Ствараць новае і не трапіць “убок”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Сёння спаўняецца 75 гадоў Нінель ШЧАСНАЙ — заслужанаму дзеячу мастацтваў БССР, члену Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза архітэктараў, ветэрану працы, адной з самых тытулаваных мастачак нашай краіны, жанчыне-сонцу, жанчыне-сапраўднаму генератару энергіі. Яе работы — гэта сумесь ашаламляльных колераў і сполахаў святла, уласцівых, хутчэй, мастакам паўднёвых краін. Але Нінель Іванаўна знаходзіць гэтыя ясныя гукі колеру на Беларусі, калі казаць больш дакладна — у сваім свеце, дзе пануюць дабрыня, прыгажосць, згода як надзейныя захавальнікі міру.

 /i/content/pi/cult/181/1824/Schasnaya.jpg
“Мужчына нараджаецца на свет і адразу хапаецца
за зброю, — лічыць яна, — жанчына ж дае жыццё і абжывае тую самую пячору, у якой ужо даўно не халодна, а цёпла і ўтульна. Нічога да гэтай пары не змянілася”.
Напярэдадні юбілею карэспандэнт “К” завітаў у госці да Нінель Іванаўны і распытаў знакамітую мастачку і адначасова музу пра тое, што значыць быць Жанчынай у мастацтве. 

Бясконцая гонка ўсё жыццё!
— Быць Жанчынай у мастацтве? — Нінель Іванаўна трошкі задумваецца, а потым, прапанаваўшы пачаставацца гарачай гарбатай, выдае: — А вось так гэта: раніцай “разварушышся” на каструлях, а потым — у майстэрню. Пакуль займаешся хатнімі справамі, адпраўляеш унучку ў школу, штосьці гатуеш, гаспадарыш, бачыш — мужчыны ўжо павольна і паважна рухаюцца на працу. Нейкая бясконцая гонка ўсё жыццё! А потым аглядваешся — і столькі не паспела зрабіць!
Мне падаецца, што за свае гады я зрабіла вельмі мала (Персанальных выставак у Нінель Шчаснай было больш за 50, і сёння, да юбілею, адкрываецца чарговая — у яе імянной галерэі ў Полацку. — Д.А.). Вось зараз імкнуся закончыць адну карціну — паглядзіце, — Нінель Іванаўна паказвае на твор у майстэрні, — тут з пацалункаў вырастае шмат чаго цікавага.
Я распачала гэты твор у 1968 годзе, і з тае пары ўсё адкладвала — думала, пасля дапрацую. Спачатку муж быў супраць: ён раўнаваў да тых карцін, якія, у цэлым, датычыліся любоўнай тэмы, потым — рукі не даходзілі. А калісьці ў праекце гэты твор мусіў быць не два з паловай метры, а ўсе пяць… Планавалася, што палатно будзе знаходзіцца ў філармоніі, і разам з кампазітарам і маім сябрам Алегам Янчанкам мы зробім своеасаблівае шоу-прэзентацыю. Планам гэтым, на жаль, ужо не ажыццявіцца, бо кампазітар даўно сыйшоў з жыцця, аднак я вырашыла закончыць карціну. Нават пасля сарака гадоў перапынку. 

Ёсць такая Шчасная ў мастацкай прасторы
— Нінель Іванаўна, у вашых карцінах столькі святла, насычаных колераў, яскравасці! Вы распачыналі свой лёс у мастацтве ў 1960-я гады. Як у той час, калі панаваў суворы стыль, ставіліся да “паэтак святла”?
— Вядома, мае творы ў тыя часы ўспрымаліся цяжка і зусім неадназначна. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча, пасля — Ленінградскую акадэмію мастацтваў. Затым вярнулася дадому з цвёрдым намерам ствараць новае і — сваё. А гэта значыць, што з многім, чаму мяне вучылі, давялося развітацца. Але я вырашыла: надышоў час ісці сваім асабістым шляхам, — і пайшла. Многія людзі казалі мне тады: “Калі будзеце так маляваць, выстаўляць вас перастанем увогуле”. Але час ад часу мне ўдавалася патрапіць на выстаўкі. І памятаю, як мая карціна “Пяць пакаленняў” (другая яе назва — “Баня”), якая сапраўды была дужа спрэчнай, аднойчы выклікала на выстаўцы ў Маскве (дарэчы, прысвечанай 100-годдзю Леніна) амаль што фурор. Гэта быў, калі быць дакладнай, 1967 год. І мая работа, якая так адрознівалася ад усіх, была прынята вельмі прыязна. Пасля поспеху на гэтай выстаўцы мне ўдалося выбіцца з агульнай масы пачынаючых і невядомых, і на мяне пачалася ўжо сапраўдная атака не толькі мінскіх, але і маскоўскіх мастакоў-мужчын. Вядома, рэўнасць была страшная.
— А як успрымалі вашу творчасць работнікі ЦК?
— Дарэчы, з ЦК у мяне праблем не было: там мяне цалкам прымалі. Праблемы, на жаль, былі менавіта ў мужчынскім мастацкім асяроддзі.Але ў Саюзе мастакоў мяне моцна падтрымліваў скульптар Анатоль Анікейчык. Дзякуючы яго намаганням, многія мае работы, што “пад шумок” ціхенька кімсьці здымаліся і пакідаліся “ўбаку” на выстаўках, былі вернуты на месца. Але, вядома, спачатку знайсці гэтую нястачу даводзілася мне. Прыходзіш на выстаўку — а тваёй карціны няма! І ніхто нічога не ведае. Дый сам Анікейчык заўжды здзіўляўся: “Не можа быць, я яе бачыў”. Потым ішоў на выстаўку і, сапраўды, знаходзіў яе дзесьці “ўбаку”. Вось так, з ціхім боем, карціны і з’яўляліся поруч з цудоўнымі творамі мужчын, потым, зрэшты, усе прызвычаіліся да таго, што ёсць такая Шчасная ў мастацкай прасторы.
Калі Анатоль памёр, я напісала ягоны партрэт пад назвай “Ён падарыў нам не толькі юнацтва”. Дзякуючы падтрымцы Анікейчыка, шмат што здзейснілася. А так, у асноўным, я пісала жаночыя вобразы. 

“Горкае мора” было прызнана лепшай работай
— Нінель Іванаўна, у вас нароўні з, так бы мовіць, светлымі і цёплымі карцінамі ёсць работы, якія вылучаюцца дакладна супрацьлеглымі пасыламі: эмоцыяй болю — у творы “Мой боль”, адчаем — у “Пачвары”, “Горкім моры”…
— Але такіх карцін усё ж не шмат. Работа “Горкае мора”, прынамсі, была прызнана лепшым творам на адной з жаночых выставак. І зараз вы можаце бачыць яе ў маёй майстэрні.
Дарэчы, пра тое, якім чынам мы ладзілі гэтыя “жаночыя” выстаўкі. Паколькі мужчыны пускалі нас у свой свет вельмі неахвотна — некаторыя жанчыны не маглі выставіцца цягам дзесяці гадоў, — я прыдумала такі варыянт: ладзіць штогод жаночую выстаўку, прымеркаваную да 8 Сакавіка. Усё проста: кожная мастачка павінна была на гэтую выстаўку прынесці лепшую, на яе погляд, работу. Імпрэза заўжды праходзіла як святочная падзея — мы абменьваліся падарункамі, святкавалі, гутарылі, але нароўні з гэтым адбывалася самае галоўнае: нарэшце быў атрыманы “доступ” да гледача, наведвальніка, з’яўлялася магчымасць паказаць сваю творчасць. Гэтыя выстаўкі многіх жанчын-мастакоў вельмі ўзрушылі. Марына Ісаёнак, жонка вядомага творцы Мікалая Ісаёнка, дзякуючы свайму поспеху там, паверыла ў свае сілы. А да гэтай пары яе нідзе не было бачна: яна заўжды знаходзілася ў ценю мужа. Карысная гэта была справа, і многім жанчынам дапамагла асэнсаваць сваю творчасць па-новаму.
Дык вось, на кожнай з такіх выставак мы вызначалі лепшую і горшую работы. Наведвальнікі мусілі былі прагаласаваць за твор, які ім прыйшоўся даспадобы, ці, наадварот, пакінуўшы паперку са сваім “адмоўным” голасам у спецыяльнай чашы. Мая карціна “Горкае мора” на адной з выставак была прызнана лепшай, і гэтая перамога сталася для мяне знакавай. “З бутэлек, якія засланілі ўсё неба, ліецца горкая радасць — для некаторых, а для многіх гэта — горкія слёзы”, — такімі словамі я растлумачваю палатно. Напэўна, падобнае многім людзям, на жаль, вядома.
— На ваш погляд, Нінель Іванаўна, ці змянілася становішча жанчын-мастачак у ХХІ стагоддзі? Вось мы, нарэшце, знаходзімся ў вашай вялікай майстэрні…
— Гэтую майстэрню, дарэчы, я атрымала проста цудам. У мяне было маленькае памяшканне для працы на вакзале, і я нават не марыла пра тое, каб трапіць сюды. Але мае бацькі сказалі: падаць заяву заўжды можна. І сапраўды, падумалася мне, чаму я хвалююся, падаць, вядома, можна. Зрабіла — і забылася на тое. А потым, калі паміж мастакамі пачалася барацьба за метры, справа дайшла да ўлад. І Ніна Лявонаўна Сняжкова, тагачасны намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР, сказала: “Вырашайце там, як хочаце, але з трыццаці майстэрань адну (адну — з трыццаці!) трэба аддаць жанчыне”.
Вось такім неверагодным чынам я атрымала гэтую майстэрню.
— Сапраўды, неверагодна…
— Многае тут, вядома, зроблена, але стварыць можна было б яшчэ больш. Што да сённяшняга становішча жанчын у мастацтве — да прыкладу, наш Саюз мастакоў ужо на чвэрць складаецца з жанчын. Але, думаецца, жанчын у мастацтве па-ранейшаму мала.Распачалася біенале: і большасць работ — мужчынскія. Нягледзячы на тое, што, як вы кажаце, сёння на двары ХХІ стагоддзе, змены ў сферы мастацтва адбываюцца вельмі марудна.
Але ўсё ж у свеце рух наперад адчуваецца: з’яўляюцца жанчыны-міністры, жанчыны-прэзідэнты, жанчыны-канцлеры… Але, безумоўна, гэтай прысутнасці жанчын у публічных сферах мусіць быць болей. А мастацтва ўвогуле рэч больш складаная, якая вядзе за сабой усе астатнія сферы, і таму тут Жанчына абавязкова павінна прысутнічаць, каб уплываць на свет.І яшчэ адно, вельмі важнае. З іншага боку, бывае і так: жанчына, каб здзейсніць сябе, пачынае карыстацца прыёмамі мужчын, выкарыстоўваць іх мову. Але гэта памылка, якая гаворыць толькі пра тое, што жанчына саступае. Не трэба саромецца, асабліва ў мастацтве, сваёй жаноцкай сутнасці, трэба са свайго пункта погляду глядзець на свет і раскладваць яго па палічках. Мы — іншыя, дык давайце ганарыцца гэтым і расказваць аб тым, што адбываецца навокал, на нашай мове! У гэтым заўжды была і будзе наша перамога. 

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА