Радзіма — галоўная крыніца натхнення

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Культура дапамагае фарміраваць давер адно да аднаго, а таксама ўсталёўвае і эканамічныя кантакты.
На пытанні "К" аб жыцці і актыўнасці нашых землякоў у Латвіі адказвае кіраўнік рыжскага беларускага таварыства “Прамень” і старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава.

/i/content/pi/cult/858/18213/Kultura-28-page-11S.jpg— Некалькі слоў пра вашу супольнасць, яе гісторыю, колькасць удзельнікаў, самыя цікавыя праекты, рэалізаваныя вамі.

— У Латвіі пражывае каля шасцідзесяці пяці тысяч беларусаў, пераважная большасць з іх — у Рызе, Рыжскім раёне і ў Латгаліі — рэгіёне на памежжы з Беларуссю. Саюз беларусаў Латвіі быў створаны ў 2003 годзе і сёння ў яго ўваходзяць пятнаццаць таварыстваў, якія працуюць у розных гарадах Латвіі. Заснавальнікамі былі беларускія таварыствы Рыгі, Даўгаўпілса, Вентспілса і Ліепаі.

Дзякуючы дзейнасці Саюза і актывістам Рыжскага беларускага таварыства “Прамень”, былі створаныя таварыствы ў Краславе, Лудзе, Елгаве, Рэзэкне, Екабпілсе. Далучыліся да нашага аб’яднання і два таварыствы славянскай культуры Прэйльскага краю “Вясёлка” і “Узоры”. Былі створаныя беларускія таварыствы ў Вілянах, Дагдзе, Зілупэ і ў Елгаўскім краі. У 1994 годзе заснаваная Беларуская асноўная школа ў Рызе, якая з 2010 года носіць імя Янкі Купалы. У Даўгаўпілсе праводзіць заняткі з дзецьмі беларуская нядзельная школа “Вясёлка”, у Рэзэкне і Екабпілсе працуюць беларускія класы. У Ліепаі ўжо пяць гадоў праводзіцца з моладдзю сумесны праект “Латвія — Беларусь: насустрач адно аднаму”.

Ужо дваццаць сем гадоў выдаецца газета беларусаў Латвіі “Прамень”, першы нумар якой выйшаў 12 снежня 1994 года. З 2015 года Даўгаўпiлскае культурна-асветнiцкае таварыства “Уздым” выдае аднайменную газету. Саюзам выдана шмат кніг, напрыклад, “Латвія — Беларусь: дыялог дзвюх культур”, зборнік вершаў беларусаў, якія жывуць у Латвіі. Вялікай падзеяй стала выданне беларуска-латышскага і латышска-беларускага слоўніка, падрыхтаванага на аснове чарнавых матэрыялаў беларусісткі, доктара філалогіі Акадэміі навук Латвіі Мірдзы Абалы, выданне слоўніка прысвечана яе памяці. Хочацца таксама прыгадаць, што ў 2016 годзе Юлія Гарбанава абараніла доктарскую працу на тэму “Беларускія і латышскія кантакты ў першай палове ХХ стагоддзя і ў сучаснасці”.

Адзін раз у месяц на Латвійскім Радыё-4 выходзіць перадача пра жыццё і дзейнасць беларусаў у Латвіі. Штогод выдаюцца зборнікі даследчых работ конкурсу “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”. У 2015 годзе была выдадзеная брашура з матэрыяламі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Роля нацыянальных меншасцяў у развіцці мультыкультурнай прасторы”, якую рыхтаваў Саюз беларусаў Латвіі. Рэкамендацыі канферэнцыі былі разгледжаныя на пасяджэнні камісіі Сейма Латвіі пры абмеркаванні праграм далейшай інтэграцыйнай палітыкі. Зараз рыхтуецца да выдання кніга пра Саюз беларусаў Латвіі “З Айчынай у сэрцы”. Будзем шчыра ўдзячныя Беларусі за магчымую падтрымку ў прафесійнай падрыхтоўцы кнігі і яе выданні.

Многія прадстаўнікі беларускай дыяспары Латвіі ўзнагароджаныя медалём Францыска Скарыны — Валянціна Піскунова, Мікалай Буры, Станіслаў Валодзька, Ганна Іване. Таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары ў 2019 годзе былі ўзнагароджаны памятным медалём да 100-годдзя дыпламатычнай службы Беларусі.

— У 2011 годзе вы, як грамадскі дзеяч беларускай дыяспары, былі абраны ў Парламент Латвійскай Рэспублікі — XI Сейм Латвіі. Што вы можаце сказаць наконт сваёй працы там?

— Так, я ўзначаліла дэпутацкую групу па супрацоўніцтве парламентаў Латвіі і Беларусі. У той год таксама адбыўся круглы стол за адмену санкцый ЕС супраць Рэспублікі Беларусь — “Беларусь — неад’емная частка Еўропы. Кансалідацыя беларусаў замежжа”. Круглы стол прайшоў з удзелам беларусаў Латвіі, Літвы, Эстоніі, Украіны і Расіі. Былі адпраўленыя звароты да кіраўнікоў дзяржаў ЕС, членаў Савета Еўропы і дэпутатаў Еўрапарламента з заклікам весці канструктыўны дыялог з Беларуссю. З 2014 года я з’яўляюся членам Кансультатыўнага камітэта прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў пры Міністэрстве культуры Латвіі. Сёлета для мяне было вялікім гонарам стаць удзельніцай VI Усебеларускага народнага сходу.

Традыцыйнымі мерапрыемствамі беларусаў Латвіі з’яўляюцца правядзенне Дзён беларускай культуры, удзел у конкурсе даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”. Таварыствы цікава і яскрава адзначаюць народныя беларускія святы: Каляды, Масленіцу, Гуканне вясны, Купалле, Свята бульбы... Нас ведаюць, любяць і паважаюць у Латвіі. Мерапрыемствы наведваюць як беларусы, так і латышы, прадстаўнікі іншых нацменшасцяў.

У 2016 годзе таварыствы пачалі праект “Ручнік — традыцыйны элемент беларускай культуры”, які працягваўся два гады. Вышывалі сяміметровы льняны ручнік усе таварыствы Саюза беларусаў Латвіі. Завяршыўся праект у 2018 годзе, і 23 лістапада ў Прэзідэнцкім палацы, падчас правядзення форуму нацменшасцяў “Ад інтэграцыі да аб’яднанага грамадства”, прайшла ўрачыстая яго перадача Прэзідэнту Латвіі Раймандсу Вейанісу, як сімвалічнае пажаданне міру і дабрабыту для ўсяго латвійскага народа, у гонар 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі і 15-годдзя Саюза беларусаў Латвіі. У 2021 годзе падчас Усебеларускага народнага сходу сяміметровы льняны ручнік ад беларусаў Латвіі быў перададзены Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, і будзе захоўвацца ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску.

У 2019 годзе найстарэйшы беларускі калектыў — ансамбль беларускай песні “Надзея” Рыжскага беларускага таварыства “Прамень” і актывісты Саюза беларусаў Латвіі прынялі ўдзел у здымках фільма “Спадчына” кінастудыі “Беларусьфільм”. Вельмі ўдзячныя аўтару ідэі і сцэнарыя Наталлі Голубевай, рэжысёру Людміле Клінцовай і ўсёй здымачнай групе за супрацоўніцтва.

— Якую падтрымку ваша суполка на сёння атрымлівае з Беларусі? І якая яшчэ дапамога падаецца вам найбольш істотнай?

— Вельмі ўдзячныя за падтрымку калектыву Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Рэспублікі Беларусь і асабіста Вользе Антоненка, апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь і асабіста Леаніду Гуляка ды Аляксандру Румаку. Яркай і незабыўнай падзеяй з’яўляецца ўдзел нашых калектываў у фестывалях мастацтваў беларусаў свету 2011, 2014 і 2017 гадоў, а таксама штогадовы ўдзел рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі “Прамень” у праграме сустрэч з суайчыннікамі ў рамках выставы “СМІ ў Беларусі”.

Заўсёды запамінаюцца і пакідаюць яскравыя ўражанні сустрэчы на радыё, у рэдакцыях газет, з журналістамі, выдатныя экскурсійныя праграмы з наведваннем культурна-гістарычных мясцін і прадпрыемстваў Беларусі. Штогод кіраўнікі нашых творчых калектываў Латвіі прымаюць удзел у навучальных семінарах. Вядома, запамінаюцца выдатныя падарункі: беларускія нацыянальныя касцюмы, кнігі, метадычныя матэрыялы, беларускія сувеніры.

Вялікае значэнне для нас мае прыезд у Латвію творчых калектываў з Беларусі для ўдзелу ў Днях беларускай культуры, фестывалях і іншых святочных мерапрыемствах, якія арганізуюць нашы таварыствы. Зазвычай прыём такіх дэлегацый адбываецца ў рамках праектаў, якія падтрымліваюць мясцовыя латвійскія органы самакіравання. Пры магчымасці важна падтрымліваць іх прыезд і з беларускага боку.

Калі казаць пра нашы пажаданні, то, вядома, важна працягваць усе праграмы супрацоўніцтва, яны сапраўды вельмі важныя для нас. Будзем удзячныя за забеспячэнне таварыстваў беларускай дзяржаўнай сімволікай — дзяржаўнымі сцягамі, сцяжкамі і значкамі, значкамі да Дня Перамогі, а таксама сувенірамі народнай творчасці. Для творчых калектываў актуальны абутак і галаўныя ўборы. І, вядома, неабходная дапамога ў арганізацыі паездак нашых латвійскіх беларускіх калектываў на фестывалі ў Рэспубліку Беларусь, бо для нас паездкі на Радзіму заўсёды значныя і з’яўляюцца крыніцай творчага і душэўнага натхнення. Трэба спрыяць паездкам моладзі ў Беларусь.

— Ці часта да вас трапляюць цікавыя госці з Беларусі (дзеячы культуры, навукоўцы і гэтак далей)?

— Вядома, нас звязвае шматгадовае супрацоўніцтва з многімі творчымі калектывамі з Беларусі, якія з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі нашых мерапрыемстваў. Некалькі разоў у Латвію прыязджалі Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, Беларускі народны фальклорны ансамбль “Вербіца” палаца культуры завода МАЗ. Часты госць у Латвіі — намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, заўжды з цікавымі дыскусіямі, ідэямі, праектамі. У 2016 годзе ў круглым стале “Роля і магчымасці таварыстваў нацыянальных меншасцяў у захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Латвіі” ўдзельнічала міжурадавы эксперт Рэспублікі Беларусь па захаванні матэрыяльна-культурнай спадчыны Ала Сташкевіч. Шматгадовае сяброўства нас звязвае з Наталляй Голубевай, вядомай беларускай пісьменніцай і сцэнарысткай. Сяброўскія дачыненні захоўваюцца з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка, з іншымі арганізацыямі і ўстановамі Беларусі.

/i/content/pi/cult/858/18213/Kultura-28-page-11-S2.jpg

— Адно з самых важных пытанняў — забеспячэнне пераемнасці пакаленняў. Ці ёсць з гэтым праблемы ў вашай супольнасці — і калі так, то як вы іх вырашаеце? Можа, падзеліцеся нейкімі канкрэтнымі творчымі “ноў-хаў”, якія дазваляюць прыцягнуць увагу моладзі да сваіх каранёў.

— У перыяд глабалізацыі для моладзі на першым плане стаяць пытанні прафесійных ведаў і навыкаў. Пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці, захавання беларускай спадчыны сваёй сям’і ў гэтым узросце з’яўляюцца другаснымі. Бачачы прыклад бацькоў, як правіла, дзеці вяртаюцца да гэтай тэмы, калі пачынаюць займацца выхаваннем ужо сваіх уласных дзяцей. Так было і ў маім жыцці. Актыўна наведваць мерапрыемствы я пачала, калі сталі падрастаць дзеткі. Праз удзел у культурных мерапрыемствах у іх абуджаецца цікаўнасць да творчасці, да гісторыі і традыцый Беларусі. Часта моладзь хоча паглядзець Беларусь.

Мой сын і дочкі некалькі разоў адпачывалі ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня”, пасля паездак заўсёды вярталіся вельмі задаволеныя. Ім цікавыя актыўныя, добра падрыхтаваныя дынамічныя мерапрыемствы. Моладзь прыцягваюць імпрэзы, звязаныя з беларускай кухняй, спартыўныя мерапрыемствы. У рыжскім беларускім таварыстве “Прамень” пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў мы стараемся прыцягваць маладое пакаленне. Але, як правіла, гэта бліжэйшыя сваякі, дзеці і ўнукі. Мае дзеці заўсёды дапамагаюць мне рыхтаваць імпрэзы. Сын вёў шматлікія беларускія святы, выкарыстоўваючы веды латышскай мовы, дочкі выступалі на мерапрыемствах і канцэртах, рыхтавалі прэзентацыі.

— Нацыянальныя суполкі здатныя не толькі захоўваць гістарычную памяць, але і папулярызаваць беларускую культуру ў іншых краях. Ці ёсць зацікаўленасць беларускім мастацтвам там, дзе вы жывяце? Якія захады, на вашую думку, найбольш эфектыўныя?

— Самыя эфектыўныя метады — гэта жывыя зносіны і наведванне Рэспублікі Беларусь. Часта самыя крытычныя словы гучаць з вуснаў тых людзей, якія ніколі не былі ў Беларусі. Вялікае значэнне мае супрацоўніцтва самакіраванняў і навучальных устаноў дзвюх краін. Напрыклад, выкладчыкі латвійскіх школ не раз ездзілі ў Беларусь на курсы павышэння кваліфікацыі, бо тут мала методык для выкладання ў школах на рускай мове, лагапедычных методык для рускай мовы.

— Сёння час шмат у чым дастаткова ўнікальны. Тэхналогіі, інтэрнэт, новыя формы працы дазваляюць беларусам замежжа жыць у самых розных кутках зямнога шару, але пры гэтым адчуваць сваю непасрэдную датычнасць да культурных традыцый сваёй краіны. Ці ёсць якія-небудзь прапановы па сумесным узаемадзеянні ў культурнай сферы, па прамоцыі культурных праектаў як на Радзіме, так і за яе межамі?

— Патрэбныя абмен паездкамі творчых калектываў, турыстычныя паездкі калектываў прадпрыемстваў, абмен дэлегацыямі журналістаў, школьнікаў, студэнтаў. Удзел у дзяржаўных культурных мерапрыемствах.

— Культура — тая сфера дзейнасці, якая, па сутнасці, з’яўляецца візітнай карткай любой краіны. Пры дапамозе культуры больш паспяхова ўсталёўваюцца, развіваюцца і эканамічныя сувязі. Беларусы, якія жывуць за мяжой, могуць спрыяць будаўніцтву краіны, мэтай якой стануць сур’ёзныя вышыні па многіх паказчыках у шэрагу сектараў эканомікі. Якія культурныя праекты, на ваш погляд, маглі б гэтаму садзейнічаць?

— Са свайго досведу мяркую, што заканамерны ланцужок: культура — палітыка — эканоміка. Культура — гэта сфера зносін, знаёмствы, наладжванне кантактаў, азнаямленне з матэрыяльнай і нематэрыяльнай старонкамі краіны. Гэта шлях знаёмства і фарміравання даверу адно да аднаго. У далейшым вялікае значэнне мае дзяржаўная палітыка адкрытасці і інфармавання аб магчымасцях краіны. Напрыклад, на мерапрыемстве Дзён беларускай культуры ў Рызе, прысвечаным малой радзіме, мы шмат распавядалі пра магчымасці беларускіх рэгіёнаў. Прадпрымальнікам заўсёды цікава пачуць на такіх мерапрыемствах цікавую для сябе інфармацыю.

У нашай акадэмічнай бібліятэцы ёсць інфармацыйны цэнтр, дзе сабраная літаратура пра Беларусь, кожны можа з ёй азнаёміцца. Але гэта ўжо не грамадская праца, а праца самой бібліятэкі. Я думаю, што супрацоўніцтва з Латвійскай акадэмічнай бібліятэкай мае вялікі патэнцыял, нягледзячы на вопыт стварэння асобнага Беларускага інфармацыйнага цэнтра як грамадскай арганізацыі. Для прадпрымальнікаў важна ведаць законы інвесціравання і вядзення бізнесу ў Беларусі. Патрэбныя бясплатны доступ да заканадаўчых інтэрнэт-рэсурсаў Рэспублікі Беларусь, супрацоўніцтва з Латвійскай гандлёва-прамысловай палатай. Можна разгледзець магчымасць адкрыцця ў Рызе Дома Мінска па аналогіі з работай Дома Масквы. Гэта было б значным крокам у развіцці двухбаковых дачыненняў.