Фэст для таты

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

На пачатку 1980-х нам, маладым веткаўскім газетчыкам, мастадонты ад журналістыкі прыводзілі вось які прыклад прафесіяналізму: “Прыехаў са сталіцы спецкар. Мэта: напісаць нарыс пра камбайнера. Дык як сеў той журналіст у кабіну да хлебароба, так да абеду і не вылазіў. Камбайн на жытнёвым палетку шчыруе, а ў кабіне два профі гутарку вядуць… У выніку матэрыял як звон атрымаўся. Вучыцеся!” Мы вучыліся. Вельмі хутка зразумелі, што прыклад — не надта красамоўны. Журналіст сеў у кабіну, каб хлебаробу замінаць, а той высокаму госцю адмовіць не змог, а таму палову рабочага дня працаваў са стратамі. Мы высвятлялі ў агранома: пэўная доля ўраджаю так на ржышчы і засталася. Cпакваля ў мяне сфармавалася сваё бачанне прафесіяналізму. Гузакоў пры гэтым набіў шмат, але пераканаўся: каб зазірнуць у душу чалавеку, неабавязкова хадзіць за ім тыдзень ці месяц. Дастаткова ў вочы паглядзець, на рукі, на вынік працы, паслухаць як будучы герой нарыса пра жонку распавядае, пра дзяцей, пра вясковыя праблемы. З усяго гэтага партрэт пакрысе і складаецца. І свой канкрэтны прыклад прафесіяналізму ў мяне назапасіўся.

/i/content/pi/cult/858/18220/Kultura-28-page-10.jpg

Вось ён. У Нараўлянскім раёне сустрэлі мы маладзенькую бібліятэкарку. Ну, зусім зялёную. Як толькі даведалася, хто мы, паціху пачала па сценцы спаўзаць ад страху. І рады не далі, каб да нармальнага жыцця вярнуць. Здалі на рукі старшыні сельсавета і далей паехалі. Шкадавалі, бо было пра што пагаварыць. У невялічкай сельскай бібліятэцы дзяўчына сабрала неверагодную калекцыю кніг, што вучылі, як вяскоўцам выжываць на забруджанай радыяцыяй зямлі. І гэта была не фармальная выстава. Кніжкамі пастаянна карысталіся! Больш такога ёмістага тэматычнага збору кніг я на Гомельшчыне і Магілёўшчыне не бачыў. Маладзенькая дзяўчынка з Нараўлянскага раёна, якая спалохалася журналістаў, не пабаялася паўстаць супраць радыяцыі, каб падтрымаць сваіх вяскоўцаў. Такіх бы паболей.

Ведаю, на Ашмяншчыне ў сферы культуры профі хапае. Да прыкладу, загадчык сельскага клуба аграгарадка Баруны Алена Альшук. Вось пра што яна распавяла: “29 чэрвеня ўсе дарогі ў Барунах вялі да касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, ля якога ўпершыню прайшоў фэст “Цудадзейная крыніца”. Сюды штогод з’язджаюцца і прыходзяць вандроўнікі і пілігрымы з усіх куткоў краіны, каб папрасіць у Маці Божай апекі і зачэрпнуць вады з гаючай крынічкі. Вось і сёлета тут ладзіўся кірмаш, гучалі музыка, песні. Пачаўся фэст тэатралізаваным пралогам “З вытокаў цудадзейнай крыніцы”. Пробашч касцёла ксёндз Павел даў старт мерапрыемству. Выступілі творчыя калектывы з Астраўца, Залесся і Гальшан. Потым была святая імша ў касцёле і працэсія ў гонар цудадзейнай крыніцы”.

Чарговая ашмянская навіна — ад тамтэйшых метадыстаў. Гаворка — пра Купалле па-Пятрульску. Штогод жыхары вёсачкі Пятрулі запрашаюць на свята гасцей з усёй Беларусі. Уся справа ў тым, што тут неверагодны водар купальскіх траў ды кветак. 26 чэрвеня на падворку Сяргея і Юліі Болзанаў было завозна і пахла смажанінай. Гасцей віталі Купала і Купалінка. А потым закружіыліся ўсе пад песні народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракоўка.

А вось праект Жыровіцкага Цэнтра культуры Слонімскага раёна. Праект маладзёжны, анлайнавы, называецца “Таленты сяла”. Інакш кажучы, у маладзёнаў з аддаленых паселішчаў з’явіўся шанц стаць знакамітымі. 15-гадовая Валерыя Хаўтур з аграгарадка Васілевічы гэты шанц выкарыстала напоўніцу: па выніках анлайн галасавання заняла ў конкурсе першае месца. А ўсяго ў праекце была задзейнічана моладзь з 14 аграгарадкоў Слонімшчыны.

І апошняя на сёння навіна са Слонімскага раёна. У мясцовым аграгарадку Сялявічы прыдумалі свята экалагічнай творчасці. Прыдумалі і ўпершыню правялі. Былі падведзены вынікі раённага праекта “Экалогія вачыма дзяцей і моладзі”. Праект стартаваў узімку, мэтай яго стала павышэнне экалагічнай культуры сельскіх дзяцей, арганізацыя іх актыўнага вольнага часу. Так з дапамогай работнікаў культуры ўзнікла своеасаблівае творчае экалагічнае аб’яднанне. Тут было рэалізавана шмат добрых ідэй. У выніку пачала дзейнічаць выстава “Класныя штучкі са смеццевай купкі” прайшоў конкурс лепшага вясковага добраўпарадкавання і азелянення, а таксама конкурс на самы арыгінальны эка-касцюм. Завяршылася свята футбольным матчам паміж камандамі суседніх аграгарадкоў.

“Чароўныя гукі майстэрства” — так называецца выстава народных музычных інструментаў Віцебшчыны, — напісала начальнік аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна. — Выстава працуе ў нашай установе. Тут прадстаўлена больш за сотню экспанатаў XIX і XX стагоддзяў: струнныя, духавыя, ударныя і мембранныя, нават — якія самі гучаць. Гэта цымбалы, трашчоткі, лыжкі, гуслі, скрыпкі, жалейкі, калёсныя ліры, этнаграфічныя артэфакты і мастацкія выявы музычных інструментаў, у тым ліку зробленых рукамі майстроў вобласці”. Да слова, у другой выставачнай зале працуе персанальная выстава “Час лялек” народнага майстра Беларусі з Лепеля Наталлі Петуховай. Акцыя доўжыцца ў межах арт-праекта “Партрэт майстра”. Наталля Аркадзьеўна валодае рознымі тэхнікамі ткацтва, даўно і плённа працуе са сваімі гурткоўцамі ў Лепельскім Доме рамёстваў. У калекцыі — больш за тры дзясяткі лялек, апранутых у народныя строі Беларусі з выкарыстаннем ручной вышыўкі і ткацтва. Ёсць рэчы аўтарскія, а ёсць і аўтэнтычныя.

Сябры літаратурнага клуба, які ўзначальвае пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут, сабраліся ў Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы, што ў Мастоўскім раёне. Арганізаваў сустрэчу для аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост” сябра Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Іваноўскі. А напісала пра мерапрыемства бібліятэкар Гудзевіцкай установы Валянціна Пронька.

“У рамках абласнога праекта “Гродзенскі ЛітФэст” і падчас музычнага фестывалю Ваўкавыская раённая бібліятэка запрасіла ахвотных на інтэрактыўную пляцоўку “Літаратурны дворык — VolkBookMusic”, — распавяла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Вольга Шалястовіч. — А яшчэ дзейнічалі “хуткая бібліятэчная дапамога”, майстар-клас па лозапляценні, літаратурнае караоке. Можна было пагуляць у квэст “Вакол ды каля бібліятэкі”.

Цяпер — нізка навін з Лідчыны. “Маладзёжная хваля” — гэта фэст маладзёвай субкультуры. Па традыцыі на яго ходзяць сем’ямі. Таму і ўзнік паралельны “Тата-фэст”, каб татам і мамам, бабулям і дзядулям не было сумна. Балазе, сумна не бывае нікому. Асабліва актыўна мінае дзень для татаў, якія адстойваюць у конкурсах гонар сваёй сям’і. Пераможцы атрымліваюць цішоткі з лагатыпам сямейнага фэсту.

Народны тэатр “Батлейка” Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры стаў пераможцам шостага адкрытага рэгіянальнага фестывалю батлеечных тэатраў “Чароўны свет Батлейкі”.

“27 чэрвеня пасярод Белавежы, у аграгарадку Ціхаволя прайшоў фэст “Сустрэча землякоў”, — напісала намеснік дырэктара Свіслацкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Дзянісава. — Прысутных частавалі пірагамі, юшкай, блінамі ды гарбатай. А потым былі танцы”.

Не горшыя бліночкі і ў Ханявіцкім сельскім клубе, таго ж Свіслацкага раёна. Загадчык памянёнага клуба Алена Пісар паведаміла пра свята квашаных(!) бліноў “Ханявіцкія бліночкі”. Летась з-за пандэміі свята адмянілі. Народ паспеў засумаваць па духмяных блінцах. І вось напяклі іх сёлета аж больш за 20 гаспадынь з бліжэйшых вёсак і гарадоў. Апрача бліноў былі торты, пончыкі, наліснікі, піцы… Карацей, бывай, талія! А яшчэ прайшоў конкурс на лепшы кухонны фартушок. Вось такое, блін, смачнае свята!

Напісала метадыст Карэліцкай райбібліятэкі Наталля Казарэз: “Тыдзень моладзі пачаўся ў нас Днём спорту. Бібліятэкары пачалі дзень з зарадкі, потым на роварах скіраваліся да помнікаў воінам-вызваліцелям, дзе ўсклалі кветкі. Актыўна дзейнічала аўтабібліятэка. Лялечны тэатр “Васілёк” райбібліятэкі завітаў са спектаклем у аграгарадок Палужжа…”

На развітанне — дзве навіны з Полацкага раёна. Аўтар абедзвюх — рэдактар Полацкага раённага Цэнтра культуры Кацярына Паўловіч. Свята азёрнай хвалі адбылося на возеры Белае ля вёскі Азіна. Возера славіцца цудоўным пляжам, што добраўпарадкаваны сям’ёй прадпрымальнікаў Ткачэнкаў. Таму і свята ля вады ладзіцца не першы год. Натуральна, не абыходзіцца без конкурснай юшкі і чэмпіянату па лоўлі ракаў рукамі. Самае то, што ў такую спёку!

Яшчэ адно свята Полаччыны — “Заазёрская беразуха”. Ладзіцца ў шосты раз. Свой бярозавы край ушаноўваюць агульнымі намаганнямі загадчык Заазёрскага СДК Жанна Міхно, культарганізатар установы Марына Белавус, педагог ДШМ Алена Сцержанава, бібліятэкар Людміла Пашкевіч. Вельмі эфектыўная, як паказвае час, творчая кааперацыя.

Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"