Газета — рэгіёны — чытач

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г


— Пасля вымушанага гадавога перапынку фестываль “Белая Вежа” вяртаецца на сцэну Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Што плануюць паказаць гледачу?

Сяргей Панасюк, начальнік аддзела культуры Брэсцкага аблвыканкама:

— Мы рады запрасіць гасцей на юбілейны 25-ты фестываль, які пройдзе з 10 па 18 верасня. З 1996 года “Белая Вежа” знаёміць са сцэнічнымі традыцыямі замежжа, сучаснымі сусветнымі тэатральнымі тэндэнцыямі і нацыянальным сцэнічным мастацтвам Беларусі. Сёлета фестываль прысвечаны 30-гадоваму юбілею Саюза Незалежных Дзяржаў. Да нас прыедуць трупы з Арменіі, Казахстана, Малдовы, Таджыкістана, Расіі, Грузіі і, вядома, беларускія тэатры. У праграму фестывалю ўключаны 22 спектаклі ад 22 тэатральных калектываў. Паказ спектакляў адбудзецца на трох мовах: беларускай, рускай і таджыцкай у суправаджэнні сінхроннага перакладу на рускую мову. Пастаноўкі пройдуць на 3 пляцоўках горада: у вялікай і малой залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, у Палацы культуры прафсаюзаў і Брэсцкім тэатры лялек. У фестывальнай афішы 2021 года будуць прадстаўлены таксама пластычныя, балетныя і музычныя пастаноўкі.

— “Паўночныя Афіны” — сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага пад Смаргонню з 2014 года адчынена для турыстаў. Зараз там плануюць аднавіць і стайню, дзе будуць змяшчацца коні і прылады для паездак, а таксама музей. Як праходзіць рэстаўрацыя?

Аксана Каханава, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

— З 2018 года ў сядзібу былі закуплены пара коней, дзве поні, карэта і сані з мэтай катаць турыстаў. Неўзабаве было задумана адрэстаўрыраваць стайню, на якую па праектна-каштарыснай дакументацыі ў 2020 годзе было патрэбна 670 тыс. рублёў. Па спонсарскай дапамозе ад “Банка развіцця” на стайню мы атрымалі 300 тыс. рублёў, і па ўказу Прэзідэнта краіны па падтрымцы аб’ектаў культуры - яшчэ 230 тысяч рублёў. У выніку 140 тысяч рублёў не хапае на давядзенне планаў у рэальнасць. Але мы будзем асвойваць тыя грошы, якія ўжо ёсць, перш за ўсё на вонкавыя работы. Гэта ўмацаванне сцен, падмурка, замена даха. Астатнія грошы, па даручэнні міністра культуры Анатолія Маркевіча, будзем браць з абласных і раённых сродкаў.

— Цалкам зразумела, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі маюць права наведваць установы культуры. А ў якой ступені развіта безбар’ернае асяроддзе на гэтых аб’ектах у нашай краіне?

Уладзімір Патапенка, старшыня цэнтральнага ўпраўлення Беларускага таварыства інвалідаў:

— Няма чаго і казаць, безбар’ерны асяродак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі вельмі патрэбны. Не так даўно браліся за тое, каб у кінатэатрах зрабіць месцы для калясачнікаў, але пакуль справа не дужа рухаецца наперад. Хіба што ў Вялікім тэатры адвялі месцы для інвалідаў. Але, з іншага боку, чалавек сам павінен вырашаць, на якім месцы яму сядзець ва ўстанове культуры. Менавіта даступнасць агульначалавечых дабротаў, у тым ліку культурных, і з’яўляецца адзнакай здаровай грамадзянскай супольнасці. Пры тым, што многія інваліды працуюць і плацяць падаткі.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ