Адным словам — магія

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

У цэнтры сталіцы адкрылася новая галерэя сучаснага мастацтва “Арт Фабрыка”. Адным з яе першых мерапрыемстваў стала выстава Opus Magnum. Initium, дзе жывапіс Уладзіміра Кандрусевіча-малодшага спалучаўся з вершамі і прэзентацыяй балета паводле яго карцін. Праект атрымаўся міжнародным: аўтарам ідэі выступіла грузінская рэжысёр Тэкла Гелбахіяні, якая запрасіла да супрацоўніцтва грузінскага кампазітара і беларускага харэографа.

/i/content/pi/cult/858/18219/Kultura-28-page-9-S.jpgУ назве праекта не толькі спляліся нейкія канцэпцыйныя моманты, але і зададзена ўстаноўка на будучыню. Латынь — спасылка на мінуўшчыну і вечныя-спрадвечныя каштоўнасці, пачынаючы з біблейскіх гісторый і запаветаў. Opus — як повязь з музыкай, дзе гэтае азначэнне чарговага твора не проста скарыстоўваецца і дагэтуль, але з’яўляецца асноўным. Magnum перакладаецца як “выдатна” і спраўджваецца на ўсе сто. Initium — пачатак, бо цалкам балет можна будзе ўбачыць увосень. Не менш сімвалічна і месца галерэі — будынак былой фабрыкі-кухні. Только замест харчовых страў, пастаўленых “на паток”, тут гатуюць-рыхтуюць выкшталцоныя мастацкія рэчы.

Пачалося з таго, што Тэкла, пазнаёміўшыся з працамі беларускага мастака, вырашыла зрабіць іх больш “бачнымі” для шырокай грамадскасці. Сувязь з харэаграфіяй напрошвалася сама сабой: ледзь не ў кожнай карціне занатаваны пластыка і рух чалавечага цела. А праз іх — глыбокія філасофскія думкі. Ёсць і ўласна балерыны на пуантах, але гэта хутчэй прыватны

выпадак з агульнай “калекцыі”. Дый унутраная музычнасць карцін — зусім не толькі ў каларытных медных духавых у руках анёлаў (“Рэквіем”).

Сын знакамітага кампазітара, “караля мюзіклаў” Уладзіміра Кандрусевіча, мастак свядома прасочвае сваю сувязь з бацькоўскімі генамі: экспазіцыя пачынаецца з “аўтапартрэта” рукі з пэндзлем, а завяршаецца выявай бацькоўскіх рук за фартэпіяннай клавіятурай у час імправізацыі. Дый на некаторых іншых палотнах асабіста я ўбачыла шматлікія перазовы з бацькоўскімі спектаклямі — з тым жа балетам “Мефіста” ў нашым Музычным тэатры. Прычым не са сцэнаграфіяй ці мізансцэнамі — з самой музыкай і агульнай тэатральнай атмасферай.

У кожнай карціне — парадаксальнасць і філасофскія глыбіні, сінтэз жанраў, відаў мастацтва, сучаснасці і мінуўшчыны. Гэта і нацюрморты з маленькімі чалавечкамі, якіх ну ніяк немагчыма назваць ліліпутамі. Бо перад намі — мадэль сусвету, дзе “Гармонія” перададзена праз адзінаборствы ў кухоннай ракавіне, што быццам чорная касмічная дзірка зацягвае ў вір хуткаплыннага часу. Гэта і “Зваротная перспектыва” з кентаўрам, русалкай, язычніцка-біблейскай козачкай, чарапахай (з тых, што трымаюць на сябе зямлю) — і камп’ютарам, а таксама шматпавярховікам, з якога ляцяць долу людзі. “Малітва” — тыя ж “фіксікі”, як назваў маляваных чалавечкаў хтосьці з наведвальнікаў, каля вялізнай ступні з выразнай пятай. Ці на іншых карцінах — побач з механізмамі, на фоне якіх яшчэ больш кранальна адчуваецца крохкасць чалавечага жыцця ў перамолванні гістарычнымі жорнамі. “Вырай” — з чорнакрылымі анёламі. “Паветраная трывога” — чарговая спасылка да роспісу храмаў (а Уладзіміра Кандрусевіча часцяком запрашаюць да такой працы), мастакоў Адраджэння і адначасова да сучаснай урбаністыкі з пазнавальным відарысам.

Міфалагічная аснова мастацкага мыслення творцы як нельга лепей спалучаецца са знойдзенай ім тэхналогіяй — алеем па іржавым метале, прычым у аб’ёмным прасторавым вымярэнні і са спасылкамі да царкоўных іканастасаў, распісаных па дрэве.

Ідэя руху вядзе не толькі да паслядоўнага лінейна-лінеарнага разгортвання гісторыі, але і наўпрост да кінакадраў, прычым не толькі “спыненых”. Кампазіцыя “Кулёк”, дзе гімнаст перакульваецца праз галову, складаецца з 42-х выяў-кадраў. І гэта лічба вядзе не толькі да праславутых 24-х кадраў у секунду, толькі ў ракаходзе, але і да тэорыі сямігадовых цыклаў, пра якія распавядаў яшчэ Гіпакрат. А побач — кінаверсія таго ж куляння. Чым не своеасаблівы “дыпціх”?

/i/content/pi/cult/858/18219/Kultura-28-page-9-S2.jpgСугучнасць мыслення мастака і маладога, але ўжо знанага харэографа Сяргея Мікеля выявілася ў паказаных фрагментах з будучага балета. Артысты нашага Музычнага тэатра Алена Германовіч, Канстанцін Белахвосцік, Дар’я Сытнік і Яўген Ермаловіч траплялі на сцэну, у адпаведнасці з парадаксальнасцю агульнай задумы, у прамым сэнсе слова праз акно. Гледачы сабраліся і перад невялічкім подыумам, і на вуліцы, літаральна абкружыўшы балетныя пары ў абодвух прасторавых вымярэннях. Музыка грузінскага кампазітара Давіда (Дато) Еўгенідзе, найбольш вядомага праз кінапрацы, амаль распусцілася ў харэаграфіі, стаўшы нябачнай часткай відовішча. Целы артыстаў гарманізавалі дзею, а тэатральнае падсвятленне надавала жывапісу новае “варыяцыйнае” гучанне.

Нават у такім далёкім ад завяршэння выглядзе стала відавочна, што такі ва ўсіх сэнсах “пластычны” сінтэз на мяжы ўбачанага “на свае вочы” і адчутага “трэцім вокам” — найбольш адметная рыса творчага стылю С.Мікеля. Яна выявілася ў яго студэнцкай аўтарскай вечарыне харэаграфічных мініяцюр, потым амаль страцілася ў “вялікіх” балетах, што мадулявалі да харэадрамы, і зноў расцвіла ў цяперашняй пластычнай падсвядомасці, стаўшы яшчэ і запрашэннем на хуткую прэм’еру спектакля “Пад . Свядомасць” у Музычным тэатры.

Інтэрактыў, шчодра замешаны на сінтэзе мастацтваў, быў працягнуты злёгку тэатралізаванай экскурсіяй па выставе, праведзенай самім мастаком, вершамі Паўла Міхалькевіча — як змешчанымі побач з карцінамі, так і прачытанымі самім паэтам. Дарэчы, непасрэдная сустрэча з творцамі, што давала магчымасць пачуць пра задуму “з першых вуснаў”, абмяняцца думкамі, выказаць свае ўражанні непасрэдна самому аўтару, аказалася не адзінай: праз тыдзень адбыўся “другі тайм” — праўда, ужо без балета. Але ж самі карціны Уладзіміра Кандрусевіча настолькі пластычныя ды рухавыя, што “ажываюць” і без дадатковых прылад — дастаткова толькі ўгледзецца ў іх. І убачыць не целы як знешнюю абалонку, а аголеныя душы, што сыходзяць з выяў і лётаюць у паветры, трапляюць у нашу свядомасць і падсвядомасць, абуджаючы ў іх генетычную памяць усяго чалавецтва. Упэўнена: такім жа магічным стане пластычны Opus Magnum у час восеньскай прэм’еры і далейшых рэпертуарных паказаў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"