Аркестр у Амфітэатры — і ў тэатры

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Удзел у “Славянскім базары ў Віцебску” Прэзідэнцкага аркестра Беларусі — даўно не навіна, а трывалая традыцыя. Але яшчэ ніколі гэты калектыў не быў прадстаўлены на фестывалі так разнастайна: не толькі ў канцэртных праграмах, але і ў тэатральным спектаклі.

/i/content/pi/cult/859/18232/8.jpg17-га ўвечары малы склад Прэзідэнцкага аркестра на чале з дырыжорам Віталем Кульбаковым іграе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа — суправаджае спектакль “Тры сястры” паводле М.Чэхава Незалежнага тэатральнага праекта “ТриТформаТ”. 18-га а 18-й гадзіне праводзіць у Амфітэатры гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі і застаецца на гэтай сцэне да глыбокай ночы: пасля невялічкай рэпетыцыі тут адбываецца заключны гала-канцэрт фестывалю, сумешчаны з другім конкурсным днём — выкананнем эстраднай песні кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў у суправаджэнні аркестра.

— У нас ва ўсіх сэнсах слова “спякотнае лета”, — усміхаецца галоўны дырыжор калектыву Віталь Кульбакоў. — Па два-тры мерапрыемствы на дзень. Да конкурсу мы пачалі рыхтавацца тры месяцы таму. Атрымалі ад канкурсантаў абраныя імі песні, зрабілі аркестроўкі, запісалі іх — і месяц таму выслалі ўдзельнікам, каб тыя прывыкалі да аркестравага гучання свайго рэпертуару. 14 і 15 ліпеня  — дзве рэпетыцыі з канкурсантамі ў Мінску. Першае вочнае знаёмства з імі я пачаў са слоў: “Вы знаходзіцеся ў самай сяброўскай краіне, дзе кожны з нашых музыкантаў будзе вам дапамагаць, каб вашае выступленне было як мага лепшым”. Мы сапраўды імкнемся “прыкрыць” удзельнікаў: закцэнтаваць гучаннем аркестра іх найбольш яркія рысы і, наадварот, “змікшыраваць” магчымыя недахопы, ператварыць іх у гэткую індывідуальную асаблівасць.

Гаварыць пра конкурсны ўзровень на аснове адных толькі рэпетыцый даволі складана. Здараецца, некаторыя ўдзельнікі спяваюць не ў поўную моц, зберагаюць, размяркоўваюць сілы. Хтосьці — наадварот, за час падрыхтоўкі “перагарае”, стамляецца і прыходзіць да фіналу ніякаватым. А хтосьці і ўвогуле імкнецца перахітрыць астатніх: папярэдне паказвае быццам бы сярэдні ўзровень, а на выступленні выдае такую дасканалую тэхніку, што ўсе, па кантрасце, уражаны ўтрая.

Конкурсныя выступленні на заключным канцэрце будуць паказвацца “блокамі”: пасля кожнай чацвёркі ўдзельнікаў выступаюць госці. Такое чаргаванне, прапанаванае рэжысёрам Марынай Раманоўскай, дапаможа журы і публіцы не толькі крыху адпачыць, але і супаставіць маладых выканаўцаў з прызнанымі артыстамі. Дарэчы, тыя ж Сяргей Пенкін, Мікалай Наскоў і іншыя зоркі будуць спяваць з нашым аркестрам “жыўцом”.

Не менш цікавым абяцае быць гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі “Крок by крок”. І не толькі з пункту гледжання рэжысёрскай канцэпцыі і сцэнарыя, але і праз уласна музычнае напаўненне. Бо гэта найперш цудоўныя артысты, сярод якіх ёсць і знаныя (Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Алёна Ланская, “Песняры”, “Сябры”, “Верасы”, “Аўра”, “Чараўніцы”), і зусім маладыя (Вольга Булай, Антон Карчэўскі, Кірыл Кучынскі, які скончыў усяго толькі першы курс Акадэміі музыкі). Сярод “фішак” канцэрта — выступленне балалаечніка-віртуоза Аляксандра Варанішчы, колішняга выпускніка Лідскага музычнага каледжа і Гродзенскага ўніверсітэта. А галоўнае, у праграме многа не толькі вядомых кампазіцый, але і песенных прэм’ер, напісаных Валерыем Шматам, Яўгенам Алейнікам і іншымі аўтарамі.

Што ж да “Трох сёстраў”, дык гэты спектакль па просьбе Веры Паляковай ставіла маладая расійская рэжысёр Таццяна Самбук. Музыка спачатку планавалася ў запісу, але потым было вырашана пакінуць яе жывое выкананне, і мы неаднаразова выступалі на Малой сцэне Палаца Рэспублікі. Потым была “Княжна Мэры” паводле М.Лермантава, пастаўленая тым жа рэжысёрам, але ўжо на вялікай сцэне таго ж Палаца Рэспублікі. Дарэчы, днямі, а менавіта 10 ліпеня гэты спектакль ішоў на пляцоўцы ля мінскай Ратушы — на адкрытым паветры. Мы былі ўпэўнены, што на такім вулічным паказе публіка будзе падыходзіць, сыходзіць, пераходзіць з месца на месца. Ажно не: сабралася каля паўтары тысячы чалавек — і ўсе глядзелі спектакль да канца. Прычым у цішы, бы ў тэатральнай зале. Асабліва відавочна гэта стала ў сцэне дуэлі Пячорына з Грушніцкім, калі раздаўся стрэл, а за ім — ледзь не паўхвіліны поўнай цішыні. Трэці спектакль з удзелам музыкантаў аркестра і ў пастаноўцы ўсё той жа Таццяны Самбук мы рыхтавалі да Міжнароднага дня абароны дзяцей: казку “Не Вожык” паводле аднайменнай п’есы Ганны Багачовай паказвалі не толькі на стацыянары, але і па школах-інтэрнатах, піянерскіх лагерах. Музыкантам і мне як дырыжору давялося тут папацець: па задуме рэжысёра, інструменталісты не толькі ігралі музыку Сяргея Сухамліна, але і, апрануўшы “шапкі з вушамі”, выступалі ў ролі зайцоў. А я станавіўся ваўком і, адпаведна, ганяў іх па сцэне.

Тэатралізаваную лінію аркестр будзе працягваць. На 5 лістапада запланаваны “Пер Гюнт” з музыкай Грыга, але ў сучасных апрацоўках: джаз, соул, рок. Прычым нумары знакамітай сюіты, складзенай з музыкі да п’есы Ібсена, будуць суправаджацца рознымі відамі мастацтваў: тут і пескаграфія, і балет. У перспектыве падобным чынам хацелася б выканаць “Карцінкі з выстаўкі” Мусаргскага — таксама ў сучасным рознастылёвым гучанні і тэатралізаваным асяроддзі.

Але ж пасля “Славянскага базару ў Віцебску” — адразу ў адпачынак. А ў верасні на конкурснай аснове дабяром у аркестр групу выканаўцаў на драўляных духавыз інструментах. Калісьці яна была, потым яе скарацілі. Але практыка паказала неабходнасць яе аднаўлення, каб аркестр меў поўны сімфанічны склад і больш магчымасцей для выканання самай рознай музычнай стылістыкі і твораў розных эпох.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"