Купалле, “Славянскі базар…” і далейшыя перспектывы

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Заслужаная артыстка Беларусі, дацэнт кафедры мастацтва эстрады БДУКМ Ірына Дарафеева сёлета прадстаўляе нашу краіну ў журы дзіцячага конкурсу, а таксама ў некалькіх канцэртных праграмах фестывалю. Дый напярэдадні ў спявачкі было шмат значных музычных падзей.

/i/content/pi/cult/859/18235/11.jpg— Удзельнікам дзіцячага конкурсу, — гаворыць Ірына Аркадзеўна, — хачу пажадаць радасці і адчування на конкурсе свята жыцця. Бо перамога — гэта толькі адзін бок і не заўжды самы важны, хаця яна і дае магчымасць выйсці на вялікую сцэну Амфітэатра і выступіць на ёй. Конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” стварае такую атмасферу, якая ўжо сама па сабе дорыць мора сіл, эмоцый, святочнага настрою, дае магчымасць завязаць новыя знаёмствы, а тое і сапраўднае сяброўства. Хочацца, каб дзеці на конкурсе не проста добра спявалі і выглядалі (а сцэнічны строй, яго стылістыка — неад’емныя часткі агульнага нумару), але і часцей усміхаліся, дасылаючы свой позітыў у глядзельную залу.

У разнастайных конкурсах я ўдзельнічала з 12-ці гадоў, але тады на “Славянскім базары ў Віцебску” яшчэ не было такога дзіцячага спаборніцтва. І тое, што гэты конкурс з’явіўся, — сапраўдная падзея ў культурным жыцці краіны і свету. Бо ён дае юным талентам добры прафесійны старт. Ні для кога не сакрэт, што тут нараджаюцца сапраўдныя эстрадныя зорачкі, бо па сваім узроўні дзіцячыя спаборніцтвы не толькі ні ў чым не саступаюць дарослым, але і часам пераўзыходзяць іх. Высокі ўзровень падрыхтоўкі можна назіраць і на адборачных турах, і на ранейшых дзіцячых конкурсах. Дарэчы, мне пашчасціла быць старшынёй журы ў 2014 годзе, калі першую прэмію атрымала Зінаіда Купрыяновіч, якую мы сёння ведаем пад псеўданімам Zena. Пазней яна прадстаўляла нашу краіну на “Еўрабачанні-2019” у Ізраілі, удзельнічала і перамагала ў іншых праектах, працягвае актыўна канцэртаваць. Шмат надзей мы ўскладаем і на сёлетняга канкурсанта — 13-гадовага Канстанціна Мазуркевіча. Разумееце, дзеці выхоўваюцца ў розных студыях і калектывах, удзельнічаюць у ансамблях. Не ва ўсіх ёсць багаты сольны вопыт, які патрабуецца для “Славянскага базару ў Віцебску”, таму адбор ідзе вельмі строгі. Сольны спявак павінен быць не толькі адораным, але і валодаць байцоўскімі якасцямі, неверагоднай харызмай, каб мы адчувалі яго талент, што называецца, “на адлегласці”. Чым далей, тым больш я разумею важнасць гэтых “дадатковых” якасцей, якія часцяком увогуле выходзяць на першы план. У гэтым пераконвае і мой вопыт выкладання, і мая ўласная канцэртная дзейнасць.

Літаральна напярэдадні адбыўся мой сольнік “Купалле ў Лідскім замку”, які, спадзяюся, перарасце ў штогодні фестываль, а далей і конкурс таксама. На правядзенне такога маштабнага праекту быў атрыманы грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, я вельмі ўдзячна за падтрымку Міністэрству культуры нашай краіны. Купальская тэматыка мяне аднаўляе, я нарадзілася на Купалле і штогод набіраюся сіл ад самой прыроды. Лідскі замак быў абраны невыпадкова: я выступала тут яшчэ тады, калі ён не быў адноўлены, адчувала энергетыку ад ягоных руін — і літаральна закахалася ў гэтыя мясціны. Вельмі рада, што гэтыя пачуцці аказаліся ўзаемнымі: нягледзячы на тое, што ў той жа дзень Купалле праходзіла ў Александрыі і многія паехалі туды, публікі было шмат, пасля канцэрта многія падыходзілі да мяне са словамі падзякі, узгадвалі мае ранейшыя прыезды: я ж аб’ездзіла з канцэртамі практычна ўсю Беларусь.

Але гэты сольнік быў асаблівым. Яго ідэю я выношвала яшчэ з мінулага года. Хацелася, каб публіка ўбачыла новае аднаўленне Ірыны Дарафеевай. І адначасова — з новага ракурсу зірнула на нашу нацыянальную спадчыну. Бо аўтарскія песні са свайго рэпертуару я імкнулася наблізіць да народных. Народныя ж песні — наадварот, падаць у такіх аранжыроўках, каб яны гучалі модна, сучасна, хітова. Над сцэнічнымі строямі працавалі два мадэльера-дызайнера: Настасся Фальковіч і Таццяна Сычова, якая, між іншым, прадстаўляе віцебскі брэнд “Рада”. Увогуле, каманда сабралася з розных куткоў краіны. І мы працавалі не толькі на гэты канкрэтны канцэрт, але і на перспектыву. Я прыцягнула да ўдзелу студэнтаў — былых і цяперашніх, дуэты Las Vegas, “PROвакацыя”, балетны калектыў БДУКМ пад кіраўніцтвам Рамана Кавалёва, а таксама школа танца “Атмасфера”: яны самі прапанавалі супрацоўніцтва, бо 24 верасня ў мяне будзе творчы вечару гэтым горадзе (а 9 кастрычніка, дадам, у сталічным Палацы Рэспублікі). Спецыяльную купальскую песню напісала для мяне Ганна Благава на словы Эльвіры Канцавой. Быў запрошаны музыкант Юрый Крывашэй, выпускнік кафедры духавой музыкі БДУКМ, які грае на жалейцы, дудках, дудзе. А лепшай дэкарацыяй стаў сам Лідскі замак, падсветлены неонавымі агнямі, бы сама папараць-кветка. Калісьці ў мяне быў сольнік у Мірскім замку, але тады ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі займалася тэлебачанне. Цяпер жа ўся падрыхтоўка лягла на нашы ўласныя плечы, і я вельмі ўдзячна свайму новаму канцэртнаму дырэктару і рэжысёру гэтай вечарыны Яўгену Талкачову.

Што ж да “Славянскага базару ў Віцебску”, дык мой сёлетні ўдзел у ім не абмяжоўваецца “судзействам” у дзіцячым конкурсе. Да канцэрта адкрыцця па просьбе рэжысёра Аляксандра Вавілава быў зроблены дуэт з Дзмітрыем Даніленкам — “Не шкадуй” Андрэя Валава. Да гала-канцэрта “Крок by крок” майстроў мастацтваў Беларусі падрыхтавана песня “Вышыта сарочка” Сяргея Талкунова на словы Валянціны Паліканінай — з новай аранжыроўкай, новым дызайнерскім касцюмам. У канцэрце закрыцця праспяваю яшчэ адну прэм'еру — “Я таю”, словы і музыка Юрыя Ермаленкава.

Увогуле, фестывалі — адна з галоўных аб’ядноўваючых сіл. Яны папраўдзе яднаюць і наш народ, і іншыя народы свету, робяць больш багатай як нацыянальную, так і сусветную культуру.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"