Прысутнічалі і тыя вязні гета, якія змаглі выжыць у жахлівых, нечалавечых абставінах. Выкладчык аднаго з маскоўскіх універсітэтаў прыляцеў у беларускую сталіцу спецыяльна для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця помніка: больш за 65 гадоў таму ён быў вязнем Мінскага гета. А на гэтых могілках хаваўся пад час жахлівых пагромаў. “Гета распасціралася ажно да агароджы фабрыкі, і ўся навакольная тэрыторыя, як кінуць вокам, — могілкі. Праз агароджу нейкім чынам траплялі на тэрыторыю марадзёры. Яны абяцалі выратаваць яўрэяў, прынесці хлеб, просячы, нібыта для аплаты варце, каштоўныя рэчы. Вядома, ніхто не вяртаўся, і цудаў не здаралася”, — кажа ацалелы вязень. І такіх аповедаў было дастаткова на жалобнай цырымоніі…
Падаецца, з адкрыццём помніка Мінск не толькі набыў яшчэ адно месца памяці і смутку. Незвычайнасць пластычнага рашэння твора архітэктара Леаніда Левіна і скульптара Максіма Петруля сапраўды здзіўляе. Левін так вызначае вобраз, увасоблены ў скульптуры: усе і ўсё разбурана, знічтожана. Стол — месца збору сям’і, але ён з глыбокай трэшчынай, стул таксама зламаны. Увасобленае ў гэтым помніку — спроба філасофскіх разваг пра сутнасць быцця.
— Мо ўпершыню ў нас, — падкрэсліў у гутарцы з нашым карэспандэнтам Леанід Левін, — закранаючы такую тэму ў манументальным мастацтве, змаглі адысці ад крыку людзей, што раздзірае душу, ад забойстваў, калючага дроту. Замест усяго таго — толькі філасофія, напамін пра мінулае: разбураныя жыцці і рэшткі сямейнай утульнасці — стол і стул.
Леанід Левін кажа, што Рэспубліканскі савет па манументальным мастацтве пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адзначыў нетрадыцыйны філасофскі падыход да вырашэння тэмы. “Няхай мінчане і госці горада памяркуюць, што гэта такое, чаму ўсё ўвасоблена менавіта так”, — лічыць архітэктар.
— Пры стварэнні помніка мы прытрымліваліся неардынарнага для сучаснай манументальнай, мемарыяльнай пластыкі, — сказаў карэспандэнту “К” Максім Пятруль. — У гэтай рабоце адбыўся адыход ад фігуратыўнага мастацтва наогул — тэму адзіноты і пакінутасці вырашылі праз мэблю. Вы бачыце вынік нашага ўзаемаразумення.
Сталасць і маладосць, на думку Леаніда Левіна, спалучыліся ў творчым працэсе вельмі паспяхова:
— Максім вучыцца ў мяне, я — у яго, і мы супрацоўнічаем не першы раз. Ён скульптар, я архітэктар — цудоўна, што ў нас ёсць паразуменне. І, мусіць, найважнейшае — гэта ўсведамленне таго, што нельга жыць мастацтвам, якое засталося за бортам сённяшняга дня. Нельга ствараць і рухацца ў будучыню, калі засноўвацца выключна на стандартах: салдат з вінтоўкай, крык, сцяг. Тыя, хто наведвае памятныя мясціны, таксама разважаюць і жадаюць выйсці да большых абагульненняў. Мы прыйшлі да таго, што традыцыя — гэта, безумоўна, добра, але і яна не можа стаяць на месцы.
Мемарыял — даніна памяці, таму аўтарства скульптурнае, архітэктурнае застаецца на другім плане, лічаць творцы.
Сёння ж непадалёк ад вуліцы Сухой з’явіліся дзве сцяжыны, што вядуць да нашай памяці пра трагедыю Мінскага гета.
Сяргей ТРАФІЛАЎ
На здымках: помнік ахвярам Мінскага гета;
удзельнікі цырымоніі.
Фота Пятра ОВАДА