Сцвярджае выключнасць, індывідуальнасць, патэнцыял

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Значную ролю ў справе адраджэння нацыянальнай культуры, прапаганды яе здабыткаў, збірання і распаўсюджвання фальклорна-этнаграфічнай спадчыны адыгрывае рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. Сёння конкурс — гэта не толькі пацвярджэнне выключнасці і індывідуальнасці бібліятэк, дэманстрацыя дасягненняў, але і абмен вопытам, самаацэнка сваёй работы, адкрыццё новых гарызонтаў, прыцягненне карыстальнікаў, стымул для творчасці і прафесійнага росту бібліятэкараў.

/i/content/pi/cult/858/18221/Kultura-28-page-13S.jpg

14 мая 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў онлайн рэжыме былі падведзены вынікі XXIX рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” за 2020 год. У склад кампетэнтнага журы ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, абласных бібліятэк, цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк горада Мінска.

Конкурс праводзіцца штогод сярод публічных бібліятэк краіны ў два этапы (абласны і рэспубліканскі). Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 34 публічныя бібліятэкі: 15 цэнтральных і 19 бібліятэк-філіялаў, у тым ліку 2 дзіцячыя, 17 гарпасялковых і сельскіх.

Пераможцамі сталі 24 публічныя бібліятэкі ў чатырох намінацыях: “За падтрымку і развіццё чытання”, “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”, “За пошукавую і даследчую працу”, “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”. Пяць бібліятэк журы прадставіла да заахвочвання.

Бібліятэкі-пераможцы і 5 бібліятэк, прадстаўленых журы да заахвочвання, атрымаюць узнагароды адпаведна з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 97 ад 22 чэрвеня 2021 года “Аб выніках XXIX рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — дыпломы першай, другой, трэцяй ступені і грашовыя прэміі ў памерах 50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна. Бібліятэкі, прадстаўленыя да заахвочвання, атрымаюць грашовыя прэміі ў памеры 10 базавых велічынь.

Год ад года бібліятэкі дэманструюць усё больш высокі інфарматыўны і афарміцельскі ўзровень, культуру падачы матэрыялаў з мультымедыйнымі дадаткамі, каляровымі фотаздымкамі, яркімі буклетамі, малюнкамі, вершамі, рукапіснымі водгукамі чытачоў. Значная колькасць распрацовак выканана як у тэкставым, так і ў электронным выглядзе, што сведчыць аб больш упэўненым выкарыстанні новых тэхналогій, у тым ліку і ў сельскіх установах.

Сабака дапамагае і кніга ў квадраце

На разгляд журы ў намінацыю “За падтрымку і развіццё чытання” бібліятэкамі была даслана найбольшая колькасць работ — 10.

Першае месца сярод гарадскіх і раённых устаноў заняла Цэнтральная гарадская дзіцячая бібліятэка-філіял № 13 Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна за стварэнне адзінай чытацкай прасторы ў межах сацыяльнага праекта па каністэрапіі “Открой себя другу”. Гэта адзін з унікальных праектаў у Рэспубліцы Беларусь, які прыцягвае сабак да папулярызацыі чытання і кнігі. Ён накіраваны на стабілізацыю псіхічнага і эмацыянальнага стану пры дапамозе метадаў біблія- і каністэрапіі ва ўзаемадзеянні бібліятэкі, школы, сям’і і іншых інстытутаў. У рамках праекта арганізаваны незвычайны гурток развіваючага чытання “Сачытайка” для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту, малодшых школьнікаў і іх бацькоў. Чытанне ўслых сабаку з’яўляецца ключавым элементам заняткаў у гуртку. Практычнай значнасцю работы стала выданне кнігі з QR-кодамі па асноўных этапах рэалізацыі праекта і памяткамі па культуры зносін з сабакамі.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у гэтай намінацыі стала Азершчынская бібліятэка сямейнага чытання Рэчыцкай раённай сеткі бібліятэк за адраджэнне традыцый сямейнага чытання і цікавасці да кнігі, стварэнне спрыяльных умоў для змястоўнага правядзення вольнага часу ўсёй сям’ёй, рэалізацыю шэрагу праектаў. У віртуальнай прасторы ўстанова прадстаўлена праз уласны Web-блог “Букняша2”.

На другое месца вылучана Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Карла Маркса цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк горада Магілёва за паспяховую рэалізацыю праграмна-праектнай дзейнасці. EVENT-праект “КНІГА2” — адзін з найбольш яркіх праектаў бібліятэкі, накіраваных на прыцягненне ўвагі да чытання з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Кніга, прапанаваная не бібліятэкарам, а вядомым чалавекам у прамым эфіры Instagram-акаўнта, набывае двайное значэнне і становіцца “кнігай у квадраце”. Не менш цікавы інфармацыйна-выставачны праект “Кніжны подыум” раскрыў багаты кніжны фонд бібліятэкі з выкарыстаннем медыйных рэсурсаў і іншых нестандартных формаў прасоўвання кнігі.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк лепшай прызнана Краснаслабодская гарпасялковая экалагічная бібліятэка-філіял № 5 Салігорскай раённай цэнтральнай бібліятэкі за прывіццё любові да кнігі і падтрымку чытання, фарміраванне цікавасці да беларускай мовы, мастацкай кнігі, папулярызацыю беларускай культуры сярод дзяцей дашкольнага ўзросту праз рэалізацыю праекта “Чароўная скарбонка”. Праект прадугледжвае выкарыстанне інтэрактыўных форм работы, дыдактычнага матэрыялу, тэатралізаваных пастановак, што ўзнімае прэстыж бібліятэкі ў мясцовым грамадстве, стварае добры аўтарытэт сярод бацькоў і педагогаў, спрыяе падрыхтоўцы дзяцей для паспяховага навучання ў пачатковых класах.

Дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” прысуджаны Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы за стварэнне асабістага бібліятэчнага відэаканала, які з’яўляецца эфектыўным інструментам для прасоўвання бібліятэчных паслуг, дэманстрацыі дасягненняў бібліятэкі. Ён не толькі паляпшае імідж установы, але актыўна прыцягвае карыстальнікаў да кніг і чытання. YouTube-канал Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы — гэта стартавая пляцоўка для стварэння віртуальных праектаў. Так, у мінулым годзе ў інтэрнэт-асяроддзі бібліятэкарамі было рэалізавана 15 творчых праектаў, у рамках якіх падрыхтавана больш за 100 відэа- і інтэрактыўных заданняў. Для сістэматызацыі віртуальных праектаў створаны віртуальны гід па інтэрнэт-рэсурсах бібліятэкі.

Лепшай сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, стала Раснянская бібліятэка-філіял Дрыбінская бібліятэчнай сеткі за распрацоўку і ўкараненне інавацыйных форм работы ў галіне экалагічнага выхавання. Візітоўкай установы з’яўляецца экалагічны пакой “Зялёная краіна”. У рамках мэтавай праграмы “Кожны ў адказе за жыццё на планеце” былі распрацаваны і паспяхова рэалізаваны праекты “Багацце зямлі Дрыбінскай” (2018) і “Зялёная карта Дрыбінскага раёна” (2019 — 2020). Падчас рэалізацыі праектаў упершыню была здзейснена спроба акумуляцыі інфармацыі і выдання ўнікальнай кнігі пра адметныя прыродныя мясціны Дрыбінскай зямлі, якія ахоўваюцца дзяржавай; складзена інтэрактыўная карта помнікаў прыроды Дрыбіншчыны “Зялёная карта Дрыбінскага раёна” на інтэрнэт-сэрвісе Google Карты.

Пазбавіцца сацыяльнай ізаляванасці

У намінацыю “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” было прадстаўлена 8 работ.

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк журы прысудзіла гарадской дзіцячай бібліятэцы філіялу Смаргонскай раённай бібліятэкі за пераадоленне сацыяльнай ізаляванасці дзяцей з інваліднасцю шляхам стварэння ў бібліятэцы лялечнага тэатра “Праменьчык” у рэжыме анлайн. Лялечны тэатр утвораны ў межах рэалізацыі ініцыятывы “Арганізацыя асяроддзя для пераадолення сацыяльнай ізаляванасці дзяцей з інваліднасцю” ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Дзякуючы атрыманаму гранту на праект, у філіяле праведзены рамонт памяшкання для выступленняў лялечнага тэатра, закуплены новыя пальчаткавыя лялькі, набыта патрэбнае абсталяванне.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, лепшай прызнана Браніслаўская сельская бібліятэка Жыткавіцкай раённай сеткі бібліятэк за сацыяльнае партнёрства са школай у выхаваўчай рабоце з падрастаючым пакаленнем. Так, сумесна са школай, на базе якой функцыянуе бібліятэка, распрацаваны і рэалізаваны праект “Бібліятэка і школа — тэрыторыя чытання”. У рамках праекта праводзяцца квэст-гульні, літаратурна-гульнёвыя праграмы, віктарыны, конкурсы і гэтак далей. Цікавасць да вывучэння культуры і традыцый Беларусі, да беларускай народнай творчасці фарміруюць, створаныя на базе бібліятэкі гурткі.

Другую прэмію сярод гарадскіх і раённых бібліятэк атрымала Цэнтральная раённая бібліятэка Віцебскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за рэалізацыю грамадзянска-патрыятычнага праекта “Жывая памяць пакаленняў…” Дзякуючы карпатлівай працы бібліятэчных работнікаў былі знойдзены копіі дакументаў ваеннага часу: прадстаўленні да ўзнагарод, загады аб узнагароджванні, у сямейных архівах — франтавыя лісты, капсулы з асабістымі данымі, прадметы ваеннага часу (рамяні, гадзіннікі і іншыя рэчы). Вынікам праекта стала з’яўленне эфектнай кнігі-банера, якая спалучыла інфармацыйны і графічны блокі, згрупаваныя па раздзелах. Сёння распрацаваныя матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай рабоце з дзецьмі і падлеткамі, на шматлікіх раённых мерапрыемствах, прысвечаных гісторыі краю.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк адзначана бібліятэка аграгарадка Любішчына Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Больш за дзесяць гадоў пры ўстанове дзейнічае аматарскае аб’яднанне для дзяцей і падлеткаў “Рукзачок”, работа якога носіць пазнаваўчы, забаўляльны і творчы характар, садзейнічае выхаванню, адукацыі і развіццю творчых здольнасцяў, прасоўванню кнігі і чытання ў дзіцячым асяроддзі. Пры клубе працуе літаратурна-творчая пляцоўка “Майстэрня Цюбіка”, дзе дзеці асвойваюць розныя віды творчасці і рамёстваў — роспіс, лепка з пластыліну і цеста, стварэнне ўнікальных падарункавых паштовак, букетаў з цукерак, магнітаў, вітражоў. У рамках дадатковай падпраграмы клуба “Рюкзачок” дзейнічае Школа бяспекі, на занятках якой дзеці ў цікавай форме навучаюцца асновам бяспекі паўсядзённага жыцця і ў надзвычайных сітуацыях.

Трэцяе месца ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” заняў філіял гарадской бібліятэкі № 7 Мазырскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна за распрацоўку і рэалізацыю доўгатэрміновага праекта “Вялікая гульня”. Адметнай асаблівасцю праекта з’яўляецца тэрыторыя арганізацыі дасуга — інтэлектуальнае, творчае бібліятэчнае асяроддзе, якое развівае, свабоднае ад павучальнасці. Спецыяльна для дзяцей і падлеткаў створана асобная зона для чытання і зносін, малявання, настольных гульняў. У рамках праекта прадугледжваецца правядзенне масавых мерапрыемстваў з гульнёвымі формамі работы: квэсты, ваенна-патрыятычныя квізы, літаратурна-гульнёвыя гадзіны, бібліядаследаванні, забаўляльна-пазнаваўчыя праграмы і іншае.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк на трэцяе месца вылучана Мышкавіцкая сельская бібліятэка-філіял № 1 сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна за мэтанакіраваную працу па выхаванні патрыятызму ў дзяцей і падлеткаў. Бібліятэкары сабралі багаты гістарычны матэрыял пра вёску Мышкавічы, яе культуру і традыцыі, сістэматызавалі яго і прадставілі ў выглядзе інфармацыйнага рэсурсу “Бусліны край, мой вырай і прытулак”. Краязнаўчы альбом, зроблены ў тэхніцы скрапбукінг, утрымлівае тэкставую і графічную інфармацыю, якая прадстаўлена ў некалькіх раздзелах. Інфармацыйныя матэрыялы ў альбоме дапаўняюць тэматычныя відэаролікі, якія знаёмяць з мінулым і сучасным аграгарадка Мышкавічы, яго славутасцямі.

Перазагрузка

У намінацыю “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”, як і ў папярэднюю намінацыю, было даслана 8 работ.

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Цэнтральнай раённай бібліятэцы Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк за рэалізацыю маштабнага сеткавага інтэрнэт-праекта “Бібліятэка. Перазагрузка”, у межах якога бібліятэкары распавядалі анлайн аб новых кнігах, чыталі дзецям казкі, праводзілі займальныя майстар-класы, анлайн-агляды віртуальных выстаў, музейныя відэарэпартажы, гучныя чытанні і гэтак далей. Карыстальнікам патрэбна было толькі самастойна зайсці ў сацыяльныя сеткі (“Вконтакте”, “Oдноклассники”, Instagram), глядзець і слухаць. Да ўдзелу ў праекце былі прыцягнуты ўсе гарадскія бібліятэкі. З гэтай нагоды распрацаваны лагатып Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк і бібліякарта з указаннем месцаў знаходжання бібліятэк у горадзе. Бібліякарты былі размешчаны пры ўваходзе ў гарадскія бібліятэкі.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк ў гэтай намінацыі стала Ляснянская бібліятэка-музей цэнтралізаванай сеткі публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна за распрацоўку і рэалізацыю інавацыйных праектаў, накіраваных на павышэнне сацыяльнага статусу ўстановы, фарміраванне пазітыўнага іміджу рэгіёна, прыцягненне турыстаў і інвестыцый, росту цікавасці да гісторыі роднага краю. Адзін з самых адметных — ініцыятыва “Музей пад адкрытым небам” у рамках міжнароднага супрацоўніцтва “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. У выніку рэалізацыі праекта непасрэдна на месцы бітвы ў вёсцы Лясная створаны музей пад адкрытым небам, які стаў своеасаблівым працягам экспазіцыі, аформленай у бібліятэцы-музеі.

Дыпломам другой ступені ў гэтай намінацыі адзначана Навагрудская раённая бібліятэка за рэалізаваны праект “Рэтра-фота-атэлье”, на прасоўванне якога бібліятэка атрымала Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне навукі, адукацыі, аховы здароўя і культуры. На заказ былі пашыты касцюмы, набыты аксесуары, для інтэр’ера закуплена спецыяльная мэбля. Утульнасць пакою надалі прыгожыя шпалеры “пад даўніну” і дэкор акна, на сценах — фотаздымкі старога Навагрудка. Галоўная адметнасць рэтра-фотаатэлье — фотабокс з імгненным фота. У фотастудыі, стылізаванай пад даўніну, можна пераапрануцца, сфатаграфавацца і імгненна атрымаць фотаздымкі.

Другая прэмія сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк прысуджана бібліятэцы-філіялу аграгарадка Суботнікі Іўеўскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці за краязнаўчы электронны даведнік “Жамыслаўль”. Інфармацыйны рэсурс створаны для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы, павышэння турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, забеспячэння даступнасці інфармацыі для аддаленых карыстальнікаў, пашырэння чытацкай аўдыторыі бібліятэкі. Жамыслаўль — гэта помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XVIII — XIX стагоддзяў, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Работа над інфармацыйным рэсурсам працягваецца па сённяшні дзень. Доступ да рэсурсу забяспечаны на сайце Іўеўскай раённай бібліятэкі.

Трэцяе месца ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” журы прысудзіла Шклоўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Шклоўскага раёна за дасягнутыя поспехі экалагічнай асветы і экалагічнага інфармавання, вывучэння і захавання прыроднай спадчыны краю. Больш за дваццаць пяць гадоў пры ўстанове працуе аматарскі калектыў “Фларыяда”, удзельнікі якога захапляюцца пакаёвымі і садовымі кветкамі, пашыраюць веды і практычныя навыкі па іх вырошчванні і догляду.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці на трэцюю прэмію журы вылучыла Лоеўскую цэнтральную раённую бібліятэку за стварэнне і паспяховую дзейнасць “Лоеўскай батлейкі”. Яна з’явілася ў бібліятэцы дзякуючы праекту “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага трансгранічнага культурнага супрацоўніцтва”. Заняткі для дзяцей ў батлеечным тэатры развіваюць фантазію, памяць, мысленне, артыстычныя здольнасці, маторыку рук і пальцаў дзіцяці, рухальную актыўнасць. Рабяты, якія займаюцца батлеечным тэатрам, сталі лепш чытаць, размаўляць на беларускай мове, у некаторых палепшылася паспяховасць у школе. Гледачамі інтэрмедый выступаюць чытачы, дзеці, якія наведваюць школьныя лагеры, выхаванцы дзіцячых садкоў і іншыя.

Мова роднай зямлі

У намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” на разгляд журы было прадстаўлена 8 работ.

Першае месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк заняла Глыбоцкая цэнтральная раённая бібліятэка Глыбоцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за пошукавую і даследчую працу па вывучэнні гісторыі ўзнікнення і станаўлення перыядычнага друку на тэрыторыі Глыбоцкага краю і стварэнне даведачнага выдання “Перыядычны друк Глыбоччыны (1924 — 2020)”. Гэта першае асобнае выданне, якое асвятляе гісторыю ўзнікнення перыядычнага друку на Глыбоччыне, дае дакладную і поўную бібліяграфічную інфармацыю пра мясцовыя газеты і часопісы, удакладняе інфармацыю аб персаналіях, звязаных з выдавецкай дзейнасцю. У дапаможніку ахарактарызавана 24 выданні.

Лепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк стала Завалочыцкая сельская бібліятэка сеткі публічных бібліятэк Глускага раёна за пошукавую і даследчую працу па вывучэнні роднага краю і стварэнні інфармацыйнага рэсурсу “Завалочыцкі край”. У аснову пошукавай працы была пакладзена мэтавая праграма “Мой родны кут — мой клопат і мой лёс” (2018 — 2020), у рамках якой бібліятэкарамі сабрана вялікая колькасць матэрыялаў з гісторыі вёскі Завалочыцы, у тым ліку пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. На падставе сабранага матэрыялу створаны электронны краязнаўчы рэсурс “Завалочыцкі край”, які прадстаўляе ўнікальныя звесткі з гісторыі вёскі, цікавыя факты аб знакамітых земляках, гістарычныя матэрыялы аб ваенных падзеях на тэрыторыі краю, вершы, легенды, паданні.

На другое месца ў гэтай намінацыі вылучана Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за плённую пошукавую і даследчую працу па вывучэнні, сістэматызацыі і захаванні тапанімічных матэрыялаў аб раёне; стварэнне рэсурсу “Мова маёй зямлі: тапанімічны слоўнік Ляхавіччыны”. Выданне змяшчае навукова-папулярныя эцюды пра паходжанне назваў геаграфічных аб’ектаў Ляхавіцкага раёна. Пры назвах падаюцца геаграфічныя, гістарычныя, этнаграфічныя звесткі, народныя легенды і паданні, старажытныя і сучасныя іх варыянты, меркаванні наконт паходжання. Выданне “Мова маёй зямлі: тапанімічны слоўнік Ляхавіччыны” прадстаўлена на сайце дзяржаўнай установы культуры “Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк лепшай прызнана Квасоўская сельская бібліятэка — філіял Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра за распрацаваны электронны краязнаўчы рэсурс “Гартаючы старонкі гісторыі Квасоўкі”, які ўключае інфармацыйныя матэрыялы, фотаматэрыялы, фактаграфічныя і бібліяграфічныя звесткі аб вёсцы. Падчас распрацоўкі і стварэння рэсурсу праводзіліся гутаркі з жыхарамі, запісваліся іх успамны, вывучаліся архіўныя матэрыялы. Рэсурс прадстаўлены на сайце інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра і актыўна выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы і правядзенні разнастайных мерапрыемстваў як у бібліятэцы, так і ў іншых установах і арганізацыях.

Дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” прысуджаны Гродзенскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Гродна за інфармацыйны рэсурс “Аляксей Карпюк. Музей жыцця і творчасці”, які створаны з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка і грамадзяніна Гарадзеншчыны. Музей Аляксея Карпюка — гэта комплекс электронных дакументаў рознага фармату, персанальная база даных з фактаграфічным, поўнатэкставым і бібліяграфічным напаўненнем. Ён змяшчае шэсць тэматычных залаў, якія знаёмяць наведвальнікаў з падрабязнай біяграфіяй, успамінамі сяброў, знаёмых, родных, водгукамі і рэцэнзіямі на творчасць, прысвячэннямі паэтаў і мастакоў, фотаздымкамі, відэаролікамі, поўнай бібліяграфіяй выданняў пісьменніка, кніг і публікацый пра яго асобу і творчасць.

Лепшай сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, стала Ліноўская сельская бібліятэка Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы за мэтанакіраваную пошукавую дзейнасць па даследаванні матэрыялаў пра тэрыторыю Ліноўскага сельскага Савета ў час Вялікай Айчыннай вайны і стварэнне ўнікальнага выдання “Памяць павінна жыць вечна”. На працягу многіх гадоў бібліятэкары па крупіцах збіралі матэрыялы аб падзеях ваеннага ліхалецця, якія потым сістэматызавалі і ўвасобілі ў выданне. У ім распавядаецца аб часе акупацыі на тэрыторыі Ліноўскага сельскага Савета, вызваленні тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аднавяскоўцах, што загінулі і прапалі без звестак у гады Вялікай Айчыннай вайны; прыводзяцца ўспаміны ветэранаў і іх родных, спісы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” яшчэ раз сцвярджае выключнасць ды індывідуальнасць, высокае прафесійнае і творчае майстэрства бібліятэчных спецыялістаў нашай краіны. Яго ўдзельнікі выразна адлюстравалі, як рэалізуецца бібліятэчны патэнцыял у справе адраджэння нацыянальнай культуры, гісторыі, літаратуры, мовы, фальклорна-этнаграфічнай спадчыны; зноў здзівілі, захапілі і зацікавілі членаў журы; падзяліліся сваімі перспектыўнымі напрацоўкамі і набылі каштоўны прафесійны вопыт, які спатрэбіцца ў рабоце і пры падрыхтоўцы матэрыялаў да наступнага, юбілейнага XXX рэспубліканскага конкурсу.

Вольга КАКШЫНСКАЯ, галоўны бібліятэкар

навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі