Пахваляцца? Ганарыцца!

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Сёння на “Славянскім базары ў Віцебску” (і ў прамым эфіры тэлебачання) — гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі “Крок by крок”. Як правільна “расшыфраваць” гэту назву і чаго чакаць ад самой вечарыны, мы даведаліся ў яе рэжысёра — мастацкага кіраўніка Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіславы Арцюкоўскай.

/i/content/pi/cult/859/18234/10.jpg— Назва, што спалучае беларускія часткі з англійскай, “перакладаецца як “Крок за крокам”. Але адначасова англамоўнае слоўца by стала прызнанай абрэвіятурай нашай краіны — Беларусі. Мы скарысталі гэтую гульню слоў і пабудавалі канцэрт на дэманстрацыі беларускіх брэндаў, уключыўшы ў яго не толькі культуру і мастацтва, але і, да прыкладу, спорт. Вядома, змясціць усё ў адведзеныя нам дзве гадзіны не проста цяжка — увогуле немагчыма. Але мы пастараліся цярпліва, спакойна, мэтанакіравана — менавіта “крок за крокам” — паказаць папраўдзе ўсё самае лепшае, што ў нас ёсць. І адначасова спалучыць музыку яшчэ і з жывапісам.

Натхняліся працамі беларускіх мастакоў ХVIII — ХХ стагоддзяў, імкнуліся быццам “ажывіць” іх карціны. Да “Славянскага базару ў Віцебску” звычайна ладзяцца выставы сучасных мастакоў, дэманструюцца найноўшыя творчыя працы — ХХІ стагоддзя. Дый у Горадзе майстроў карцін хапае — на любыя густы. Мы ж вырашылі дапоўніць гэтую жывапісную лінію лепшымі прыкладамі беларускага выяўленчага мастацтва мінулага, каб стварыць больш поўнае ўяўленне пра нашу нацыянальную культуру.

Канцэрт умоўна падзяляецца на асобныя блокі, сярод якіх ёсць “Замкавая Беларусь”, “Маляўнічы край”, “Краса Беларусі”, нават “Прысмакі”. Але пра ўсё гэта мы распавядаем праз нашы песні. Да прыкладу, вядомая песня “Піце піва, мужыкі!” Мікалая Сацуры на словы Валянціны Аколавай у выкананні ансамбля “Сябры” — гэта яшчэ і згадка такога знакамітага беларускага брэнда, як піва, што для аматараў гэтага напою — сапраўдная смаката.

Іншымі словамі, мы імкнуліся сабраць разам усё, чым мы можам ганарыцца. А ганарыцца нам і сапраўды ёсць чым! Беларусы звычайна надта сціплыя, не любяць пахваляцца. Але выхваляцца і ганарыцца — розныя рэчы. І мы закцэнтавалі гэтую розніцу, выявіўшы тое, што можа лічыцца гонарам нашай краіны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"