Перад тым як у Залессі распачалася праца семінара, яго ўдзельнікі пабывалі ў Смаргоні, дзе іх віталі хлебам-соллю супрацоўнікі гарадскога Дома культуры. Дарэчы, тут жа госці наведалі і бібліятэку, а крыху пазней у актавай зале ДК выступіла начальнік аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражэва, якая засяродзіла ўвагу прысутных на кадравых пытаннях у сферы культуры свайго раёна.
У хуткім часе адбыўся і сам семінар у Залессі. З вітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей семінара звярнуўся намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама Ігар Шчасны, які распавёў пра культурнае жыццё Смаргоншчыны і дзейнасць Музея-сядзібы М. К. Агінскага.
Намеснік міністра культуры Валерый Грамада засяродзіў свой выступ на задачах семінара і акрэсліў межы праблемнага поля. “Мэта нашага мерапрыемства - ацаніць кадравы патэнцыял краіны, які маецца на сённяшні дзень, абмеркаваць праблемныя пытанні і, па-магчымасці, вызначыцца са шляхам іх вырашэння”, — зазначыў ён.
З пераканаўчым акцэнтным дакладам выступіла начальнік аддзела кадравай работы і дзяржаўных узнагарод Міністэрства культуры краіны Аксана Лісенкова. У сваёй прамове яна прафесійна прааналізавала праблемы і поспехі, якія існуюць у кадравай галіне сферы культуры, вызначыла яе патэнцыял, акрэсліла асноўныя накірункі кадравай палітыкі і арганізацыю працы з рэзервам кіруючых кадраў на бліжэйшую перспектыву.
У прыватнасці, прамоўца адзначыла, што пытанням рэалізацыі кадравай палітыкі ў нашай дзяржаве надаецца асаблівая ўвага. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка неаднаразова ўказваў на неабходнасць удасканалення і паляпшэння работы ў гэтым напрамку на ўсіх узроўнях. Абсалютна відавочна, што пазіцыі дзяржавы ў сучасным свеце вызначаюць не толькі вытворчыя магутнасці, прыродныя рэсурсы, але і людзі.
“Кажучы аб кадрах, мы гаворым пра тых людзей, якія сваёй працай забяспечваюць развіццё дзяржавы, грамадства, эканомікі, уключаючы сацыяльную сферу, да якой адносіцца і сфера культуры, — падкрэсліла Аксана Лісенкова. — А сёння беларускаму грамадству як ніколі патрабуецца згуртаванасць і яднанне, таму толькі ідэалагічна абумоўленая кадравая палітыка можа адпавядаць нацыянальным інтарэсам…
Сучаснае дзяржаўнае будаўніцтва прад’яўляе да асоб, якія прыходзяць на дзяржаўную службу, на кіруючыя пасады ў дзяржаўныя арганізацыі, высокія патрабаванні, бо менавіта ім трэба будзе дакладна разумець, якой арганізацыйны клімат яны збіраюцца культываваць ва ўстановах культуры і якія дакладныя кіраўнічыя рашэнні прымаць.
Так, службовыя асобы на ўсіх узроўнях павінны быць арыентаваны на праяву ініцыятывы пры прыняцці рашэнняў, але з адначасовым узмацненнем персанальнай адказнасці за канчатковы вынік. Дзяржаўныя рэсурсы, затрачаныя на падтрымку ўстаноў культуры павінны карэляваццца з той ідэалагічнай і творчай аддачай, якую атрымлівае ад іх грамадства”.
Начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства Віталій Бейлін распавёў пра апошнія змены ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а таксама пра нарматыўную прававую базу, што рэгламентуе працу з рэзервам кіруючых кадраў.
Начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч выказала думку, што ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі павінна праводзіцца дакладная прафарыентацыйная работа, каб у выніку дыплом атрымліваў высокакваліфікаваны спецыяліст, які будзе любіць сваю прафесію і гатовы застацца ў сферы культуры.
Даволі эмацыйным атрымаўся выступ рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярыны Дулавай, які яна прысвяціла пытанням падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй у сферы культуры і мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Выступленне спадарыні Дулавай было падтрымана рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Наталляй Карчэўскай. Пытанні адносна падрыхтоўкі будучых кіраўнікоў музычных калектываў узнімаліся вельмі цікавыя, грунтоўныя, з гэтай прычыны шкада, што семінар не трансляваўся on-line, а запіс не вёўся.
Тым не менш, бадай што агульным пасылам усіх выступаў было прызнанне наяўнасці пэўнай праблемы з кадравым патэнцыялам, сыход маладых спецыялістаў пасля адпрацоўкі, прызыў у войска, пасля якога губляюцца назапашаныя веды і навыкі, невысокі заробак, пераразмеркаванне, перакваліфікацыя, вострая праблема з жытлом, якая ставіць спецыялістаў не ў самыя лепшыя ўмовы.
Падводзячы вынікі семінара, намеснік міністра культуры Валерый Грамада падкрэсліў, што больш грунтоўна акрэсленыя праблемы будуць разгледжаны пазней — на наступным мерапрыемстве, якое мусіць адбыцца ў жніўні, перад пачаткам новага вучэбнага года. Да гэтага часу трэба ўзгадніць прапановы і выпрацаваць шляхі рашэння абмеркаваных праблем.
Пасля афіцыйнай часткі для гасцей сядзібы адбылася экскурсія па музеі. Можна было абыйсці тэрыторыю сядзібнага комплекса, азнаёміцца з тым, якія змены тут адбыліся за апошнія гады і месяцы. Бо Музей-сядзіба М.К. Агінскага працягвае ўмацоўвацца: адносна нядаўна тут распачалася праца па аднаўленні стайні.
У бліжэйшых нумарах “К” мы плануем распавесці пра мінуўшчыну, сённяшні дзень і будучыню музея-сядзібы ў Залессі больш падрабязна. Ну, і вядома, пра вынікі семінара мы яшчэ таксама пагаворым.