Бас — усяму галава

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

Адным з першых мерапрыемстваў юбілейнага ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” стала адкрыццё памятнай мемарыяльнай дошкі аднаму з заснавальнікаў гэтага буйнога форуму і яго першаму дырэктару Радзівону Басу.

/i/content/pi/cult/859/18230/6.jpgНад стварэннем дошкі, што цяпер упрыгожвае будынак Цэнтра культуры “Віцебск”, дзе Радзівон Бас быў генеральным дырэктарам, працаваў віцебскі скульптар Сяргей Сотнікаў. Барэльефная выява Радзівона Міхайлавіча знітавана з лагатыпам фестывалю, бо ў нашым усведамленні яны і сапраўды адно непадзельнае цэлае: гаворым “Славянскі базар” — маем на ўвазе Радзівона Баса, вымаўляем імя Баса — маем на ўвазе знакаміты фестываль, узрошчаны ім як арганізатарам, прадзюсерам і рэжысёрам да цяперашніх маштабаў і сусветнага прэстыжу.

На барэльефе змешчана не ўся постаць Баса, а толькі ягоная галава — гэткі партрэт буйным планам. Але ў тым бачыцца і своеасаблівая сімволіка: гэты заслужаны дзеяч культуры Беларусі, ганаровы грамадзянін Віцебска, быў сапраўды “галавой-главой” не толькі гэтага фестывальнага праекта, але і, шырэй, усяго таго актыўнага, разгалінаванага фестывальнага руху, што мы маем сёння ў краіне. Місія Баса (яшчэ і ў адпаведнасці з прозвішчам) як асновы, моцнага “фундаменту” музычнага збудавання, як стваральніка і аб’яднальніка выявілася ўжо на самых першых фестывалях. Памятаю, як па завяршэнні Другога форуму 1993 года я амаль засынала, а ён, нястомны, дзяліўся планамі на будучыню. На той час яны здаваліся (па меншай меры, асабіста мне) немагчымымі, нязбыўнымі. Але ж усё адбылося! Дый колькі адбылося звыш таго!

“Славянскі базар”, што ўзрос на руінах Усесаюзнага фестывалю польскай песні, спярша мацаваўся, здавалася б, вакол спеўнага конкурсу. Але імгненна ў якасці “дадатковых мерапрыемстваў” далучыліся тыя фестывальна-конкурсныя праекты, якімі Радзівон Бас займаўся раней, у 1980-я — пачатку 1990-х: тут быў і джаз (узгадаем джазавую “Віцебскую восень” 1981 — 1989-га, Міжнародны “Парад дыксілендаў” 1983 — 1993 гадоў), і конкурсы прыгажосці (“Віцебская прыгажуня” 1989 года), і проста клопат пра журналістаў, якім патрэбны і стасункі з зоркамі, прычым не толькі на прэс-канферэнцыях, але і ў нефармальнай абстаноўцы, і проста адпачынак (як тут не згадаць круізы на кацеры, дзе гэта было “два ў адным”).

Спачатку фестываль узрастаў ушыр, потым пачаў расці “ўглыб”. Адной з найбольш яркіх кульмінацый гэтага працэсу асабіста для мяне стаўся тэатралізаваны аповед пра Марка Шагала — па цяперашніх мерках, найсучасны site-specific спектакль, а па тых часах — штосьці неверагоднае. Усё адбывалася не проста на вуліцы, між будынкамі Цэнтра культуры і ратушы, а ў прасторы: фігуры мастака, Бэлы, яўрэйскіх музыкантаў з’яўляліся ў адчыненых вокнах, луналі ў паветры. Было адчуванне, што ты знаходзішся дзесьці “ўнутры” шагалаўскіх карцін.

Дык, можа, Бас, пры ўсіх яго здольнасцях спалучэння мастацтва з грашовым складнікам, і быў такім шагалаўскім героем, што лётаў над горадам, над фестывалем і бачыў больш, чым усе астатнія? Толькі чаму — “лётаў”? Яго матэрыялізаваныя думкі жывуць на фестывалі і дагэтуль — і, трэба спадзявацца, будуць плённа развівацца і надалей.