятэкі, у рамках дзяржаўнай культурнай палітыкі рэалізоўваць раней намечаныя планы, і з часам прапаноўваць новыя ідэі.

— Якая спецыфіка кіравання флагманам бібліятэчнай сферы краіны, з якой руцінай сутыкаецеся?

— Кіраваць калектывам перш за ўсё няпроста з пункту гледжання маральна-псіхалагічнага, асабліва, калі гэта вялікі калектыў. Часам даводзіцца браць на сябе адказнасць за прыняцце непапулярных рашэнняў, часам быць жорсткай пры вырашэнні канфліктаў. Пры гэтым разумею, што кіраўнік павінен заставацца гнуткім. Таму стараюся не дзейнічаць эмацыйна і не карыстацца аўтарытарным правам дырэктара.

Разам з тым, кіраўнічая пасада загартоўвае характар і пашырае кругагляд. За гады працы навучылася разбірацца ў бухгалтэрыі, будаўніцтве, юрыспрудэнцыі...

— Вы бывалі на стажыроўках па бібліятэчнай справе ў некаторых замежных краінах, у тым ліку ЗША. Як за мяжой працуе бібліятэчная сістэма, якія ў яе адрозненні ад беларускай?

— На самой справе, прафесійныя візіты да замежных калег — гэта ўнікальны вопыт, які фарміруе бачанне альтэрнатыў. Яны не толькі спрыяюць павышэнню прафесійнага ўзроўню, а і даюць штуршок да развіцця. Але калі пачынаеш параўноўваць, разумееш, што ў бібліятэчнай справе здараецца больш супадзенняў, чым адрозненняў. У любой краіне свету бібліятэкі працуюць на інфармацыйным рынку па існуючых правілах, задавальняючы попыт на тую інфармацыю, якая запатрабавана. Раней мы, гэтак жа, як і нашы замежныя калегі, больш працавалі з традыцыйнымі носьбітамі інфармацыі, цяпер выкарыстоўваем новыя інфармацыйныя тэхналогіі, займаемся распрацоўкай віртуальных сэрвісаў, развіваем тэхналогіі электроннай дастаўкі дакументаў. Так і за гады працы ў абласной бібліятэцы я змагла назіраць, як яна пашырала сферу ўзаемадзеяння з грамадствам, паступова ператвараючыся з “захавальніцы” бібліятэчных дакументаў у элемент гарадской інфармацыйнай інфраструктуры, адукацыйны цэнтр і камунікатыўную пляцоўку.

Што ж тычыцца адрозненняў нашых замежных калег, то ў ЗША адзначу высокую сацыяльную нагрузку публічных бібліятэк. Мігранты туды ідуць, каб наведаць бясплатныя моўныя курсы, атрымаць дапамогу ў афармленні дакументаў; маладыя мамы — каб правесці вольны час з дзецьмі; беспрацоўныя — каб запоўніць анкеты і пашукаць прыдатныя вакансіі. Часцяком бібліятэка з’яўляецца адзінай кропкай доступу да інфармацыі з бясплатным кансультантам. Таму ў публічных бібліятэках заўсёды вельмі шмат самай разнастайнай публікі. У Германіі мяне ўразілі студэнты, якія раніцай займаюць месцы ў чытальнай зале, каб мець магчымасць працаваць там на працягу дня. Напэўна, таму, што нашы выкладчыкі на занятках даюць шмат матэрыялу, а за мяжой студэнт сканцэнтраваны на самастойнай працы.

У паездках за мяжу я не сутыкалася з бібліятэчным вопытам, які катэгарычна непрымальны для нас. Проста штосьці немэтазгодна рабіць, бо гэта будзе дубляваць функцыі іншай установы (напрыклад, нашых службаў занятасці) і не будзе эфектыўным.

— Як павінна змяняцца бібліятэчная справа і функцыі саміх бібліятэк, каб працягваць быць запатрабаванымі?

— Грамадства развіваецца, і не трэба з гэтым змагацца. Мы павінны зрабіць усё магчымае для стварэння нашым карыстальнікам камфортнай абстаноўкі і спрыяць рацыянальнаму выкарыстанню іх часу.

Калісьці друкаваная кніга замяніла рукапісную, потым з’явіліся электронныя кнігі, поўнатэкставыя базы даных. Ідучы ў нагу з часам, бібліятэкары пастаянна мяняюць падыходы да абслугоўвання карыстальнікаў, і жыццё па-ранейшаму дэманструе цікавасць да гэтага сацыяльнага інстытута. Наша задача — прадбачыць, як бібліятэка будзе рэалізоўваць свае функцыі з улікам новых запытаў і тэндэнцый.

Вось, да прыкладу, пандэмія ўнесла карэктывы ў наша жыццё, і стала відавочна, што неабходна надаваць большую ўвагу фарміраванню рэсурсаў, доступ да якіх забяспечваецца аддалена. Таму ў перспектыўных планах — стварэнне рэгіянальных лічбавых цэнтраў бібліятэчных дакументаў і фарміраванне электроннай бібліятэкі.

— Ці магчыма вярнуць папулярнасць чытання, як гэта было ў гады СССР?

— Мы, вядома, можам узгадваць, што былі самай чытаючай краінай у свеце ў тыя часы, але трэба ўсвядоміць, што цяпер тэмп жыцця паскорыўся, развіццё грамадства далёка пайшло наперад, у тым ліку, і яго тэхнічныя магчымасці. Безумоўна, неабходна стымуляваць сістэму мер, накіраваных на развіццё чытання, імкнуцца, каб сацыяльныя інстытуты, што прасоўваюць чытанне, адпавядалі сучаснаму ўзроўню. Але наўрад ці мы вернемся ў тыя ж 70-я.

Я б і не сказала, што людзі зусім перасталі чытаць. Наадварот, цяпер гэта нават становіцца модным: чытанне з’яўляецца свайго роду індыкатарам паспяховасці. Проста кніга і перыядычныя выданні ў звыклым разуменні перасталі быць адзінымі крыніцамі інфармацыі.

— Ці гатовыя бібліятэчныя спецыялісты да пераменаў і развіцця?

— Думаю, так. Прагрэсіўныя тэхналогіі, напрыклад, ужо даўно сталі неад’емнай часткай бібліятэчнага працэсу, шмат у чым спрасціўшы сістэму апрацоўкі і пошуку інфармацыі. Бібліятэка — структура, якая дынамічна развіваецца, заўсёды адаптуецца да сучасных умоў. Яна адкрыта для развіцця новых напрамкаў і рэалізацыі нестандартных праектаў. І самі бібліятэкары, арыентаваныя на прафесію, заўсёды знойдуць, дзе і чаму павучыцца. Тым больш, што асаблівасць нашай прафесіі заключаецца ў тым, што няма межаў, якія можна было б для яе абазначыць. Наведванне курсаў павышэння кваліфікацыі, семінараў, удзел у майстар-класах, чытанне прафесійнай літаратуры, абмен вопытам з калегамі — гэта толькі невялікі спіс дзеянняў, якія дапамагаюць удасканальвацца і дасягаць пэўнага майстэрства ў бібліятэчнай справе. Так што некаторым спецыялістам не хапае нават 24-х гадзін у суткі для самарэалізацыі і рэалізацыі ўсіх задуманых праектаў.

— На жаль, у бібліятэчнай сферы не самыя вялікія зарплаты. Як выправіць гэтую сітуацыю?

— Пытанне вельмі складанае. Колькі сябе памятаю ў прафесіі, столькі абмяркоўваюць шляхі і спосабы павелічэння зарплаты бібліятэкараў, але аптымальнае рашэнне ніяк не прыходзіць. Напэўна, наша прафесія падзвіжніцкая, і невысокі матэрыяльны даход кампенсуецца іншымі, нематэрыяльнымі перавагамі.