Спаборнічаць? Весела!

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Акурат сёння а 15-й гадзіне на “Славянскім базары ў Віцебску” адкрываецца ХІХ Міжнародны дзіцячы конкурс “Віцебск-2021”. Папярэдне, як заўжды, адбылося лёсаванне, дзеці паспелі пазнаёміцца. Сёння — першы дзень спаборніцтва, калі трэба праспяваць нацыянальны рэпертуар, а менавіта песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе той ці іншы ўдзельнік. Заўтра — другі конкурсны дзень з вольным рэпертуарам, а літаральна праз гадзіну пасля завяршэння праслухоўванняў — цырымонія ўзнагароджвання і гала-канцэрт.

Дзіцячы конкурс заўсёды адрозніваўся асаблівай казачнай атмасферай. Спрыялі гэтаму цікавыя рэжысёрскія рашэнні, імкненне зрабіць выступленні відовішчнымі, аднолькава цікавымі як для публікі, сярод якой заўжды многа дзятвы, так і саміх удзельнікаў. Некалькі гадоў запар плённа развівалася вельмі добрая ідэя натуральна ўпісваць конкурсныя песні ў падзеі нейкай вядомай ва ўсім свеце казкі, ад імя яе персанажаў даваць тэатралізаваныя падводкі да кожнага нумару, разыгрываць дыялогі між героямі. З цягам часу арганізатары вырашылі не эксплуатаваць вядомыя сюжэты, робячы на іх аснове своеасаблівыя сіквелы, а прыдумляць новыя. Так было ўжо летась, так будзе і сёлета.

— У музыцы, як вядома, сем нот, — тлумачыць сваю канцэпцыю рэжысёр Ірына Коўлена. — Колераў вясёлкі — таксама сем. Ці ж гэта выпадковае супадзенне? Канешне, не. Вось мы і вырашылі сачыніць на гэту тэму новую казачную гісторыю, якая магла б зацікавіць не проста дзяцей, а яшчэ і юных музыкантаў, маленькіх творчых асоб, у якіх добра развіта мастацкая фантазія.

Чаго-чаго, а фантазіі Ірыне Коўленай не займаць. Яна ж не проста займаецца тымі ці іншымі пастаноўкамі, а з’яўляецца галоўным рэжысёрам Цэнтра культуры “Віцебск”, дагэтуль працавала там намеснікам генеральнага дырэктара па культурна-масавай рабоце. Ужо роўна дзесяцігоддзе, як яна ўзначальвае рэжысёрска-пастановачную службу Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”. На яе творчым рахунку не толькі рэжысура вялікай колькасці фестывальных мерапрыемстваў, але і шматлікія іншыя праекты. У тым ліку, не проста літаратурныя (у прыватнасці, тыя ж сцэнарыі), але і вершы. Невыпадкова яна была ўшанавана ганаровым тытулам “Чалавек года Віцебшчыны”. Дый увогуле, менавіта родны горад і дзеці — дзве прыярытэтныя тэмы ў яе творчасці, якія часта сплятаюцца ў адну.

— Валошка стала адным з найбольш яркіх сімвалаў “Славянскага базару ў Віцебску”, — працягвае Ірына Віктараўна. — Фестывальная эмблема таксама выканана ў выглядзе кветкі валошкі: да перагорнутай ноткі з хвосцікам-лісточкам прымаляваны валошкавыя пялёсткі. І на сёлетнім дзіцячым конкурсе будзе гэткае “Валошкавае дэфіле”. Бо паводле нашай казачнай гісторыі, усе фарбы вясёлкі, сышоўшыся разам, даюць валошкавы колер. Дзіцячы конкурс на фестывалі — музычны, песенны. І кожны з конкурсных дзён адкрываецца асобнай песняй, не проста прымеркаванай да такога выпадку, але і звязанай з агульнай казачнай тэмай конкурсных праслухоўванняў — чароўнай вясёлкі. Так, першы дзень пачынаецца з песні “Вясёлкавае intro” Аркадзя Кірылава на мае словы, а другі — з аўтарскай песні Вікторыі Лабкоўскай “Вясёлка над Віцебскам”.

Дададзім, што Аркадзь Кірылаў — таксама не проста музыкант і выкладчык. Ён мае самае непасрэднае дачыненне да Цэнтра культуры “Віцебск”, узначальвае адзін з творчых калектываў гэтай установы — народны тэатр песні і музыкі “Мерхавім” (“Прасторы”). Яго выхаванцы неаднойчы станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. А сам Аркадзь Навумавіч — аўтар не толькі шматлікіх песень, але і некалькіх музычных казак і мюзіклаў. Што ні кажыце, таленавітыя людзі жывуць і працуюць у самым фестывальным беларускім горадзе — і, урэшце рэшт, робяць фестываль такім запамінальным.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"