Спадчына мастака

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

На выставе ў Навагрудку
Напалеонам Ордам ХХ стагоддзя называюць сучаснага беларускага мастака Анатоля Наліваева, выстава карцін якога адкрылася напрыканцы чэрвеня ў Навагрудку ў гістарычным будынку кляштара братоў дамініканаў.

/i/content/pi/cult/859/18241/16.jpg

Экспазіцыя налічвае 78 прац мастака, які адышоў у вечнасць на пачатку 2021 года, але пакінуў нам багатую мастацкую спадчыну.

На карцінах можна ўбачыць каталіцкія святыні з розных куткоў Беларусі і былых беларускіх зямель Віленшчыны. Таму і названа выстава тэматычна — “Храмы Радзімы”. Гэта выявы касцёлаў, якіх ужо няма, або якія знаходзяцца ў занядбаным стане, а таксама тых, якія дзейнічаюць і адкрытыя для вернікаў і сёння.

На адкрыцці выставы з прывітальным словам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемства выступіў пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку ксёндз Юрый Жэгарын, які заўважыў, што “мастацтва з’яўляецца таксама праявай душы і духоўнасці чалавека”.

“І сапраўды, калі чалавек глядзіць і сузірае, то можа нашмат хутчэй дайсці да прыгажосці Бога. Мы ведаем, што Бог — гэта не толькі Любоў, Свабода і Праўда, але таксама і Прыгажосць. Святы Тамаш Аквінскі казаў, што да Бога-Стварыцеля мы можам прыйсці таксама сузіраючы прыгажосць гэтага свету, прыгажосць стварэння чалавека. Таму заўсёды культура, мастацтва і вера ідуць побач”, — заўважыў святар.

На імпрэзе таксама выказваліся думкі пра тое, што шмат касцёлаў і цэркваў, шмат малітоўных дамоў іншых веравызнанняў, на жаль, не дайшло да нашых дзён. Калі мы сёння едзем па нашай зямлі, то можам убачыць гэтыя разваліны, руіны. Вядома, што іх ужо, напэўна, ніхто не адновіць, аднак гэтая выстава дапамагае нам вярнуцца назад у гісторыю, паглядзець, што мы страцілі і зберагчы тое, што маем.

На выставе выступіў і прадстаўнік сям’і Анатоля Наліваева Спартак Аруцюнян і мастацтвазнаўца Ларыса Міхневіч, якая пазнаёміла ўдзельнікаў з асобай мастака.

“Анатоль Наліваеў не проста зрабіў такія малюнкі-фотаздымкі з дакладнасцю таго, што бачыў, ён як мастак-рэстаўратар захаваў вартасці сваіх малюнкаў, у іх адчуваецца паспяховасць накіду, нават нейкая пэўная неахайнасць і няўмеласць, таму што гэтыя накіды рабіліся хутка. Ён гэтыя рысы захаваў, і гэта асаблівы шарм гэтай выставы. Я хачу сказаць “дзякуй” за гэтае месца і экспазіцыю, таму што творы вісяць не на ўзроўні вачэй, а музычна размешчаны, скажу так, на розных узроўнях на сценах. І гэта дадае густу гэтай прасторы”, — падзялілася Ларыса Міхневіч.

Жанчына заўважыла, што Анатоль быў чалавекам шматгранным, і нават на пенсіі “граў у тэатры і кіно, а таксама выключна спяваў”.

Анатоль Наліваеў — мастак, музыкант, рэстаўратар, кантар, тэатральны акцёр, а таксама збіральнік і выканаўца яўрэйскай кантарнай музыкі. Нарадзіўся 1 кастрычніка 1931 года ў Рагачове. Стаў галоўным героем фільма рэжысёра Юрыя Гарулёва “Вытокі”, быў першым дырэктарам музея “Літаратурна-мастацкая гасцёўня імя В. Галубка” ў Мінску. Памёр 6 студзеня 2021 года ад наступстваў COVID-19.

Мастак з фатаграфічнай дакладнасцю перадаваў на сваіх карцінах не толькі храмы, але таксама розныя віды Мінска і іншых гарадоў і вёсак Беларусі, у асноўным звязаных з жыццём беларускіх яўрэяў. Таксама Анатоль напісаў дзясяткі партрэтаў знакамітых дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі.

Марына ВАЛАСАР