"Узводзіць масты, а не сцены!"

№ 29 (1520) 17.07.2021 - 23.07.2021 г

15 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Свята асвятляюць больш за чатыры сотні акрэдытаваных прадстаўнікоў 43-х беларускіх і 33-х замежных СМІ з васьмі краін. У сваім прывітальным слове на адрас фестывалю Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заклікаў “узводзіць масты, а не сцены” між народамі і краінамі. Сапраўды, менавіта на гэта было скіравана з’яўленне “Славянскага базару ў Віцебску” на культурнай мапе Беларусі і свету, менавіта гэтыя мэты стаяць перад фестывалем і цяпер.

/i/content/pi/cult/859/18225/1.jpgУзнагароду “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”, заснаваную ў 2009 годзе, павінен быў атрымаць з рук Прэзідэнта народны артыст Расіі Мікалай Баскаў. Спеваку, што прыязджае на наш фестываль з 1999 года, была закладзена імянная пліта на Плошчы зорак перад віцебскім Летнім амфітэатрам, артыст удзельнічаў у гэтай цырымоніі. Але ўвечары ў яго ўзнялася тэмпература, і ў гала-канцэрце адкрыцця форуму ён выступіць не змог.

/i/content/pi/cult/859/18225/2.jpgДа юбілею фестываля было падрыхтавана шмат цікавостак. Былі выдадзены даведнік “Славянскі базар у Віцебску. Трэцяе дзесяцігоддзе”, каталог фірмовага стылю і сцэнаграфіі фестывалю. У цэнтры горада з’явіліся новыя фотазоны — вялізны металічны кантрабас і рознакаляровы паўлін. Змянілася цырымонія ўзняцця фестывальнага сцяга. Калі раней яна непасрэдна папярэднічала закладанню імянной зоркі, дык цяпер была перанесена на таямнічую апоўнач, сімвалізуючы нараджэнне новага дня, у які будзе ўрачыста адкрыты юбілейны фэст. А тыя, хто прыязджае на яго 14 і больш гадоў, атрымалі так званы “валошкавы пашпарт” — гэткае сувенірнае пасведчанне, якое, зразумела, не замяняе сапраўдны дакумент.

/i/content/pi/cult/859/18225/3.jpgСвае ўзнагароды падрыхтавала і Саюзная дзяржава. Спецыяльнымі дыпломамі Пастаяннага Камітэта СД “За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі” былі адзначаны галоўны гукарэжысёр Цэнтра культуры “Віцебск” Руслан Стаброўскі, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў, народны артыст СССР, альтыст і дырыжор Юрый Башмет, генеральны дырэктар Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі Ірына Веліканава.

Спецыяльныя ўзнагароды Саюзнай дзяржавы будуць па традыцыі ўручаны і канкурсантам “Славянскага базару ў Віцебску”, якія прадстаўляюць Беларусь і Расію. Дарэчы, абодва конкурсы — дзіцячы і дарослы — пачнуцца акурат сёння. І калі вы не зможаце патрапіць на іх жыўцом, сачыце за імі ў тэлетрансляцыях.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"